Сваё, астравецкае”: аўтар ілюстрацый да “Міколкі-паравоза” і іншых выданняў наш зямляк Віктар Александровіч

14:00 / 17.04.2026
Прызнацца, перш, чым пад­мяніць Ніну Рыбік у вядзенні гэтага конкурсу, думала, што ведаю, калі не ўсё, то дастаткова шмат пра гісторыю раёна, яго вядомыя мясціны, знакамітых і адметных ураджэнцаў і жыхароў… Насамрэч, памылялася.

Асоба нашага земляка, тале­навітага мастака, графіка, ства­ральніка ілюстрацый да шматлікіх выданняў твораў кла­сікаў беларускай літаратуры Віктара Александровіча ў пэўнай ступені стала для мяне адкрыццём.

Віктар Александровіч

Віктар Александровіч

На прасторах інтэрнэта можна адшукаць толькі яго дастаткова сціплую бія­графію, некалькі здымкаў і… арыгіналы работ, якія можна набыць на некаторых віртуальных гандлёвых пляцоўках.

Затое нашы ўдзельнікі з уласцівымі ім скрупулёзнасцю, увагай да дэталяў, да­следчым і мастацкім падыходам амаль не пакінулі белых плям у творчай біяграфіі гэтага таленавітага і непаўторнага творцы. Амаль усе канкурсанты даслалі ў рэдакцыю правільныя адказы. Больш таго, суправадзілі іх унікальнымі архіўнымі фотаздымкамі, успамінамі калег і блізкіх жы­вапісца і ўласным аналізам яго твор­часці. Асаблівую ўдзячнасць ад­ра­суем Аляк­сандры Працуце, Марыі Васі­лёнак і Карыне Стаповіч. Вашы допісы з «аса­бістай прысутнасцю» і дастаткова глы­бокімі развагамі дарагога каштуюць! Прыемна, што апошняй удзельніцы дапамагае разабрацца ў «сваім, астравецкім» гадавалы сынок.

Сёлета Віктару Францавічу споўнілася б 75 гадоў і мінула чвэрць стагоддзя, як яго не стала. На жаль, лёс адвёў яму на гэтым свеце толькі 59 гадоў. Безумоўна, мастак зрабіў вельмі шмат, але мог яшчэ больш… Думаецца, што памяць пра чалавека, які пакінуў такі значны мастацкі след у сучасным кнігадрукаванні ўша­нуецца не толькі ў вузкіх сталічных колах, але і на Радзіме. 

На жаль, ужо немагчыма высветліць, перадаліся здольнасці да малявання хлоп­чыку па генах ці яго, як кажуць, Бог пацалаваў у макаўку. 

Віктар Александровіч нарадзіўся 28 жніў­ня 1951 года ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёс­цы Слабодцы Гудагайскага сельсавета.

Не захаваліся звесткі пра дзяцінства гра­фіка, але ў рэдакцыю трапілі архіўныя здымкі таго перыяду дзякуючы Марыі Васілёнак. Яна паведаміла, што на Астравеччыне жывуць яго нашчадкі. Былы біблія­тэкар у Слабодцы, пляменніцца мас­така Га­ліна Замара падзялілася з нашай канкурсант­кай некаторымі матэрыяламі з хатняга архіва. 

На адным маленькі Віця з бацькамі… На другім ён ужо малады прыгажун у форме – асабліва чапляе загадкавы позірк амаль дарослага чалавека, перад якім наперадзе ўсё жыццё… А паміж імі былі вучоба ў Астравецкай сярэдняй школе, год работы ў мясцовым аўтапарку №4.

Напачатку 70-х гадоў Віктар Алек­санд­ро­віч паступіў у Беларускі тэат­раль­на-мастацкі інстытут (цяпер гэта ака­дэмія мастацтваў). Менавіта тут жыццё зводзіць нашага земляка з народным мастаком Беларусі Васілём Шаранговічам – ён ста­новіцца яго вучнем. Карына Стаповіч пад­крэслівае, што абодва майстры ілюстравалі творы адных і тых жа аўтараў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча. 

Пасля заканчэння інстытута ў 1975 го­дзе Віктар Францавіч застаўся выкла­даць на кафедры графікі, якую ў той час узна­чаль­ваў яго настаўнік. Разам яны праца­валі 6 гадоў, выхоўваючы новае па­ка­­ленне мастакоў. Шаранговіч лічыў Алек­сандровіча адным з самых тале­наві­тых і здольных сваіх вучняў, які, дзякуючы ўлас­наму стылю, дадаў у кніж­ную графіку больш тонкай лірычнасці і каля­ровых спалучэнняў. Неаспрэчным доказам гэтай думкі з’яўляецца і тое, што на выставе Васіля Пятровіча «Асоба. Мастак. Настаўнік» з нагоды 85-годдзя, якая пазалетась адбылася ў На­­цыянальным мастацкім музеі Беларусі, былі прадстаўлены і творы Віктара Алек­сандровіча, як прыклад і сімвал сувязі пакаленняў творцаў і ўплыву настаўніка на вучня.

Віктар Александровіч у пэўнай ступені быў універсальным мастаком. Хоць і пачы­наў са станкавай графікі, пазней перайшоў на кніжную. Ён віртуозна валодаў літагра­фіяй, а таксама выкарыстоўваў складаныя спалучэнні матэрыялаў – гуаш, пастэль, акварэль, тэмперу – для стварэння кніжных ілюстрацый. 
Ён неаднаразовы пераможца і лаўрэат шматлікіх творчых спаборніцтваў розных узроўняў. Тут варта прыгадаць Дыплом І ступені на рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» за афармленне трылогіі Барыса Сачанкі «Вялікі лес» («Верасы, «Гнілое балота, «Маці»). За ілюстрацыю кнігі Міхася Лынькова «Міколка-паравоз» нашага земляка адзначылі за лепшае афармленне дзіцячай літаратуры. 

