Жаночы клуб «Астраўчанка» дзейнічае пры савеце ветэранаў
На адным з пасяджэнняў раённага савета ветэранаў прагучала ідэя стварыць у Год беларускай жанчыны клуб «Астраўчанка». Чакаць увасаблення ініцыятывы ў жыццё доўга не давялося: на днях адбылася першая сустрэча самых актыўных удзельніц грамадскага аб’яднання.
Дарэчы, падштурхнула да стварэння клуба не толькі дзяржаўная сацыяльна накіраваная палітыка, але і магчымасць для жанчын пенсійнага ўзросту змяніць звыклую хатнюю атмасферу на пасядзелкі з сяброўкамі.

Ужо на першым пасяджэнні прыгажуні-актывісткі задалі сур’ёзны накірунак сваім сустрэчам: абмеркавалі будучую эмблему; акрэслілі тэмы, якія абавязкова павінны прагучаць (сярод іх: жанчыны-перадавікі, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны); прапанавалі праводзіць конкурсы (напрыклад, па выпечцы ці па кветкавых кампазіцыях); запрашаць да сябе прадстаўнікоў маладога пакалення, каб дзяліцца з імі вопытам і зараджацца энергетыкай. Да слова, тут прысутнічала маладая таленавітая настаўніца Дзіцячай школы мастацтваў Валерыя Пачабут, якая вельмі прыгожа выканала песню Ганны Герман «Город влюблённых».

А далей астраўчанкі ўзгадалі знакамітых у гістароі жанчын, якія праславілі Беларусь у навуцы, рэлігіі, культуры, мастацтве, літаратуры: Рагнеду, Еўфрасінню Полацкую, Алаізу Пашкевіч (Цётку), Францішку Уршулю-Радзівіл і іншых.


Наперадзе ў удзельніц клуба шмат знаёмстваў з вядомымі суайчынніцамі мінулага часу і сучасніцамі – нашай краіне ёсць кім ганарыцца. А такія сустрэчы плануецца ладзіць кожны месяц. Да слова, актывісткі спадзяюцца, што іх фармат прыжывецца і не стане абмяжоўвацца толькі Годам беларускай жанчыны.
