Накануне Первомая профсоюзные лидеры аграрного сектора Островетчины побывали на областном торжестве
Першамай, як і прафсаюз, аб’ядноўвае розныя пакаленні і сімвалізуе глыбокую павагу да стваральнай працы. Па добрай традыцыі напярэдадні 1 мая Гродзенская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК зладзіла ўрачыстасць, на якой ушанавалі звыш 80 ветэранаў сельскай гаспадаркі, пераможцаў галіновых конкурсаў, лепшых актывістаў Прынёмання, у тым ліку і нашых землякоў.
Падчас віншавання віноўнікаў урачыстасці старшыня абкама Міхаіл Сіцько зазначыў, што дзякуючы прафесіяналізму і працалюбству прысутных узмацняецца патэнцыял рэгіёна, а таксама падзякаваў за самаадданую працу на ніве абароны правоў і інтарэсаў работнікаў аграпрамысловага комплексу.
У лік лепшых прафсаюзных актывістаў Гродзеншчыны сёлета трапіла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Алеся Шыманэль. А партрэт яе калегі з КСУП “Гудагай” Ганны Налівайкі занесены на абласную Дошку гонару. На свяце жанчыны атрымалі адпаведныя пасведчанні, кветкі і сувеніры.
Каштоўны падарунак па прыездзе на Астравеччыну землячкі перадалі ветэрану сельскагаспадарчай галіны Вользе Адуле.
З першых вуснаў
Ганна Налівайка:

– Прафсаюзную пярвічку ўзначаліла ў 2008 годзе пасля аб’яднання нашай гаспадаркі з суседняй. За гэты час, мне здаецца, зроблена шмат. І гэта не толькі шматлікія карпаратыўныя паездкі, экскурсіі, сумесны адпачынак, аздараўленне і ўшанаванне перадавікоў сельгасвытворчасці і юбіляраў, а ўсведамленне таго, што мы разам.
Нездарма дэвіз нашага галіновага прафсаюза гучыць “Любіць людзей! Працаваць для людзей!”. Гэтым прынцыпам я і стараюся кіравацца без малога ўжо два дзесяцігоддзі.
Алеся Шыманэль:

– Прафсаюзная дзейнасць – адносна новая для мяне сфера. Напрыканцы 2024 года ўзначаліла пярвічку нашай гаспадаркі.
Да калег заўсёды стараюся данесці, што прафсаюз – гэта не я і не астатнія члены прафкама, а кожны з нас. І разам мы можам многае!
У тым, што мяне па выніках мінулага года прызналі лепшым прафсаюзным актывістам вобласці, ёсць заслуга іншых людзей. У першую чаргу маёй правай рукі – казначэя Алы Завельскай і прафсаюзных актывістаў. Шматлікія ініцыятывы і задумы рэалізуем у тандэме са спецыялістам Вікторый Хвясечкай. Іх, да слова, заўсёды падтрымлівае наш дырэктар Дзяніс Кірпа. Удзячна і больш вопытным калегам з іншых гаспадарак, якія падказваюць і ніколі не адмаўляюць у дапамозе; а таксама нашаму райкаму ў асобах Юрыя Адулы і Марыі Станкевіч.
На абласной урачыстасці была магчымасць не толькі адпачыць у святочнай атмасферы, але і пазнаёміцца з калегамі з іншых раёнаў.

Фота з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК.