Падзяліцеся з рэдакцыяй “АП” архіўнымі нумарамі раённай газеты і раскажыце звязаныя з імі гісторыі
У рэдакцыйным архіве ёсць копіі першых нумароў газеты “Бальшавіцкі арганізатар” (папярэдніка “Астравецкай праўды”), датаваныя маем і чэрвенем 1941 года; арыгінал газеты “Сталінская праўда” ад 23 верасня 1948 года, падораны нашымі чытачамі; нумар “Астравецкай праўды” за 9 мая 1967 года, падшыўкі раённай газеты, пачынаючы з 1969 года. Усё гэта – жывы голас гісторыі.
Ведаем, што і ў сямейных архівах нашых чытачоў захоўваюцца нумары “раёнкі” за розныя гады.
Рыхтуючыся да 85-й гадавіны “Астравецкай праўды”, мы вырашылі папрасіць вас падзяліцца імі з рэдакцыяй (можна копіямі). І расказаць, чаму вы захоўваеце гэтыя выпускі “Астравецкай праўды”, чым яны для вас дарагія. Бо нават нязначныя на першы погляд падзеі – гэта таксама наша агульная гісторыя – газеты, раёна і яго жыхароў.
Чакаем вашых пісем і фотаздымкаў, магчыма, візітаў і расповедаў, да 20 мая.
Самыя цікавыя гісторыі, звязаныя з “Астравецкай праўдай”, мы раскажам у святочным выпуску газеты. Іх аўтараў, а таксама ўладальніка самай даўняй газеты з сямейнага архіва запросім на святочнае мерапрыемства з нагоды юбілею.
Давайце разам узгадаем нашу агульную гісторыю!