За гэтыя і іншыя дасягненні Віктара Фран­цавіча ў 1987 годзе прынялі ў Саюз мастакоў БССР, што неаспрэчна сведчыла пра прафесійнае прызнанне. Блізкія людзі ўзгадвалі, што ён вельмі сціпла адносіўся да ўзнагарод, галоўным і самым значным лічыў трымаць кнігу са сваімі малюнкамі, якая нядаўна выйшла з друку.

Працяглы час наш зямляк працаваў у дзяржаўным выдавецтве «Юнацтва». Ён праілюстраваў больш за 70 выданняў, сярод якіх –  «Белая знічка» Алеся Савіцкага (1983), «Станаўленне» Генрыха Далідовіча (1984),  «Алімпіяда» Івана Пташнікава (1984), «Кепска будзе» Францішка Багу­шэвіча (1985), «Сымон-музыка» Якуба Коласа (1986), «Чайкі на хвалях» Івана Чыгрынава (1986), «Подых навальніцы» і «Людзі на балоце» Івана Мележа (1991), «Завеі і снежань (1995), зборнік беларускіх народных казак «Не сілай, а розумам» (1997) і многія іншыя.

Аляксандра Працута ў сваім допісе згадвае, што калегі Віктара Францавіча казалі: ён «вышываў на паперы». Таксама яны пры­гадвалі, што мастак (напэўна, як і любы творчы чалавек) быў вельмі патрабавальным да сябе. Аднойчы ён цалкам знішчыў амаль гатовую серыю графічных аркушаў з-за таго, што «яна была недастаткова жывой». 

Таксама захаваліся сведчанні, што мно­гія аднавяскоўцы мастака сталі пра­татыпамі класічных герояў кніг Коласа і Лынькова. Як лічыць Карына Стаповіч, менавіта з дзяцінства ў Віктара Францавіча сфар­міра­валася любоў да роднай зямлі і народных матываў, якія пазней праявіліся ў графіцы. 

Адзіная прыжыццёвая персанальная вы­с­­тава работ Віктара Францавіча на радзіме адбылася ў 1999 годзе ў Астраўцы ў раённай бібліятэцы. Яна стала своеасаблівай справаздачай перад землякамі. У аснове вернісажа – графічныя аркушы, акварэлі, некаторыя работы да паэмы «Сымон-музыка». Дарэчы, да гэтага часу ў бібліятэцы захоўваюцца арыгіналы ілюстрацый да «Міколкі-паравоза» і «Ку­рачкі-рабы», якія трапілі сюды са Сла­бод­каўскай бібліятэкі.


Аляксандра Працута прыводзіць словы самаго мастака, што пры напісанні ілюст­рацый да «Сымона-музыкі» ён перадаваў вобразы з дзяцінства. Дэталі адзення, будынкаў, музычных інструментаў Алек­сандровіч «спісваў» з рэальных прад­метаў, якія бачыў у Слабодцы і суседніх вёсках. 


Віктар Францавіч казаў, што ў адным пахіленым плоце ці старой яблыні ў яго роднай вёсцы нашмат больш беларускасці, чым ва ўсіх парадных пейзажах. «Гэта філасофія вернасці караням зрабіла яго адным з самых праўдзівых графікаў свайго пакалення», – упэўнена ўдзельніца. 

Мяркуюць, што мастак планаваў стварыць вялікі грунтоўны цыкл работ, пры­свечаных роднай старонцы, але, на жаль, гэтай задуме так і не было наканавана ўвасобіцца ў жыццё. 

Віктар Францавіч памёр 20 чэрвеня 2001 года. Пахаваны на Міншчыне. 

Арыгіналы яго твораў знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондзе Беларускага саюза мастакоў, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у прыватных калекцыях. Марыя Васілёнак вельмі хораша напісала пра некалькі карцін нашага земляка, падмацаваўшы словы фотаздымкам, дзе мастак у росквіце сіл пазіруе на фоне сваіх «Каранёў». 

Перш чым перайсці да вынікаў, вернемся да трэцяга этапу, дзе ўзгадваліся тры дні нараджэння Альхоўскай СШ.

Нагадаю, што на нашым сайце загаловак да гэтага задання гучаў наступным чынам: як звязаны Астравецкі раён і «Міколка-паравоз». Зразумела, што «зашыфроўвалі» мы Віктара Александровіча. А дзякуючы Аляксанд­ры Працуце на свет выявілася яшчэ адна нітачка, якая вяртае нас да папярэдняга задання.
Аказваецца, Міхася Лынькова і Альхоў­скую СШ звязвала цёплае і шчырае сяб­роў­ства на працягу паўтара дзясятка гадоў. У школьным музеі захоўваюцца фотаздымак пісьменніка з подпісам на звароце, яго кніга з аўтографам, ліст і іншыя артэфакты. 

Такім чынам, найбольшую колькасць балаў – 6 (плюс адзін дадатковы за звест­кі пра Лынькова і Альхоўскую СШ) – атрым­лівае Аляксандра Працута, па 5 залічваем Карыне Стаповіч і Марыі Васі­лёнак, па 3 – Ірыне Пунько, Наталлі Бла­хіной, па 2 – Марыі Янчэўскай і тандэму Тарэсы Бабіч і Юліі Зарубы. На жаль, з-за памылковага адказу без адзнак застаецца наш пастаянны ўдзельнік Вячаслаў Саковіч. 


Фота і ілюстрацыі даслалі ўдзельнікі. 

Текст: Алёна Ганулич