Гонар раёна Вольга Умрыхіна: Хацела б пахваліцца бацькам

14:00 / 10.03.2026
Праходзячы міма, зача­пілася вокам за раённую Дошку гонару і, хоць раней не звяртала на гэта ўвагі, адзначыла: значная частка фота лепшых працаўнікоў раёна тут – жанчыны. Нездарма ўсё ж Прэзідэнт аб’явіў 2026-ты пад знакам прыгожай паловы нашай краіны! Жанчыны сапраўды годныя прызнання ва ўсіх сферах жыцця, асабліва ў працы. Вось яна, двайная нагода, расказаць пра цікавую жанчыну і гонар Астравецкага раёна – першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольгу Умрыхіну. Давайце пераступім парог яе кабінета…

– Вольга Віктараўна, як ацэнь­ваеце ваша занясенне на раён­ную Дошку гонару?

– Першае, пра што падумалася: гэта работа, зноў работа і яшчэ раз работа… І гонар. Вельмі шкада, што ўжо няма побач бацькоў, з якімі магла б гэтым падзяліцца. І для маіх дзяцей гэта вельмі значная падзея.

– Сельская гаспадарка патра­буе ад працаўніка многага. Чаго?

– На мой погляд, гэта самая складаная галіна. А ў ёй – жывё­лагадоўля. Жывёлу, нягле­дзячы ні на якія складанасці, трэба карміць і даіць. Тэхніка зламаецца – можа пастаяць дзень-два, пакуль зап­часткі для яе знойдуць. 

Я працую на Астравеччыне 10 гадоў. Бывала, зда­­­раліся цяж­кія выпадкі. А калі ў 2019 го­дзе сельскую гас­па­дар­ку раё­на ўз­на­чаліў Іван Мар’я­на­віч Кар­ніла (першы намеснік стар­­шы­ні рай­вы­канкама. – Заўв. аўт.),  па­чалі зна­ходзіць вый­сце з сітуа­цыі, ка­лі не хапала кар­моў. 

Жанчыне асабліва складана: дома свая гаспадарка, сям’я – каб спа­радкавацца, таксама патрэ­бен час. 

Увогуле, вельмі люблю нашых вясковых жанчын. Але яны пра гэта не ведаюць. (Смяец­ца.) Паважаю за тое, што яны свой лёс звязалі з такой нялёгкай сферай. Што шмат працуюць, вытрымліваюць скла­даны графік – і не скар­дзяцца, якасна выконваюць тое, што ім даручана.  

Канешне, сёння не тое, што раней. У вяскоўцаў працы менш: кароў, свіней няма, сена нарыхтоўваць не трэба, бульбу садзяць і капаюць адзінкі, нават агароды не ў кожнага ёсць. Я вырасла ў вёсцы, дзе было гэта ўсё, а вось крамы – не, таму памідоры, агуркі, капусту – ды ўсё, што вырошчвалі і ў лесе збіралі, – кансервавалі. Вось прыйдзе госць – будзе чым яго пачаставаць! 

Калі стала дарослай вырашы­ла, што мае дзеці не будуць ведаць, што такое нарыхтоўкі. Так і атрымалася. 

Цяпер жыву ў гарадской ква­тэры. І на першым часе не ве­дала, чым тут  сябе заняць. Калі быў дом, работы заўсёды  хоць адбаўляй: агарод, кветкі – вельмі іх люблю, дзеці… А тут? Некалькі месяцаў раз на тыдзень вечарам плітку ў санвузле мыла. (Смяецца.) 

– Сёння ў сельскую гаспа­дарку прыходзіць усё больш моладзі…

– І я вельмі гэтаму рада. Нехта скажа: сякая яна такая, гэтая сучасная моладзь. Праца­ваць не хоча, толку з яе мала. Не пагаджуся. Яна адказная, хуткая, працавітая. І ва ўсе часы адноль­кавая: нам услед бацькі таксама кулаком патрасалі, маўляў, не такія, як мы. У моладзі свой погляд на жыццё – а чаму ён павінен супадаць з нашым? Яны смелыя – не баяцца шукаць сваё месца. І мне гэта падабаецца. 

Зрэшты, сваіх дзяцей мы вы­хоўваем і вучым – чытайце «лепім» – самі. Калі пасля абеду я зай­маюся работай, сын без ліш­ніх слоў памые за намі посуд. А на днях заходжу ў паліклініку, дзверы мне прытрымлівае хлоп­чык гадоў 15-ці. Так прыемна! Аднак гэта ж нармальна – яму бацькі прывілі культуру паво­дзін. І свайго сына я заўсёды вучыла, што жанчына павінна быць жанчынай. 

– Успомніце, як і калі вы прыйшлі ў прафесію.

– Гэта было 34 гады назад… І за выключэннем часу, пакуль у дэкрэтным адпачынку працавала прадаўцом, нікуды больш з гэтай сферы не сыходзіла. 

Помню, як цётка раіла ісці ў сельскую гаспадарку – маўляў, паважаным чалавекам будзеш. У тыя часы так і было: без заа­тэхніка і ветурача нельга было ўявіць ніводную вёску. І я пайшла.


Што трымае да гэтага часу? Ма­быць, добрыя адносіны з людзь­­мі, кіраўніцтвам. У 1992 го­дзе стар­шыня мясцовага (у Смар­гонскім раёне. – Заўв. аўт.) кал­гаса Антон Клышэвіч пра­­па­наваў узначаліць жывёла­га­доў­лю. Мне тады было толькі 25 гадоў, а гаспадарка моцная, вялі­кая. Баялася, канешне, але ён за­пэўніў, што будзе побач і дапаможа. Толькі пайшоў з жыцця лі­та­ральна праз два тыдні, як мяне пры­значылі… 

«Падкупіў», каб застац­ца, новы дом, які выдзелілі ў цэнтры вёскі. Гэта быў добры стымул асесці і працаваць. 

Цяпер, ка­лі нашым спе­цыя­лістам пра­па­­нуюць жыллё ў горадзе, радуюся: упэўнена, гэта дапаможа ім пусціць карані ў нашым раёне. А дабірацца на работу не праблема. І гэта добра разумее наш стар­шыня райвыканкама Сяргей Мядз­вецкас. 

– Калі б вы праводзілі праф­арыен­тацыйнае мера­пры­емст­ва, што самае галоўнае сказалі б яго ўдзельнікам?

– Прызнаюся: раней, калі пры­ходзіла ў школу, дзень адгай­саў­шы па гаспадарках, не асабліва хацелася штосьці гаварыць. Дый яшчэ некалькі гадоў назад складана было штосьці прапа­на­ваць. Сёння можна. У міну­лым годзе спецыялісты жывё­лагадоўлі атрымалі арэнд­нае жыллё, паступаць і ву­чыцца ў профільным вну цяпер можна на вельмі годных умовах, атрымаеш накіраванне – будзе гарантавана месца працы, да таго ж зарплаце работнікаў сельскай гаспадаркі цяпер многія зайздросцяць. Пра гэта хочацца гаварыць. 

– Што б вы сказалі маладому спецыялісту, які пасля першага года работы вырашыць, што памыліўся з прафесіяй?

– Прапанавала б не спяшацца з вывадамі. Пастаралася б разаб­рацца, у чым справа, што яму «не зайшло», паспрабавала б знайсці да яго падыход. Год – гэта вельмі кароткі тэрмін, каб зразумець спецыфіку работы і сябе.

На комплексе ў Падольцах працуюць дзве дзяўчыны, добра спраўляюцца. Даўно казала ім: паступайце вучыцца, у вас атрымаецца. Яны адмаўляліся – баяліся. А зараз ужо на сесіі…

– Не работай адзінай. Колькі часу вам неабходна для сябе?

– Раніцай дастаткова гадзіны. Вечарам… Дзеці ўжо выраслі, жывуць у Мінску. Таму дадому не спяшаюся, а на рабоце заў­сёды ёсць «хвасты», якія не паспела зрабіць за дзень. Люб­лю прагуляцца: у Астраўцы па шырокіх тратуарах хадзіць – адно задавальненне. 

З дзецьмі абавязкова кожны вечар стасуемся па тэлефоне. Не разумею, як можна тыдзень не чуць родны голас і не спытаць у дачкі і сына, як прайшоў іх дзень. 

З кнігай у руках магу право­дзіць вечар. Нядаўна ў трэці раз перачытала «Яўгена Анегіна» Пуш­кіна. Адзначу: з узростам кожны твор успрымаеш па-ін­шаму…

– Тры кіты, на якіх трымаецца жыццё Вольгі Умрыхінай?

– Дзеці – гэта маё ўсё. Работа, якую, дарэчы, сын з дачкой не заўсёды разумеюць. Родны дом і сябры – вялікая і неад’емная частка майго жыцця.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович