Педагогі Астравеччыны спаборнічалі на раённай спартакіядзе

12:00 / 26.03.2026


У адзін з дзён вясенніх канікул работнікі ўстаноў адукацыі Астравеччыны выйшлі на старт раённай спартакіяды.

Гэта мерапрыемства збірае прадстаўнікоў адукацыйнай сферы раз у 2 гады – і ўдзельнічаюць у ім не толькі выкладчыкі фізічнай культуры. На некалькі гадзін настаўнікі розных прадметаў, выхавацелі дзіцячых садоў і іншыя работнікі змяняюць звыклае адзенне на спартыўную форму. А на саміх спаборніцтвах пануе неверагодна сяброўская атмасфера: калі не звяртаць увагу на суддзяў, якія занатоўваюць вынікі ўдзельнікаў, можна падумаць, што людзі проста актыўна і па-здароваму праводзяць вольны час.

Сёлета спартакіяду прысвяцілі 105-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Году беларускай жанчыны. На старт выйшла 5 каманд, складалі якія прадстаўнікі амаль усіх устаноў адукацыі раёна (у некаторых былі нават кіраўнікі). Спаборнічалі яны ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, плаванні, настольным тэнісе і падыманні гіры (гэта выпрабаванне было выключна для мужчын). Месцамі «барацьбы» сталі фізкультурна-аздараўленчы комплекс і лядовая пляцоўка.






Цікавась удзельнікаў была не толькі ў тым, каб прадэманстраваць моц, хуткасць, вытрымку, спрыт і трапнасць, але і выбраць лепшых, хто напрыканцы красавіка ў складзе зборнай прадставіць Астравецкі раён на абласным этапе спартакіяды ў Лідзе.

У выніку ў асабістым заліку лепшымі сталі: Валерый Навіцкі і Ксенія Грэйць (стральба); Аляксандр Дзенісенка і Эліна Гражуль-Гульбінская (дартс); Яўген Казлоўскі і Дзіяна Малахвей (настольны тэніс); Аляксандр Карвэль і Валерый Касьяненка (гіравы спорт – звыш 90 кг і да 90 кг адпаведна); Дзмітрый Федасевіч і Аляксандр Карвэль (плаванне, 100 м – да 35 гадоў і 35+ адпаведна); Дзіяна Мілаш і Наталля Сапронава (плаванне, 50 м – да 35 гадоў і 35+ адпаведна).

У камандным заліку вынікі атрымаліся непрадказальнымі. У прыватнасці, 3 месца падзялілі две каманды: №3 (СШ №2, Кемелішская СШ, дзіцячы сад №3, СПЦ) і №5 (СШ №4, ЦТДіМ, Гудагайская СШ, дзіцячы сад №5, дзіцячы аздараўленчы лагер «Ластаўка») – прычым з абсалютна аднолькавай колькасцю аднолькавых вынікаў у ўдзельнікаў.

Другое месца заняла каманда №1 (гімназія №1, Варнянская СШ, дзіцячы сад №4, Мальскій дзіцячы сад). Пераможцай стала каманда №2 (СШ №1, Міхалішкаўская і Альхоўская СШ, дзіцячы сад №2, Палушскі дзіцячы сад).

Каманда №4 (СШ №3, Рымдзюнская і Гервяцкая СШ) да прызавога месца крыху не дацягнула.




Слова арганізатарам і ўдзельнікам

Марына Кутовіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

– Цудоўна, што падчас вясенніх канікул работнікі сферы адукацыі сабраліся, каб не толькі выбраць тых, хто паедзе абараняць гонар Астравеччыны на абласных спаборніцтвах, але і адпачнуць па-спартыўнаму, зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі і энергіяй.

Эліна Гражуль-Гульбінская, настаўнік пачатковых класаў Міхалішкаўскай СШ:

– Заўсёды з задавальненнем ўдзельнічаю ў любых спаборніцтвах. Дартс і стральба – мае «канькі». У дартсе адбіла 101 бал – гэта лепшы вынік сярод жанчын і мужчын. У стральбе набрала 35 балаў – і трапіла ў прызёры. У дзяцінстве часта хадзіла ў цір, бо тата быў настаўнікам ваеннай падрыхтоўкі – ужо тады займала прызавыя месцы на раёне. Але за апошнія 5 гадоў на спартакіядзе ўпершыню ўзяла вінтоўку ў рукі.

На вясенніх канікулах у настаўнікаў ёсць вольны час і яго можна цудоўна і карысна выкарыстаць, сустрэўшыся з сябрамі-калегамі.

Аляксандр Дзенісенка, настаўнік фізічнай культуры СШ №3:

– На спаборніцтвах мы сустракаемся часта, але звычайна прадстаўляем каманды школьнікаў і выхаванцаў. На гэты раз выступалі самі, дэманструючы асабісты вынік і абараняючы гонар сваёй школы. Мой любімы від спорту – лёгкая атлетыка, але змагаўся ў дартсе і настольным тэнісе.

Прыемна пастасавацца з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы, паспаборнічаць з імі. Канкурэнцыя высокая – і гэта плюс: перамагаць ці саступаць у барацьбе нашмат цікавей.

Мікіта Лаўрэцкі, настаўнік фізічнай культуры Гудагайскай СШ:

– Дзякуй старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі Марыне Мар’янаўне за тое, што арганізавала сапраўднае спартыўнае свята. Здорава, калі не толькі настаўнікі фізічнай культуры, але ўсе работнікі сферы адукацыі ўдзельнічаюць у такіх спаборніцтвах. Прычым, адзначу, не заўсёды фізрукі паказваюць лепшыя вынікі. Упэўнены, што астравецкая зборная годна выступіць у Лідзе на абласной спартакіядзе.


Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова