Слесар Астравецкага РУП ЖКГ Юрый Заянчкоўскі пра сваю работу

10:00 / 22.03.2026

Юрый Заянчкоўскі працуе слесарам аварыйна-аднаўленчай брыгады Астравецкага РУП ЖКГ усяго трэці год, аднак ужо добра вывучыў спецыфіку работы, а галоўнае – прывык да яе і не расчараваўся:


– Работы нашай брыгадзе хапае, хоць дзень на дзень не прыходзіцца: прабіць забіванне ў каналізацыі, устараніць парыў трубы, паглядзець праходнасць труб, праверыць работу помпавай станцыі, прачысціць яе пры неабходнасці. Нашы аб’екты раскінуты па ўсім раёне. Даводзіцца часта працаваць у шахце: адзін спускаецца па лесвіцы, астатнія наверсе страхуюць, неабходны інструмент падаюць. Прывык: трэба – лезу і я.

Спачатку мы выязджаем у горад і, калі ўпэўнімся, што тут усё нармальна, адпраўляемся далёкімі маршрутамі. У нашай брыгадзе 4 чалавекі, таму працуем хутка. У аўтамабілі – перасоўваемся на “бусе” – ёсць усё неабходнае, за абсталяваннем справа не стане. Што галоўнае для слесара? Мець пры сабе “казу” для работы з каналізацыяй і спецкасцюм, каб спускацца ў калодзеж. (Усміхаецца.) У складаных сітуацыях выклікаем падмогу – машыну, якую мы называем “крот”.

…Ад цэнтра занятасці я спачатку адвучыўся на качагара. Затым прыйшоў у ЖКГ. Калі прапанавалі стаць слесарам, прайшоў курсы. Добрая дапамога, каб здаць кваліфікацыйны экзамен, – камп’ютар Якія задвіжкі бываюць, дзе і што знаходзіцца, як устараніць, да прыкладу, уцечку, разабраць вузел, пачысціць – усё там вучыў.

Самае галоўнае ў маёй рабоце – не запускаць яе, уважліва сачыць за станам аб’ектаў, за якія адказваеш. Ці складана? Не, калі не здараецца форс-мажораў. (Смяецца.) Зіма трымала ўсе службы ў напружанні, але нічога – справіліся.

Безумоўна, падабаецца, калі добра выканаеш работу і начальства гэта заўважыць. І хоць я ў ЖКГ усяго нічога, ужо зразумеў, што мая работа патрэбная і менавіта тут маё месца.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович