Да Дня друку: пра тое, як выжывалі раённыя журналісты ў “ліхія 90-я”, успамінае былы галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік
11:00 / 05.05.2026
1991 год быў у многім лёсавызначальным для краіны і для нашай газеты. У сакавіку на рэферэндуме пераважная большасць жыхароў СССР прагаласавала за захаванне Савецкага Саюза. А ў жніўні таго ж года адбыўся путч – і ў снежні ў Белавежскай пушчы лідары Расіі, Украіны, Беларусі падпісалі пагадненне, у выніку якога вялікая краіна перастала існаваць. Потым адбыўся так званы парад суверэнітэтаў, да якога далучылася і былая Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка: абвясціла сваю незалежнасць і стала самастойнай краінай – Рэспублікай Беларусь.
Без грошай…
Новая старонка пачыналася і ў гісторыі нашай газеты. З пасляваенных часоў – адна з самых цяжкіх і драматычных.Самымі актуальнымі былі два пытанні: як зарабіць і на чым сэканоміць. Цэны на газетную паперу, паслугі друкарні і пошты «распраналі» рэдакцыі ледзь не дагала. Грошы ад гадавой падпіскі, атрыманыя напрыканцы 1991 года, інфляцыя з’ела за некалькі месяцаў. У красавіку 1992-га многія СМІ пайшлі на непапулярны крок: аб’явілі перападпіску: прапанавалі чытачам яшчэ раз выпісаць газеты і часопісы, за якія яны ўжо заплацілі ў мінулым годзе. З той толькі розніцай, што цяпер цана была ў разы большай.
Мэта перападпіскі была двуадзінай: па-першае, атрымаць дадатковы даход, каб хоць неяк звесці канцы з канцамі, па-другое – «скінуць» тыраж, каб зменшыць страты, якія раслі, нібы снежная лавіна. Сёння, калі рэдакцыі змагаюцца за кожнага чытача, такое нават уявіць цяжка.
30 красавіка ў заметцы «Перападпішамся» намеснік рэдактара Таіса Сямёнава пісала, што большасць перыядычных выданняў, у тым ліку «Комсомольская правда», «Знамя юности», «За рулём», «Труд», «Физкультурник Белоруссии», аб’яўляюць перападпіску і цэны ўстанаўліваюцца нашмат большыя. Перападпіску з павышэннем цаны аб’явіла і наша газета. Гэта, вядома ж, прывяло да імклівага змяншэння тыражу: з 5 755 экзэмпляраў на пачатак 1991 года ён упаў да 2 620 у сярэдзіне 1994-га. Паміж хлебам і інфармацыяй людзі аддавалі перавагу матэрыяльнаму.
Зрэшты, рэдакцыі ў 1992-м было не да перападпіскі: 10 мая раптоўна памёр рэдактар газеты Аляксандр Пятровіч Сыч.
Без капітана…
Сказаць, што гэтая заўчасная, нечаканая, немагчымая смерць стала для калектыву шокам – нічога не сказаць. Застацца ў такі час, у складанай сітуацыі без кіраўніка – усё роўна, што караблю апынуцца ў адкрытым моры ў шторм без капітана. Каб было зразумела: у нас не было газетнай паперы нават на тое, каб надрукаваць нумар з некралогам рэдактару – не ведаю, хто са шматлікіх калег-сяброў нас у той час выручыў. А як жыць далей?Намеснікам рэдактара на той час з’яўлялася Таіса Сямёнава – яна і стала выконваць абавязкі кіраўніка. Я працавала загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, Яўген Кулакоў, узрост якога набліжаўся да пенсійнага, – адказным сакратаром, пенсіянеры Леанід Ламека і Леанід Гацкі – загадчыкамі аддзелаў пісьмаў і карэспандэнтам адпаведна, Уладзімір Кувалдзін – фотакарэспандэнтам. Не густа… Складана было нават запоўніць восем газетных старонак у тыдзень інфармацыяй.
Заснавальніку, раённаму выканаўчаму камітэту, было не да нас. Газета выходзіла – і добра. Пра што пішуць журналісты, хто кіруе працэсам, за якія сродкі існуе рэдакцыя – да гэтага не было справы. У кіраўнікоў раёна хапала іншых, больш вострых і глабальных праблем, якія штодня падкідвала жыццё: дзе ўзяць грошы на паліва, каб убраць ураджай; як размеркаваць тавары ў магазіне, каб хлеба і малака хапіла ўсім, дзе знайсці грошы на зарплату работнікам бюджэтных арганізацый… А тут нейкая газета!
Рэдактарскі кабінет пуставаў з мая да лістапада. Стаміўшыся ад безуладдзя прафсаюзны камітэт рэдакцыі напісаў хадайніцтва на імя старшыні райвыканкама з просьбай прызначыць рэдактарам газеты Рыбік Н.А.
Як я станавілася рэдактарам
4 снежня 1992 года мяне, трыццацігадовую, якая адпрацавала ў «Астравецкай праўдзе» ўсяго тры гады, прызначылі рэдактарам.Калі мне зрабілі гэтую прапанову, разгубілася. Так, я лічыла сябе досыць вопытнай журналісткай: умела знайсці тэму, разгаварыць суразмоўцу, падаць матэрыял. Але ж гэта не тое самае, што кіраваць калектывам: шукаць грошы, паперу, запчасткі, кадры, імкнуцца, каб усім было добра ці хоць бы не вельмі дрэнна.
Але альтэрнатыва, што ў іншым выпадку рэдактарам можа стаць партыйны функцыянер, які не меў паняцця, як робіцца газета, палохала не толькі калег, але і мяне. І кіруючыся адвечным: калі не я, то хто? – пагадзілася…
Выжывалі…
Як мы выжывалі тады, успомню – здрыгануся. Не хапала ўсяго. Найперш, вядома ж, грошай. У 1992 годзе даходы пакрылі расходы толькі на 13%, сродкаў ад падпіскі на 1993 год хапіла толькі на месяц. Калі б хто тады сказаў, што некалі «Астравецкая праўда» стане прыбытковай, я б толькі пасмяялася.З 1993 года падпіску пачалі праводзіць два разы на год. Цана кожны раз узрастала ў разы, але ўсё роўна не даганяла інфляцыю. На шчасце, са з’яўленнем прыватных прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў пабольшала рэкламы, людзі сталі даваць платныя падзякі, аб’явы аб продажы маёмасці.
Бясконца ламалася 17-гадовая саржавелая «Ніва». Нават прачнуўшыся сярод ночы, я магла сказаць, які падшыпнік патрэбен для пярэдняй левай ступіцы. І калі вадзіцель Іван Сянюць заходзіў у кабінет і разводзіў рукамі, хапалася за тэлефонную трубку ці імчала да дырэктара фірмы «Верас» Часлава Габрыновіча з просьбай прывезці падшыпнік патрэбнай маркі з Масквы, дзе ў яго былі трывалыя сувязі.
Не хапала кадраў: асноўнымі «штыкамі» з’яўляліся мы з Таісай Сямёнавай ды Леанід Ламека «на падхопе».
Пра тое, каб у «Астравецкую праўду» размеркавалі выпускніка журфака, ніхто нават не марыў. Але і спецыялістаў «сваёй гадоўлі» знайсці было цяжка: зарплаты ў рэдакцыі былі «ахавыя», пайсці на такую мог альбо той, каму не было чаго губляць, альбо ўлюбёны ў журналістыку чалавек. На шчасце, людзі з кагорты апошніх знайшліся. Дэмабілізаваўшыся, да нас прыйшоў Янка Замара. Спецыяльнай адукацыі ў хлопца не было. Але хто тады глядзеў на дыплом? Затое Янка меў талент. Як ён пісаў, якія тэмы ўздымаў, жанры асвойваў! Гартаючы старыя падшыўкі, чытаю артыкулы Замары з захапленнем і жалем: шкада, што так мала пажыў…
З захопленых была і Інэса Багдзевіч. Яна, выпускніца інстытута замежных моў, настаўнік СШ №2, мела працу, якая на той час аплачвалася непараўнальна лепш, чым журналісцкая. Тым не менш, мэтанакіравана і настойліва імкнулася ў рэдакцыю. І калі нарэшце яе мара збылася, у газеце з’явіліся новыя тэмы і таленавітыя публікацыі.
З завода «Радыёдэталь», паступіўшы ва ўніверсітэт культуры, прыйшла ў рэдакцыю, змяніўшы мяне на пасадзе загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі, Галіна Францкевіч.
Пакрысе, паціху, разам з усёй краінай, мы выплывалі…
Тварам жахлівая – цікавая знутры
…І рабілі газету! Скажу без перабольшвання і залішняй сціпласці – цікавую. Хоць і не вельмі прыгожую. Фотаздымкі і вёрстка на сённяшні крытычны погляд былі аніякія! Якасць друку – як у пасляваенныя гады: тэкст то чорны, то, наадварот, «сляпы». Матэрыялы – вялізныя «лапці», заціснутыя без меры; фотакарткі маленькія, дрэнная аддрукаваныя, людзей не пазнаць. Загалоўкі дробныя, шрыфт – хоць пад лупай разбірай… Словам, дапаможнік з разраду «як не трэба рабіць». Памятаю прыпеўку, якую неяк нам даслалі на конкурс: «Фотакарткі – проста цуд: Не пазнаць нікога тут!»І гэта было праўдай – таму і надрукавалі. Тым не менш, газету чыталі – і чакалі!
Многія папулярныя рубрыкі і тэматычныя старонкі з'явіліся ў газеце менавіта ў 90-я гады. Мы па ўласнай ініцыятыве сталі праводзіць «Прамыя лініі» – памятаю, адказы на пытанні старшыні райвыканкама Мечыслава Кудыркі, старшыні райспажыўтаварыства Юрыя Кацнельсона займалі цэлыя развароты. Не баяліся вострых тэм: часта на старонках газеты ўспыхвалі дыскусіі.
З 90-х прапісаўся на старонках «Астравецкай праўды» «Суботні калейдаскоп», які сёння час ад часу з’яўляецца пад назвай «Вольны вечар».
У той жа час мы пачалі праводзіць конкурсы сярод чытачоў – доўгажывучы «Што б гэта значыла?» таксама нарадзіўся ў той час, толькі напачатку чытачы прыдумвалі подпісы да карыкатур Андрэя Скрынніка (Рэгіна Дрэма, тады яшчэ Савіцкая, якая неаднаразова была яго пераможцай, можа пацвердзіць).
Тэматычныя святочныя нумары, найперш навагоднія, таксама родам з 90-х.
…Так што нам ёсць што ўспомніць. І ёсць што расказаць – чытачам і маладым калегам. Было б жаданне слухаць…