Жыхарка Міхалішак Надзея Вайцяховіч: «Нашы традыцыі – нашы карані, таму іх трэба захоўваць»
Год таму Аляксандр Лукашэнка падчас інаугурацыі акрэсліў прыярытэты, накірункі і асабістую пазіцыю ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі. У ліку тых, якім Прэзідэнт надаў статус галоўных, прагучалі традыцыі. І вядома чаму: гэта тое, на чым трымаецца сучаснае і што з’яўляецца падмуркам будучыні.
Яскравы прыклад захоўвання народных традыцый бачым у дзейнасці работнікаў сферы культуры. На Астравеччыне гэтаму таксама надаецца асаблівая ўвага, што пацвярджаюць словы загадчыка Міхалішкаўскага клуба Надзеі Вайцяховіч:

– Традыцыі – гэта гісторыя краіны і народу, адметнае адлюстраванне кожнай мясцовасці. Традыцыі – гэта нашы карані, якія ідуць з глыбіні вякоў ад продкаў. Гэта мост паміж мінулым і будучым, які дазваляе паказаць, як жылі, працавалі і адпачывалі нашы дзяды-прадзеды.

Працуючы ў клубе, імкнуся адкрыць аднавяскоўцам, дзецям вялікае багацце народнай беларускай культуры, нашых звычаяў. Так, з наведвальнікамі аматарскага аб’яднання «Вытокі» вывучаем валачобны абрад. І ўжо на Вялікдзень дзяўчынкі і хлопчыкі ходзяць у жакі не проста са словамі «Хрыстос уваскрэс!», а спяваюць святочныя песні і гуляюць у гульні з яйкамі – робяць так, як рабілі продкі.

Мы і калядуем – прычым ходзяць і дзеці, і дарослыя. У нас ёсць Калядная Зорка, Каза, Мядзведзь, Механоша; віншуючы людзей, пасыпаем іх збожжам.

Нядаўна праводзілі абрад хрэсьбіны – і ўразілі метадыста з Гродна: жанчына адзначыла, што на падобным свяце была ў дзяцінстве.
Дарэчы, частку матэрыялаў і звестак збіраем у аднавяскоўцаў. Так было з хрэсьбінамі – на жаль, жыхарак, якія расказвалі пра гэта, ўжо няма, а традыцыя жыве.
Наш калектыў «Вілія» спявае ў асноўным народныя песні, чым таксама захоўвае асаблівую беларускую культуру.
Адметнай і прыцягальнай у Міхалішках стала Масленіца. У нас заўсёды госці з Астраўца і нават з Мінска (родзічы жыхароў аграгарадка спецыяльна едуць, каб трапіць на свята).
Вельмі важна, што Прэзідэнт сур’ёзна ставіцца да традыцый і на дзяржаўным узроўні адзначае задачы па іх захаванні. Важна, каб наступныя пакаленні ведалі і перадавалі нашчадкам сваё, беларускае, – тое, што вылучае нас сярод іншых народаў. Мы павінны цаніць і ганарыцца тым, што стварылі і збераглі для нас продкі.