Паўвека Ганна Памецька сябруе з раённай газетай

14:00 / 05.05.2026
Што вельмі цешыць журналістаў «Астравецкай праўды», дык гэта вернасць і любоў да нашай газеты мясцовых людзей. Многія жыхары Астравеччыны сяб­руюць з ёй дзесяцігоддзямі. Сярод такіх – Ганна Памецька з вёскі Косцевічы.

– На сваім «хутары» (дом знаходзіцца воддаль ад вёскі. – Заўв.аўт.) жыву 50 гадоў – столькі «раёнку» і чытаю, – расказвае Ганна. – Выпісваю – не прапускаю. Чытаю ўсё – праўда, пачынаю з апошняй старонкі. (Смяецца.) Цікавая яна: то конкурс які там друкуюць, то віншаванне; раней спісы тых, хто нарадзіўся ці памёр, давалі – можна было даведацца, каго са знаёмых не стала.

Перабіраю ўсю газету дасканала – на пенсіі часу хапае. Раней дык складаней было – хуценька прабягала вокам. Цяпер разглядваю няспешна, уважліва. Цікава ўсё: і пра тое, што ў горадзе робіцца, і на раёне. Што пабудуюць, адкрыюць, куды ездзілі, што бачылі…

Рэкламы толькі мнагавата – яна і без газеты кліентаў сабе знойдзе. (Смяецца.) А вам (журналістам. – Заўв. аўт.) месца ў газеце больш было б.

Люблю ў «раёнцы» «сярэдзіну»: прыгожыя дзве старонкі, і матэрыялы тут заўсёды цікавыя. Як упхнуся сюды, дык ні слова, ні фота­здымка не прапушчу.

Усё жыццё на Астравеччыне, таму многіх людзей, пра якіх пішуць, ведаю. З кім знаёма – супастаўлю, ці ўсё так напісалі. (Смяецца.) Усяляк бывае: калі трошкі прыгажэй падалі, калі не ўсё сказалі – маглі, мне здаецца, і больш. Але пішуць карэспандэнты добра.

І сама нядаўна ў газеце была: пра нашы Косцевічы Іаланта Валуевіч расказвала. 

Маю яшчэ пра што расказаць – прыязджайце! Кветак вельмі шмат у мяне – такая летам прыгажосць! 

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович