Да 85-годдзя “Астравецкай праўды”: пра сваё сяброўства з “раёнкай” расказвае Дар’я Баравік

12:00 / 05.05.2026
«Астравецкая праўда» адметная тым, што яе чытаюць прадстаўнікі розных пакаленняў. Пра сяброўства з «раён­кай» расказала інжынер-тэхнолаг КСУП «Гервяты» Дар’я Баравік:

– З маленства памятаю, што ў нашай сям’і вельмі чакалі свежы нумар газеты, якая тады выходзіла ў сераду і суботу. Мне было даверана забіраць яе з паштовай скрыні. Асабліва ўважліва чыталі, хто нарадзіўся і ажаніўся, каго і з якім юбілеем віншуюць. Запомніліся «таўстушкі», якія рэдакцыя выпускала некалькі гадоў назад: па-першае, цудоўны дызайн, па-другое, тэматычна разнастайнае напаўненне старонак. Хоць, прызнацца, і цяпер газета прыгожанькай выходзіць у свет. 

Ведаеце, напэўна пальцаў на руках не хопіць, каб падлічыць, колькі разоў трапляла ў «раёнку» я і мае блізкія. Пра мяне пісалі як пра маладога спецыяліста, з карэспандэнтам дзялілася ўражаннямі ад удзелу ў абласным прафсаюзным форуме, чаканнямі ад паслан­ння Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту, развагамі пра Год беларускай жанчыны, расказвала і паказвала цэх па перапрацоўцы рапсу… 

Неаднаразова на старонках «Астравецкай праўды» з’яўляўся і мой муж: ужо стала традыцыяй, што Юрый з напарнікамі перамагае ў жніўным спаборніцтве сярод зернесушыльшчыкаў. 

Выходзілі нарысы пра маіх бацькоў Святлану і Андрэя Часнойцяў: у КСУП «Міхалішкі» мама загадчык кафэ «Вілія», тата  механізатар. У розныя гады іх партрэты змяшчалі на раённую Дошку гонару.

Сапраўдны сямейны архіў з газетнымі выразкамі ёсць у нашай бабулі Яні. Яна старанна захоўвае ўсе нумары, куды трапілі сваякі ці родзічы. 

У мяне, напрыклад, захавалася газета 14-гадовай даўніны, калі нарадзіўся брат. 

Здорава, што «раёнка» цяпер прадстаўлена ў сацсетках і мэсэнджарах – актуальныя навіны можна хутка прачытаць у інтэрнэце. Тым не менш, лічу, што ён ніколі не заменіць папяровую версію «Астравецкай праўды». У асаб­лівым захапленні ад каляро­вых разваротаў, асабліва калі там друкуюцца вынікі фотамарафонаў. З задавальненнем у іх удзельнічаю. 


Фото из архива героини.

Текст: Алёна Ганулич