Беларусь глазами детей – о своей стране и себе рассказывают островчане

10:00 / 15.03.2026
Чым вылучаецца наша краіна сярод іншых дзяржаў і якія асацыя­цыі з назвай Радзімы ўзнікаюць у дзяцей  – пра гэта расказалі, падмацоўваючы ўласным досведам, школьнікі астравецкай СШ №2.

Краіна

«Дзяржава на карце свету. А для сапраўднага патрыёта – найдаражэйшы кавалак зямлі на сусветным шары».

Максім Сантоцкі:

 – Беларусь адрозніваецца ад іншых краін сваім народам – людзі тут добрыя,  талерантныя, працавітыя. У нас захавалася шмат унікальных гісторыка-культур­ных аб’ектаў, і ў кожным раёне ёсць свае адмецінкі. 

Візітнай карткай Беларусі можна назваць яе прыроду. Нашы лясы – гэта зялёныя лёгкія Еўропы. 

Наступная візітоўка – Мінск, сэрца краіны, яе веліч і прыгажосць.  Утульны і чысты горад. Хаця такія азначэнні без сумневу можна аднесці да кожнага беларускага  горада. Дарэчы, чысціня і дагледжанасць – яшчэ адна адметнасць нашай краіны, якую вылучаюць замежныя госці.

Ідём далей: сусветна вядомыя брэнды. Што тычыцца машынабудавання, гэта і трактар «Беларус» Мін­скага трактарнага завода, і жодзінскія БелАЗы (на хві­ліначку: наш самазвал занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса).  Запатрабаваны і нашы калійныя ўгнаенні. Беларускія харчовыя тавары – гэта заўсёды знак якасці і выдатнага смаку… Насамрэч, пералічваць можна шмат.

Наколькі ведаю, цэніцца за мяжой і наш узровень падрыхтоўкі спецыялістаў. 

Перакананы, што ад кожнага з нас, дзяцей і дарослых, залежыць, якой будзе візітная картка Беларусі і наша нацыянальная самасвядомасць. А для гэтага ў першую чаргу трэба цаніць сваю спадчыну, паважаць і любіць краіну і народ – з таго будуць вынікаць дзеянні і ўчынкі: адзін падтрымлівае парадак на зямлі, другі сумленна працуе, трэці дасягае вышынь у спорце, чацвёрты заяўляе пра сябе і краіну мастацкім талентам, а ўсе разам ствараем уласны і агульнанародны дабрабыт.

Прэзідэнт

«Кіруе Беларуссю Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, наш Прэзідэнт».

Даша Лабкоўская:

– Яго па тэлебачанні часта паказваюць. Прыгожы! І добры! Ён заўсёды віншуе ўсіх людзей з Новым годам, перад тым, як куранты праб’юць, – гэта прыемна, мы з бацькамі слухаем.  

Прэзідэнт патрэбен краіне, каб не было вайны і ўсё было добра. Гэта як тата дома альбо як дырэктар у школе, які сочыць за парадкам. 

Клопатаў мае шмат: патрэбна ўсім кіраваць, аберагаць свой народ, дапамагаць людзям, думаць, каб работа ў іх была, клапаціцца пра прыроду – словам, сачыць, каб усё ішло добра. Складана, канешне, але ж работа такая. (Добра яшчэ, што памочнікаў мае.) Нялёгка Прэзідэнту, напрыклад, у краіны розныя ездзіць, размаўляць там, каб яго разумелі. І пераконваць  трэба ўмець, і сябраваць, каб цябе паслухалі, зрабілі так, як ты прапануеш. (Задумваецца.) Тут яшчэ доб­ра мець падказчыкаў, з якімі можна параіцца, як лепш зрабіць тую ці іншую справу.

Работа ў кіраўніка краіны кругласутачная, ён не можа дазволіць сабе выхадных, бо спраў вельмі шмат, і спаць доўга няма калі – толькі каб сіл набрацца. Таму Прэзідэнтам можа быць далёка не кожны – для гэтага патрэбны трываласць, розум, працалюбства, ну і вучыцца доўга давя­дзецца, і шмат думаць. А потым яшчэ і трапіць на выбары, якія раз у пяць гадоў адбываюцца, – там народ вырашае, хто будзе галоўным у краіне. (Я з мамай і татам хадзіла. Яны ў аркушыках выбіралі, за каго галасуюць, і давалі мне ў скрынку іх пакласці!)

Мова

«Адзін з галоўных нацыянальных індэнтыфікатараў – мова, якая вылучае нас сярод іншых народаў».

Карына Сантоцкая:

– На маю думку, па-сапраўднаму шанаваць мову продкаў – значыць дасканала ведаць яе, а яшчэ лепш – размаўляць на ёй. Гэта дазволіць не страціць сувязь з мінуўшчынай, са сваімі каранямі і, галоўнае, быць адрознымі ад іншых народаў, зберагаць асаблівасці нацыя­нальнай моўнай культуры.

Пакуль што большасць у стасунках аддаюць перавагу рускай, спа­дзяюся, з цягам часу мы ўсё ж перафармаціруемся на  сваё, генетычна закладзенае. І гэта ўжо паціху адбываецца: нашы вытворцы выпускаюць адзенне з беларускамоўнымі прынтамі, у гарадах змяшчаюць білборды з беларускімі словамі, рэкламуюць тавары на роднай мове… Дарэчы, беларусаў, нават тых, хто гаворыць па-руску з дзяцінства, пазнаеш па асаблівасці вымаўлення некаторых гукаў: зацвярдзелага «р», шыпячых.

Уводзіць беларускія словы ў штодзённасць можа кожны ахвочы. Напрыклад, зрабіць для сябе традыцыяй хаця б раз на тыдзень размаўляць толькі па-беларуску. Можа, не адразу гэта атрымаецца, але дакладна надасць мозгу імпульс падабраць пэўныя словы, пашырыць слоўнікавы запас, а з цягам часу яны стануць звыклымі ў лексіконе. Такая  завя­дзёнка існуе ў нашай сям’і – мама ўвяла. Яе прапанову «Давайце сёння размаўляць па-беларуску» ахвотна падтрымліваем усе: і я, і тата, і брат. 

Мне вельмі падабаецца наша мова, яна  прыгожая, мілагучная, сакавітая і таму прыемная для слыху.  У нас ёсць адметныя словы, якія пры перакладзе на іншую мову губляюць свой асаблівы смак.

Сям'я

«Родны край, дзе жыве мая сям’я і шмат іншых людзей, якія любяць нашу краіну».

Саша Мізей:

– Без сем’яў, у якіх ёсць таты, мамы, дзеці, дзядулі і бабулі, не існавала б краіны, бо там не жыў бы народ.

Мама Аксана, тата Міхаіл брат Аляксей

Мама Аксана, тата Міхаіл брат Аляксей

Бацькі выхоўваюць сыноў і дачок – гэта ім прыемна, а для дзяржавы патрэбна: вырасце дзіця ў дарослага і будзе працаваць на карысць сабе і роднаму краю.  

Сям’я нечым падобная да маленькай краіны, толькі ёй кіруюць мама з татам. Ёсць  у нас і абавязкі, і законы (у тым ліку, не крыўдзіць адзін аднаго!), і нават выхадныя дні. Кожны павінен мець справу. Напрыклад, у нас: бабуля і дзядуля на пенсіі, яны шмат хадзілі на работу і цяпер адпачываюць; тата працуе на АЭС, мама – док­тарам; мы з братам пакуль вучымся ў школе. Але я хачу стаць аквалангістам – буду вывучаць новыя часткі акеана, паспрабую заплыць у самую глыбіню Марыянскай упадзіны.

Саша з бабуляй Марыяй і дзядулем Станіславам

Саша з бабуляй Марыяй і дзядулем Станіславам

Каб выгадаваць добрага чалавека, малое трэба вучыць: спярша размаўляць, хадзіць, гуляць, паводзіць сябе правільна, а потым ужо і фізіцы, і матэматыцы… І пра здароўе трэба думаць: правільнай ежай карміць, бо слабы чалавек не можа быць добрым работнікам, у яго проста сіл не хопіць працаваць. 

І з днём нараджэння трэба віншаваць, каб родны чалавек радаваўся, – гэта абавязковая сямейная традыцыя. Іншыя святы не забываць адзначаць, напрыклад, 23 лютага, Новы год… Хадзіць куды-небудзь разам – дзіцяці прыемна будзе.

У сям’і павінна быць мінімум адно дзіця, а максімум – пяць. Чым больш, тым весялей. Мне пашанцавала: брат ёсць. Старэйшы! Ён нават з урокамі дапамагае: гаворыць адказы на прыклады. 

