Репортёр выходит в свет: какую связь выбирают островчане для общения с близкими

17:00 / 30.04.2026

Дзякуючы імкліваму развіццю тэхналогій і інтэрнэту магчымасці чалавека сталі практычна неабмежаванымі. Сучасныя гаджэты і прыставанні дазваляюць нам аплочваць камунальныя паслугі, не выходзячы з дому; размаўляць з іншымі, нягледзячы на адлегласць; даведвацца пра галоўныя падзеі ў краіне і свеце ў рэжыме рэальнага часу.

Карэспандэнт “раёнкі” пацікавіўся ў астраўчан, якую сувязь яны выбіраюць для стасункаў.

Марына Кутовіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:


– Шмат гадоў карыстаюся паслугамі аднаго аператара – А1, больш таго – ніколі не мяняла нумар тэлефона. Мяне ўсё задавальняе з пункту гледжання “кошт-якасць”. У сына, які з сям’ёй жыве ў Мінску, МТС, але мы пастаянна на сувязі з ім і з унукамі. Муж вадзіцель-дальнабойшчык, таму калі ён у ад’ездзе, звязваемся па “Вайберы” і “Ватсапе”. Мабільная інтэрнэт-сувязь А1 таксама не падводзіць.

Дома ў нас вай-фай ад “Белтэлекама”. Вялікіх нараканняў на бесправадную сувязь няма, праўда, часам узнікаюць замінкі, асабліва, калі некалькі чалавек адначасова падключаюцца да інтэрнэта.

Людміла Лукашэвіч, загадчык гаспадарчай часткі:


– У мяне А1, а ў блізкіх, як ні дзіўна, МТС. Ты не менш, ніякіх праблем, каб нармальна стасавацца не ўзнікае. Падабрала зручны і выгадны для сябе тарыф, таму спакойна і не думаючы, колькі за размову накапае грошай, магу тэлефанаваць абанентам іншых аператараў.

Дома ў нас бесправадная сувязь “Белтэлекама”, таму муж сядзіць у інтэрнэце з камп’ютара, а я прывыкла з тэлефона.

Марыя Масейка, гардэробшчыца:


– Напэўна, як і для большасці сучасных людзей, для мяне мабільны тэлефон стаў неад’емнай часткай жыцця. Дзякуючы яму яно значна спрашчаецца. Пастаянна на сувязі з роднымі і блізкімі, размаўляю і з калегамі. У мяне МТС – вельмі задаволена гэтым мабільным аператарам. Па-першае, выгадны тарыф, па-другое, ёсць бясплатныя хвіліны. Акрамя гэтага, добра працуе інтэрнэт. З тэлефона сяджу ў “Аднакласніках”, “Фэйсбуку”, “Інстаграме”, “Тэлеграме”. Праўда, гляджу не відэа, як гэта робяць многія, а чытаю навіны – тую ж “Гродзенскую праўду”, “раёнку”.

Уладзімір Ігнатовіч, пенсіянер:


– У мяне звычайны кнопачны тэлефон для сувязі з дзецьмі, знаёмымі і сябрамі па рыбалцы. Інтэрнэтам умею карыстацца, але не вельмі люблю. Якасцю сувязі задаволены.

Сучасным людзям у адрозненне ад іх папярэднікаў вельмі пашанцавала: ведаю, што з дапамогай інтэрнэта можна і вучыцца, і да ўрача запісвацца, і заказваць тавары. Каб светлай памяці дзядуля ўбачыў бы, што праз ноўтбук можна стасавацца з маёй цётачкай (яго сястрой), якая жыве ў Вільнюсе, страціў бы прытомнасць.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич