90-годдзе адзначыла былы ўрач, мудрая і светлая жанчына Ніна Кулакова

12:00 / 10.03.2026
Ніне Аляксандраўне Кулаковай у апошні дзень лютага споўнілася 90 гадоў. Такая юбілейная дата сама па сабе заслугоўвае павагі, а жыццё, што пражыла гэтая мудрая і светлая жанчына, – тым больш.

…Неяк мы сустрэліся з Нінай Аляксанд­раўнай на вуліцы, разгаварыліся. У нас ёсць агульныя тэмы для ўспамінаў: яе муж, светлай памяці Яўген Мікалаевіч Кула­коў, доўгі час працаваў у рэдакцыі «Астравец­кай праўды».

Міма нас праехала на веласіпедзе жанчына. Спынілася, павярнулася, доўга ўгля­далася. Вярнулася. 

«Ніна Аляксандраўна? А я вас адразу не пазнала… Думаю: вы гэта ці не? Я вам дзякуй хачу сказаць – ад сябе і ад сваёй мамы. Вы некалі мяне ад смерці ўратавалі. Памятаеце, якую мяне да вас у інфекцыю даставілі? Пэўна ж, не: колькі нас такіх было. А я вас на ўсё жыццё запомніла. Малюся за вас. Вы – мая ратавальніца».

То была выпадковая сустрэча з пацыенткай, якую Ніна Аляксандраўна, вядома ж, не помніла: шмат гадоў таму яна ратавала маленькую дзяўчынку, а цяпер ёй дзякуе сталая жанчына, напэўна, сама ўжо бабуля. 

Калі б сабраць разам усіх удзячных ёй па­­­цыентаў, тых, каго яна вылечыла, каму ўра­тавала жыццё ці проста дапамагла ў жыц­ці словам ці справай – упэўнена, што кіна­канцэртная зала «Астравец» усіх не змяс­­ціла б…

Ніна Аляксандраўна – расіянка, яраслаў­ская. Але ў бацькі-ваеннага адрас быў, як у той песні – не дом і не вуліца, а ўвесь Савецкі Саюз. Школу Ніна заканчвала ў Вільнюсе і з суседкай па пад’ездзе паехала ў Мінск паступаць у медыцынскі інстытут.

– На размеркаванні выбірала, каб было бліжэй да Вільнюса, дзе жылі бацькі. Астравец – самае тое, – успамінае Ніна Аляк­санд­раўна. – Прыехала цягніком у Гудагай, пы­таюся: «Дзе раённая бальніца?». «У Каменцы, – адказваюць. – Ідзі прама, нікуды не звароч­вай – і патрапіш, куды трэба». «Доўга ісці?» – удакладняю. «Пакуль не стомішся». Так і было: ішла, пакуль не стамілася і пакуль не з’ела ўсе прысмакі, што дала мне мама ў дарогу…

Маладога ўрача прызначылі педыятрам і ў першую ж ноч паставілі дзяжурыць. Ноччу паступіла жанчына з крывацёкам.  Яна ўсё зрабіла, як і вучылі. Назаўтра на пяцімінутцы бадзёра далажыла пра свае дзеянні, чакала, што пахваляць, а яе паўшчувалі: не варта ўсё браць на сябе, здарыцца неардынарная сітуацыя – выклікай вузкіх спецыялістаў…

У той час у раённай бальніцы ў адной палаце ляжалі ўсе: гінекалагічныя хворыя, тэра­пеўтычныя, мамы з дзецьмі, малыя... Адно што жанчыны з мужчынамі паасобку. 

Малады ўрач зняла кватэру ў Астраўцы. Хадзіла на работу пешшу: чатыры кіла­метры туды, столькі ж назад. Зрэшты, не яна адна: усе так пачыналі. І на выклікі да пацыентаў дабіраліся на сваіх дваіх – пра транспарт, як і пра жыллё, ніхто і размовы не вёў. 

«Неяк восенню ішла на выклік у Бараноўку, вырашыла спраміць шлях і пайшла праз цагельны завод. А там – балота! Стала – і страціла свае боцікі… Прыйшла да хворага дзіцяці босая. Матуля і пра малога забылася, кінулася мяне ратаваць: знайшла нейкія апоркі, каб я дахаты дайшла. А боцікі потым выцягнулі, у руках іх прынесла».

Праз нейкі час Ніну Аляксандраўну на танцах «выглядзеў» журналіст «Астравецкай праўды» Яўгеній Кулакоў, які і стаў яе лёсам. 

Калі педыятраў у бальніцы пабольшала, а адзіны інфекцыяніст звольніўся, тага­часны га­лоўны ўрач Уладзімір Ігнатовіч пра­па­наваў Ніне Аляксандраўне атрымаць новую спецыялізацыю. Яна паслухалася – і да пенсіі і пасля выхаду на заслужаны адпачынак працавала загадчыкам інфекцыйнага аддзялення. 

…У дзень юбілею ў яе кватэры было люд­на і шумна: віншавалі калегі, родныя, сяброўкі, суседзі. Памятаюць і паважаюць яе людзі. Значыць, доўгае жыццё пражыта недарэмна: ёсць што ўспомніць і пра што моладзі расказаць. Было б толькі каму слухаць…


Текст: Нина Рыбик