Радзіма

«Месца, якое любіш больш за іншыя, – тое, дзе нарадзіўся і адчуваеш сябе патрэбным».

Вадзім Стакун:

 – Для мамы гэта вёска Карвэлі, для таты – Міхалішкі, а для мяне – Астравец. Ён самы малады горад Беларусі, пра яго і пабудаваную непадалёк атамную станцыю ведаюць нават у іншых краінах, бо гэта горад энергетыкаў – у нас і праспект так названы.   

Ёсць у нас і прыгожыя адмецінкі. Уязны знак з боку Ашмян падказвае гасцям: вас вітае  атамная сталіца краіны. Прыцягваюць увагу і каменныя скульптуры, устаноўленыя ў розных частках старога горада. Ля альтанкі на востраве кахання стаіць помнік кумжы – рыбіне, выява якой змешчана на гербе Астраўца. 
 
У сваім родным горадзе ведаю кожны закуток! Самае любімае месца – тэрыторыя вакол спартыўна-аздараўленчага комплексу «Імпульс»: парк, вулічныя трэнажоры, вяровачны гарадок і асаблівае месца прыцягнення – футбольная пляцоўка, куды на заняткі хаджу. 

Шмат чаго ў нас зроблена для таго, каб людзям было ўтульна і прыемна. І, лічу, кожны таксама павінен клапаціцца пра сваю маленькую радзіму. Самае элементарнае: не смеціць – гэта пад сілу нават маленькаму дзіцяці, проста яму трэба гэта патлумачыць. Можна і больш сур’ёзна падысці, як, напрыклад, астравецкія выратавальнікі: сваімі рукамі зрабілі  незвычайныя лаўкі бяспекі, ліхтар і ўстанавілі іх у горадзе – прыгожа і функцыянальна!

Я, да слова, валанцёр, разам з маці, якая працуе ў Чырвоным Крыжы, пажылым дапамагаю, у дабрачынных акцыях і суботніках удзельнічаю… Дакладна, добрыя справы ўпрыгожваюць не толькі чалавека, а і месца, дзе ён жыве.

Асоба

«Гэта я, і мама, і тата, і сястра, мы – частка народа. Люблю сваю Беларусь і хачу яе праслаўляць» 

Надзя Юшкевіч:

– Чула, што людзей атаясамліваюць з іх Радзімай, а па ўчынках аднаго чалавека могуць даць азначэнне ўсяму народу. (Задумваецца.) Атрымліваецца, што, паназіраўшы за некім адным: як размаўляе, паводзіць сябе, – можна зрабіць вынік, якія людзі жывуць у краіне. Ну напрыклад, выйшаў ты і паказаў свой талент ці прадэманстраваў, як добра працуеш. І скажуць альбо падумаюць: «Вось якія ўмельцы беларусы!»  Канешне, такое прыемна пачуць. 

Калі адчуваеш сябе часткай народа, то будзеш любіць і ведаць усё, што з ім звязана: спадчыну, традыцыі продкаў, зямлю, на якой жывеш. Галоўнае не проста ў душы любіць, а старацца паказваць гэта: рабіць што-небудзь карыснае, праслаўляць Радзіму, каб пра яе чулі. Напрыклад, мая сяброўка з музычнай школы ўдзельнічала ў конкурсе: запісала выступленне на відэа, адправіла ў Расію і заняла 1 месца – у выніку пра яе талент, наш горад і краіну даведаліся замежныя ўдзельнікі.

Я таксама хачу славіць нашу Беларусь. І ўжо маю пэўныя поспехі: выйграла раённыя алімпіяды па рускай і беларускай мовах. Займаюся ў школе мастацтваў: вучуся іграць на гітары, спяваць. Ужо шмат разоў выступала. З апошняга – канцэрт у шматфункцыянальным комплексе да Дня абаронцаў Айчыны. Столькі гледачоў было! Ад хвалявання за кулісамі нават дыхаць нармальна не магла. Выйшла на сцэну, а там у першых радах ся­дзяць ваенныя, у іх на пінжаках шмат медалёў… Калі мы выступілі (зрабілі гэта вельмі добра), вайскоўцы нам гучна пляскалі ў далоні і ўсміхаліся – прыемна было і нам, і нашаму настаўніку!

*Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту
Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива А. Мизея