Свет у яе руках: крыніца сілы педагога з 40-гадовым стажам Алены Русецкай
12:00 / 28.03.2026
Гэта гісторыя пра тое, як жанчына, спалучаючы ў сабе мудрасць, цярпенне і сілу духу, здольна не проста вучыць – яна фарміруе будучыню цэлага раёна. Яе праца, часта непрыкметная на першы погляд, – гэта фундамент, на якім трымаецца духоўнае і інтэлектуальнае нашай малой радзімы.
Нарадзілася Алена Іванаўна ў вёсцы Швяйляны Астравецкага раёна ў 1936 годзе. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе. Час быў нялёгкі. Дзеці шмат дапамагалі па гаспадарцы. Ды і ваенныя гады не прайшлі бясследна.
– Памятаю немцаў. Як яны забралі ў нас апошняга кабанчыка, – успамінае Алена Іванаўна. – І яшчэ адзін выпадак з тых часоў вельмі ўрэзаўся ў памяць. Мы з мамай ішлі па Гервятах, на двары адной з хат былі сагнаны яўрэі, маленькі хлопчык моцна трымаўся за сваю маці. Хоць і сама была малая, але запомніла вочы гэтага дзіцяці, позірк, у якім стаяла пытанне: «Што будзе з намі?»
Нягледзячы на складаны час, жаданне да вучобы і спаўнення мары дапамаглі атрымаць першую адукацыю. У 1951 годзе Алена Іванаўна скончыла на выдатна 7 класаў Чэхскай школы і паступіла без экзаменаў у Ашмянскае педвучылішча. У 1955 годзе яе накіравалі ў Астравецкі раён. За час вучобы яна паказала добрыя веды, таму ў характарыстыцы зрабілі прыпіску: можа выкладаць рускую мову і літаратуру. Так малады педагог пачала педагагічную дзейнасць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Філіпанскай школе.
Далей была Варнянская школа-інтэрнат, дзе Алена Іванаўна спачатку працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а затым пачатковых класаў.
Апошнія 15 гадоў педагог працавала ў раённым аддзеле народнай адукацыі, была інспектарам па працоўным навучанні, метадыстам па прафарыентацыі і пачатковых класах.
– Усё ў жыцці ішло сваёй чаргой: выйшла замуж, стала маці. Паступіла ў Гродзенскі педінстытут на настаўніка пачатковых класаў. Дзякуючы свекрыві, якая дапамагала з дзецьмі, змагла адвучыцца і атрымаць вышэйшую адукацыю, – узгадвае жанчына. – Працавала шмат, за ўсё бралася і нічога не баялася. Заўсёды старалася дапамагчы калегам. Прытрымлівалася прынцыпаў справядлівасці і дабразычлівасці, старалася ўваходзіць у становішча любога чалавека. А па жыцці мне сустракаліся толькі добрыя людзі. Узгадаю Леаніда Уладзіміравіча Батуру, які ўзначальваў раённы аддзел адукацыі. Вельмі добры, кампетэнтны ва ўсіх адносінах чалавек, з якім можна было вырашыць любыя пытанні. Добрым словам успамінаю Тарэсу Пятроўну Грыневіч, якая займалася кадрамі: уважлівая, добрая, тактоўная. Нельга не адзначыць і Таццяну Нікіфараўну Волкаву, якая працавала загадчыкам Варнянскага дзіцячага сада; Надзею Андрэеўну Субач, з якой мы працавалі ў школе-інтэрнаце; Ніну Іванаўну Блахіну, з якой і зараз падтрымліваем сувязь.
– Не бачу сябе ў другой прафесіі. Мяне заўсёды цягнула да дзяцей, да калег. Аб рабоце засталіся самыя добрыя ўспаміны. Любіла сваю прафесію і старалася прывіваць любоў да яе сваім вучням і родным. Мая ўнучка, Алена Русецкая, атрымала вышэйшую адукацыю па замежнай мове, пляменніца Наталля Александровіч таксама і працуе настаўнікам, – гаворыць педагог .
Самаадданая работа Алены Іванаўны адзначана медалём «Ветэран працы». Хтосьці з яе выхаванцаў стаў інжынерам, урачом, а нехта, натхнёны прыкладам настаўніка, абраў педагагічную ніву. Гэта і ёсць самая каштоўная ўзнагарода – бачыць працяг сваёй справы ў поспехах вучняў.
Гісторыя Алены Іванаўны даказвае, што сапраўдная жаночая сіла – не ў гучных словах, а ў штодзённай працы, у цярпенні і любові да абранай справы.
Паважаная Алена Іванаўна, дзякуй вам за кожны праведзены ўрок, за кожнае слова падтрымкі, за веру ў нас. Няхай кожны новы дзень прыносіць спакой, радасць ад простых рэчаў. Няхай ваш дом заўсёды поўніцца смехам унукаў і праўнукаў, а душа квітнее, як сад у маі.
Мы – вашы вучні, вашы калегі, вашы землякі – заўсёды побач.
Ірына КАРДЗІС, Гервяцкая СШ.