У Дзень друку рэдакцыя газеты прэзентавала кнігу “Героі Вялікай Перамогі”
На цёплую, душэўную і ў той жа час святочную сустрэчу з супрацоўнікамі рэдакцыі раённай газеты сабраліся астраўчане. І для гэтага, трэба адзначыць, выдалася трайная нагода.
5 мая раённая газета “Астравецкая праўда” адзначае Дзень друку, а 9-га – уся краіна сустракае чарговы Дзень Перамогі.
Толькі за адзін год на старонках нашай “раёнкі” выходзіць шмат інфармацыі: пра важныя падзеі, якія адбываюцца ў раёне; лепшых працаўнікоў, юбілеі і святы, лёсы людзей, работу прадпрыемстваў і арганізацый. Але найбольш важнымі не толькі для нас, астраўчан, але і ўсёй краіны падаюцца матэрыялы пра герояў Вялікай Перамогі – нашых землякоў, дзякуючы якім над намі сёння мірнае неба.
Каб напісанае засталося, мы падрыхтавалі да публікацыі кнігу “Героі Вялікай Перамогі”, якая выйшла ў свет якраз да Дня друку. Гэта і была трэцяя, хоць, на мой погляд, яе можна лічыць асноўнай, нагода.

– Гэта заслуга ў першую чаргу нашых калег, якія калісьці працавалі ў рэдакцыі, і людзей, якія дасылалі нам свае артыкулы, бо ў кнігу ўвайшлі прозвішчы тых, пра каго газета пісала, – расказала галоўны рэдактар Алена Ярашэвіч. – Асноўваючыся на гэтай інфармацыі, стылістычны рэдактар Рыта Дрэма ўзялася за стварэнне каталога ўраджэнцаў і жыхароў нашага раёна, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах і ў рэгулярнай арміі. Яна перагартала ўсе падшыўкі газеты, перапрацавала сотні артыкулаў, сустрэлася з дзясяткамі родзічаў, сваякоў, калег ветэранаў. А калі рукапіс быў гатовы, за яго ўзялася адказны сакратар Надзея Сівец. Менавіта дзякуючы ёй выданне атрымалася такім якасным і прыгожым. А выдаць кнігу мы змаглі дзякуючы фінансавай падтрымцы Атамбудэкспарта, кіраўніцтва якога зацікавілася нашай ідэяй.


Гасцям мы рады
Сярод гасцей, якія прыйшлі разам з намі адзначыць важную для ўсяго калектыву падзею – выданне кнігі, былі тыя, хто інфармацыяй, сродкамі, падтрымкай дапамагаў у гэтай нялёгкай справе, родзічы ветэранаў і проста нераўнадушныя да гісторыі сваёй краіны людзі.
Генадзь Бычко, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь”:

– У гэты момант адчуваю гонар – за тое, што такая вялікая і важная праца завершана, хоць у кнізе змешчаны далёка не ўсё прозвішчы і працаваць яшчэ ёсць над чым. І ў той жа момант на душы нейкі смутак – ад таго, што такія выданні з’яўляюцца вельмі рэдка. Нагадаю, з апошніх была кніга “Памяць”, напісаная яшчэ ў 90-х гадах. Дзякую рэдакцыі пад кіраўніцтвам Алены Генрыхаўны, за тую работу, якую яна праводзіць па ўвекавечанні памяці ветэранаў.
Вольга Баяровіч, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь”:

– Кніга “Героі Вялікай Перамогі” – вынік вялізнага творчага і даследчага працэсу і працы ўсёй рэдакцыі. Сімвалічна, што прэзентацыя праходзіць у прафесійнае свята – Дзень друку. Бо вы, журналісты, інфармуеце грамадства, менавіта вы зрабілі вельмі шмат, каб кніга пра нашых ветэранаў убачыла свет.
Наталля Баніцэвіч, старшыня раённай арганізацыі БСЖ:

– Беларускі саюз жанчын далучаецца да кожнага добрага слова. Ужо пагартала старонкі кнігі – больш за 20 імён там жаночых. Дзякуй за такое выдатнае выданне.
Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:
– Неяк быў час, калі мы з Аленай Генрыхаўнай марылі: як добра было б, каб самыя цікавыя матэрыялы па нашай гісторыі, якія занатаваны ў газетных падшыўках, былі адлюстраваны ў адным зборніку. Праўду кажуць: думкі матэрыяльныя. Вялікі дзякуй за захаванне памяці, за тое, што вы робіце, каб сапраўдная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны дайшла да падрастаючага пакалення.
Вольга Максімава, першы сакратар райкама БРСМ:

– Сённяшні дзень – чарговы напамін, што ваша праца падобна да цуду. Гэта каласальная работа сапраўдных прафесіяналаў. І пацвярджэнне таму – “Героі Вялікай Перамогі” – кніга пра нашых землякоў, якія аддалі жыцці за мірнае неба. Новых вам праектаў і жадання працаваць дзеля нашай краіны.
Тамара Гаваноўская, начальнік арганізацыйна-распарадчага аддзела філіяла АТ “Атамбудэкспарт”:

– Вельмі значна, што напярэдадні вялікага свята – Дня Перамогі, з’явілася гэта выданне. Неяк галоўны рэдактар газеты абмовілася, што на стале ляжыць цікавы матэрыял, які б хацелася змясціць у адну кнігу. І я ганаруся, што наша кампанія зацікавілася гэтай тэмай і спансіравала выданне. Для нас гэта памяць, а таксама гонар быць удзельнікамі такога грандыёзнага праекта. Упэўнена, што кніга не будзе пыліцца на паліцах бібліятэк і ў сямейных архівах – ёй будуць актыўна карыстацца.
Дзмітрый Багуслаўскі, ваенны камісар раённага ваенкамата:

– Напярэдадні 85-й гадавіны з Дня Вялікай Перамогі мы ўсё часцей усведамляем, якой цаной яна нам дасталася. Ваша кніга – магутны інструмент патрыятычнага выхавання. Без памяці жыць немагчыма, а без мінулага не будзе будучага, таму наша з вамі асноўная задача – расказваць правільную гісторыю нашым дзецям і ўнукам, гаварыць ім пра тую любоў да Радзімы, якую мелі нашы дзяды і прадзеды.

Успомнілі і расказалі…
За сухімі, здавалася б, радкамі кнігі стаяць чалавечыя лёсы. Пра тых, хто мужна адстойваў нашу з вамі свабоду, расказалі дзеці, унукі і праўнукі герояў Вялікай Перамогі, якія ваявалі за нас, сённяшніх.
Сямнаццацігадовым юнаком адправіўся на фронт Віль Фёдаравіч Сінічкін. Якой была яго дарога да Перамогі, узгадала дачка ветэрана Валянціна Віннічак.


У шэрагі абаронцаў Радзімы сталі тры браты з сям’і Фяцісавых. Пра аднаго з іх – Віктара, яго заветы нашчадкам і выхаванне дзяцей і ўнукаў – расказала ўнучка Аксана Кардаш.

Пра былую партызанку Зою Ананьеўну Быстрову, якая вызваляла наш раён, паведаміла яе праўнучка Марыя Князева.
Сярод творчых работ, якія таксама трапілі на старонкі кнігі, было і сачыненне астраўчанкі Ефрасінні Савіцкай. Дзяўчына шчыра, кранальна і вельмі старанна прачытала яго – і тым самым не только паразважала пра праўнукаў Перамогі, але і ўспомніла свайго прадзеда, таксама ўдзельніка вайны...
Слёзы блішчэлі ў вачах ўсіх, хто знаходзіўся ў зале, галасы дрыжэлі ад хвалявання, у паветры павісла цішыня, і толькі раз-пораз гучала кранальнае “дзякуй за Перамогу” – мы, супрацоўнікі газеты, у гэтым убачылі пацвярджэнне: вялізны пласт работы быў падняты нездарма. Кніга патрэбна не мёртвым – яна неабходна жывым…
“Героі Вялікай Перамогі” – гэта нізкі паклон усім, хто прайшоў праз гарніла вайны і падарыў нам жыццё.