Конкурс “Сваё, астравецкае”: карціны Тарэсы Варановіч – гімн малой радзіме

12:00 / 20.03.2026
Перш чым перайсці да вынікаў другога задання конкурсу, вернемся да першага – таго, дзе ўзгадваліся моманты знахо­джання Уладзіміра Караткевіча на Астравеччыне. 

Для гэтага ёсць нагода. Неўзабаве пасля таго, як у «Астравецкай праўдзе» былі надрукаваны расповеды нашых чытачоў і ўрыўкі з дзённіка пісьменніка, у адной з сацыяльных сетак вядомы даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча, доктар філалагічных навук Пятро Жаўняровіч змясціў рэдкі здымак пісьменніка каля крыжа Аняліна – і мы вырашылі, што ён будзе цікавы і нашым чытачам.

Уладзімір Караткевіч пад крыжом Аняліна

Уладзімір Караткевіч пад крыжом Аняліна

А яшчэ былы дырэктар Гудагайскай школы Віталь Лянкевіч дадаў некаторыя падрабязнасці пра візіт пісьменніка ў Палушы і Гудагай, пра які ўзгадваў у сваіх запісах сам Уладзімір Сямёнавіч. Віталь Іванавіч прысутнічаў на сустрэчы ў клубе, калі класіка павалілі «бабы, брыдкія богу». Аказваецца, адна з жанчын (Лянкевіч нават назваў яе прозвішча) такім чынам хацела выправіць сталічнага госця за трыбуну, з якой, у яе разуменні, і павінны прамаўляць вялікія людзі – а Караткевіч нават на сцэну не падняўся, сціпла стаяў побач. Вось жанчына і «дапамагла» пісьменніку – і тым самым, як аказалася, увайшла ў гісторыю. Ці «ўляпалася»?

Яшчэ Віталь Іванавіч успамінаў, як ён са старшакласнікамі хадзіў у лес, каб ссячы для Караткевіча самыя прыгожыя стройныя елачкі – справа была напярэдадні Новага года. Затым шчыльна ўвязвалі калючыя галінкі тонкім дротам, каб іх было зручней везці ў цягніку. Так што свята класік сустракаў з водарам гудагайскага лесу.

Другое заданне, як адзначыла Натал­ля Блахіна, аказалася не такім прос­тым, як першае. Ці не таму двое з сямі яго ўдзельнікаў памыліліся з адказам, вырашылі, што на конкурсным здымку – карціна Алега Драбышэўскага. 

Прызнаюся: была спакуса аблегчыць заданне, указаўшы, што аўтар карціны – жанчына, тады б, напэўна, недакладных адказаў не аказалася б. Але ж на тое ён і конкурс, каб не ўсё было лёгка, праўда?

Ужо ўзгаданая Наталля Блахіна пры­зналася, што не з’яўляецца знаўцам мас­­тацкай творчасці, але «ў выніку не­­вя­лікага бібліятэчна-інтэрнэтнага дас­ле­­­давання і метадам выключэння прый­шла да высновы, што гэта работа астра­вец­кай мастачкі Вікторыі Казі­мі­­­раўны Ва­рановіч». Што называецца, вельмі бліз­ка, нават горача – але, на жаль, недак­ладна. Карціна належыць маці Вікторыі Тарэсе Іосіфаўне. Хоць і Вік­торыі, як прадаўжальніцы сямейнай ды­настыі, практычна ва ўсіх адказах кан­кур­сантаў прысвечана нямала цёплых і правільных слоў і радкоў.

Людміла Кухарэвіч не проста пазнала карціну і вызначыла яе аўтарства (яшчэ б – Людміла Іванаўна і Тарэса Іосіфаўна даўнія сяброўкі). Яна напісала цэлы нарыс пра жыццёвы і творчы шляхі зямлячкі. 

Пра тое, што Тарэса Іосіфаўна разам са сваёй сястрычкай-блізняткай Ірэнай нарадзілася ў сям’і Іосіфа Стурліса і Генуэфы Багдановіч на хутары Ажуройсці; пра іх першыя мастацкія пошукі, калі дзяўчаткі крэйдай расфарбоўвалі дзверы і малявалі карыкатуры на заезджых меліяратараў; пра яе жыццёвы шлях, шматлікія выставы і пленэры, вялікую работу па роспісе храмаў, буйнейшай і самай цяжкай з якіх з’яўляецца мастацкае аздабленне касцёла ў Солах, пісалі практычна ўсе канкурсанты – хто больш падрабязна, хто менш.

Ірына Пунько не толькі ўзгадала наз­ву карціны «Вясна» і месца, дзе быў зроблены пейзаж, – асушанае балота паміж Ажуройсцямі і Дайлідкамі, але і дакладна ўказала, дзе цяпер знаходзіцца гэта работа. Так, Ірына не памылілася: Тарэса Іосіфаўна ў свой час падарыла гэту карціну рэдакцыі «Астравецкай праўды», чым мы вельмі ганарымся.

Марыя Васілёнак не толькі дакладна адказала на пытанне, але і па-мастацку апісала карціну – нібыта намалявала яе словамі:

«Ранняя вясна. На пярэднім плане – лёгкія пушыстыя таўкачыкі рагозу. Ветрык пахіліў іх галоўкі над блакітам вады (што гэта: балотца? азярцо?), у якой адбіліся, скаламуціўшы яе роўнядзь, белыя аблокі. А далей – пажоўклая пасля зімы балотная трава кусціцца бэжава-карычневым пухнатым дываном, на якім тут і там прымасціліся чэзлыя балотныя дрэўцы, што так прагна цягнуць у неба свае голыя галінкі. Толькі злева, крыху далей ад вады, распушылася яліна. Удалечыні – сцяна цёмнага лесу».

Марыя Карлаўна, якой, па ўласным прызнанні, не выпала пабываць на шматлікіх выставах Тарэсы Варановіч, разважае: 

«Хто з астравецкіх пейзажыс­таў мог зрабіць гэту зама­лёўку? Напэўна, не я адна «забуксавала з адказам на гэта пытанне. Можа, Стэфан Казлоўскі? Але я ўсё ж схіляюся да думкі, што гэта абразок творчасці Тарэсы Варановіч».

Далей Марыя Васілёнак прызнаецца, што нядаўна адкрыла для сябе яшчэ адзін талент мастачкі – паэтычны. І прыводзіць яе верш:

Радзімы любы той куточак,
Дзе сэрца туліцца заўжды.
З дзяцінства мілы абразочак:
Ля студні – вёдры, поўныя вады.

Дзе чарадою важна гусі
Ідуць няспешна, як паны.
А на ўзгорку ў час абедні
Гучаць касцельныя званы.

І дружны брэх сабак улетку,
Калі кароўкі з поля йдуць 
І многа малака з палеткаў
Дамоў духмянага нясуць.

Люблю цябе, мой край адзіны.
На свеце лепшага няма.
Завецца ён маёй Айчынай,
І гэта месца для жыцця.

Такім чынам, чацвёра з сямі кан­кур­сан­таў адказалі правільна на другое заданне конкурсу. (Наталля Блахіна – амаль што правільна). Некаторыя з іх дапоўнілі свае адказы фотаздымкамі ці цікавымі падрабязнасцямі.

На гэтым этапе 1 бал атрымлівае Наталля Блахіна, 3 – Вячаслаў Саковіч, па 4 – Марыя Васілёнак і Людміла Кухарэвіч, 5 – Ірына Пунько. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик