Юрый Кавальчук: прыйшоў на год – затрымаўся на дзесяць

13:00 / 22.03.2026

Больш за 10 гадоў ахвотна кожную раніцу ідзе на работу слесар аварыйна-аднаўленчай брыгады Астравецкага РУП ЖКГ Юрый Кавальчук. Яму падабаецца пастаянны рух, а яшчэ праяўляць кемліваць, дзяліцца вопытам і дапамагаць людзям.


– Нейкі час працаваў на будаўніцтве атамнай электрастанцыі, але трапіў пад скарачэнне. Было гэта ў 2014 годзе. Начальнік участка Юрый Даўляш прапанаваў ісці да іх у ЖКГ – дамовіліся, што годзік папрацую. Да гэтага часу тут. (Усміхаецца.) Уладкаваўся электразваршчыкам, затым пайшоў слесарам.

Працуем ў і горадзе, і на раёне: устараняем парывы труб, праводзім земляныя работы, аднаўляем водаправод, мяняем помпы… Што прасцей? Ды ўсё нескладана. Праўда, з новымі поліэтыленавымі трубамі менш валтузні, чаго не скажаш пра старыя, чыгунныя, – некаторым па 50 гадоў ужо, а то і больш. І ў горадзе іх хапае, і на раёне. Аблягчаюць справу новыя тэхналогіі. Так, даўно не варым “жалеза”, поліэтылен цяпер паяем.

Прывык – і працуецца на адным дыханні. Не паспеў раніцу распачаць – глядзіш, ужо вечар.

Як спраўляемся зімой? І ў -300С, як парыў, капаем – адбойны малаток у дапамогу. Кватэры без вады не пакінеш. І гэта, як па мне, самае галоўнае – своечасова дапамагаць людзям, за што мне і падабаецца работа. Ноччу выязджаць даводзілася – але нічога, галоўнае – хутка справіцца. У Альхойцы неяк помпу ў навагоднюю ноч мянялі. Дзецям і жонцы хацелася сям’ёй свята сустрэць. (Смяецца.) Але разумелі: цэлая вёска засталася без вады.

Цяпер да работы дабірацца хутка – жывём у Астраўцы: ад арганізацыі выдзелілі арэнднае жыллё. Вельмі ўдзячны за гэта: раней з Вароны ездзіў. Мне якраз 35 гадоў у той дзень споўнілася, калі ключы далі, – добры атрымаўся падарунак!

Увогуле складанасцей не баюся, асабліва ў рабоце. Схопліваю ўсё хутка, ды і вопыт ужо ёсць. Цяпер у мяне калегі кансультуюцца, што рабіць і як. Да слова, і настаўнікі ў мяне добрыя былі, многаму навучылі Сяргей Ковель, Вацлаў Чарняўскі, Рыгор Узарэвіч…

Лічу, няма работы, якую нельга выканаць, проста спачатку трэба падумаць. З Алегам Даўляшом (ён са старэйшых калег, бо у асноўным з намі працуе моладзь) можна параіцца – і ўсё абавязкова вырашыцца.

Збіраюся на днях у адпачынак. Тэлефон не адключу. Упэўнены, што калегі тэлефанаваць будуць. Але добра ведаю: трывожаць, таму што ёсць у гэтым патрэба. Як не дапамагчы, хоць бы парадай – работа спорыцца ў тых, хто працуе камандай.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович