Сямідзесяцігадовая Марыя Янчэўская з Газы ні дня не сядзіць без справы

15:00 / 08.03.2026

З Марыяй Янчэўскай мы дамо­віліся пра сустрэчу загадзя. Калі я пастукалася, прыемны жаночы голас пачуўся аднекуль з глыбіні хаты:

– Заходзьце! Я ў кухні, дранікі пяку. Вы ж, пэўна, яшчэ не снедалі?


Я снедала. Але адмовіцца ні ад дранікаў з мясам, ні ад кавы з хатнімі вяршкамі не змагла. І не толькі таму, што было неверагодна смачна, а і каб не пакрыўдзіць гаспадыню.

«У мяне ж кароўка тры дні як ацялілася! – падзялілася галоўнай навіной Марыя Іосіфаўна («Ды што там, проста Марыя», – махнула яна рукой). І такая радасць: цялушку прывяла, раней усё бычкі нараджаліся. Нізавошта не прадам! Хіба  хто захоча гадаваць. А не, дык сабе пакіну. Не ведаю, ці хопіць сілы дзве каровы трымаць, усё ж летась 70-годдзе адзначыла... Але пад нож не пушчу. Мы ўвогуле ніколі цялятка не рэзалі. Быкоў гадавалі да дарослых, потым здавалі на мясакамбінат. А тут цялушачка… Яна ж таксама маці можа стаць!»


Такія адносіны ў Марыі да каровы – не як да фабрыкі малака, а як да сваёй сяброўкі ці нават больш – члена сям’і. Рагуля ацялілася ў самыя маразы, дык яна павыносіла з хаты дываны і коўдры, каб уцяп­ліць жытло сваёй любіміцы.

– Дзеці кажуць: збывай, нашто табе? Цяпер усё можна купіць. Але ж я каву з вяршкамі люблю, – прызнаецца жанчына. – А магазіннае малако піць не магу. Купіць, вядома, усё можна, ды сваё ёсць сваё. 

Таму і трымае Марыя Янчэў­ская, адзіная ў Газе, карову. І на падваконні ў яе, нягледзячы на мінус 20 за акном (сустракаліся мы ў сярэдзіне лютага) «каласілася» бульба, кожны з 18 кустоў у асобным смеццевым пакеце. Калі не да 8 сакавіка, то да Вялікадня дакладна будзе мець маладую!

– Не лянуйся – і ўсё ў цябе будзе. Як казалі некалі? «Працуй пільна – і тут будзе Вільня», – пераканана Марыя Іосіфаўна.

У Марыі Іосіфаўны любоў да працы з маленства. Дзяцінства яе прайшло ў вёсцы Палесціна.

– Я так удзячна дзеду з бабай! Гэта яны мяне ўсяму навучылі, да працы прывучылі, – гаворыць жанчына. – Мне не цяжка ўстаць на досвітку і да дня ўсю работу перарабіць. Муж ніколі раніцай на паству не падымаўся, хоць ён таксама вясковы. І дзяцей будзіць шкадавала. Заўсёды сама. Мне не цяжка, мне – у радасць.

У Газу яна прыйшла замуж. Сталі будаваць хату.

«Усё самі рабілі: і габлявалі, і пілавалі. Раней жа не было такога, каб майстроў наняць. Ці бацькоў прасіць: дайце грошы, падарыце кватэру. І крэдытаў, як цяпер, не было. А дзе грошай узяць? Запусцілі шмат жывёлы, з гэтага і капейку мелі. Мой Янчэўскі, праўда, не вельмі хацеў вялікую гаспадарку заводзіць, яна клопату патрабуе. Ды з чаго ж тады жыць?»


Муж працаваў у калгасе вадзі­целем. Яна ў Газе пачынала на ФАПе санітаркай. 

– Марынка маленькая яшчэ. Дык я на рускай печы зрабіла загарадку, каб не ўпала, і адну пакідала. А сама напрасткі, праз кладачку, на ФАП. Прыбяруся – прыбягу, малую пакармлю. І зноў на работу. Так і лётала туды-сюды. А што было рабіць? Калі пайшла гандляваць у ларок грамадскага харчавання, дачушка ўжо падрасла, з сабой брала, удваіх «працавалі». Таму, пэўна, яна і вырасла такая самастойна, усё сама вырашае. 

З Валяй, якая нарадзілася праз 5 гадоў пасля Марыны, было прас­цей: пайшла на пенсію маці. То да сябе ў вёску малую забярэ, то да дачкі прыедзе. А Марыя стала працаваць у магазіне.

– Я ніводнага дэкрэта і не адся­дзела да канца, ні з дочкамі, ні з Сашкам, які нарадзіўся праз 7 гадоў пасля Валі, – паціскае пля­чамі Марыя Іосіфаўна. – Грошы трэба былі. Усяго хацелася. 

Дзеці раслі, бацькі старэлі. Пры­язджалі да дачкі спачатку на зіму, а потым і ўвогуле пера­браліся, ба­лазе, хату Янчэў­скія пабу­да­валі прасторную, усім месца хапала. А потым і свяк­роўку забралі. 

– Таты ўжо не стала, яна з мамай у адным пакоі жыла. Абедзве з 23-га года, ды яшчэ з адной стараны, некалі на танцы разам хадзілі, то ім было што ўспомніць. 

А Марыя без адрыву ад работы, хатняй гаспадаркі і сям’і ўмуд­ры­лася яшчэ і тэх­нікум закончыць. 

«Лічы, назло мужу паступіла, – успа­мінае яна з усмешкай. – У рай­саюзе прапанавалі паступаць, з балам атэстата 4,5 бралі без экзаменаў. А мой Янчэўскі ўпёрся – ніза­вошта! А сам выпіць любіў… Неяк сядзіць пад магазінам з сябру­камі, я выскачыла, кажу: «Калі ты зараз жа не кінеш гэтую справу і не пойдзеш дахаты, то я заўтра павязу дакументы ў тэхнікум». 

Ён, вядома ж, застаўся. А яна, вядома ж, паступіла: сваіх слоў на вецер не кідала.

У тэхнікуме атрымала прафесію бухгалтара, але не працавала па спецыяльнасці ні дня. Стаяла за прылаўкам 26 гадоў. А калі абвінавацілі ў тым, чаго не рабіла, звольнілася. Пайшла на ферму цялятніцай. Ужо была на пенсіі, калі прапанавалі ўзначаліць ферму «Беразоўка».

Усё яна паспявала. Працавала, дапамагала гадаваць унукаў. Трымалі вялікую гаспадарку: чатыры быкі, чатыры каровы, цялушка цельная, свінаматкі… І тут памёр муж. А па невядома кім прыдуманай традыцыі жывёлу да году пасля смерці гаспадара збываць нельга.

– Вам не расказаць, як было цяжка! Хоць ты задушыся! Яшчэ ж і ўнукаў на лета прывезлі. Неяк здаровыя быкі паламалі загарадку, вырваліся, а ў мяне тут дзеці бегаюць. Страху мела! Але ўсё абышлося: нікога не зачапілі. Бог мяне шкадуе, сто разоў у гэтым пераканалася. 

Ужо 14 гадоў яна адна. Прызнаецца, што цяжкавата спраўляцца з гаспадаркай, хай сабе і не такой вялікай, як некалі: быкоў, лішніх кароў прадала.

– Далі мне за жывёлу цэлую торбу грошай. А ўночы нейкія людзі сталі ламіцца ў хату. От напужалася! Давай крычаць, гаварыць на розныя галасы, нібы ў мяне поўная хата людзей. Суседзям пазваніла, каб святло паўключалі. Дык Валодзя Кімса ўхапіў кол і кінуўся на выручку. А другі сусед кажа: «Хай паграбуць яе трохі, не збяднее…» Не роўны лес – не роўныя і людзі. Грошы дзецям параздавала. А сама пасля таго памяняла дзверы на жалезныя. 

Калі памёр муж, Марыя вырашы­ла, што ўсё, хопіць! Звольнілася з работы, збыла жывёлу, пакінула адну карову. Думала: будзе тры­маць яе для радасці, колькі сіл хопіць. А яна, карміцелька і сяб­роў­ка, раптоўна пала.

– Харошая была, красавіца-раскрасавіца, аж ласнілася. Цельная. І праз два гады як не стала Янчэўскага, дзень у дзень, бах – і здохла. Як я галасіла па ёй, вам не расказаць! Палучыла страхоўку, ехала з Астраўца на папутцы, падабрала «атамная» машына. Пытаюся: можа, у вас ёсць якая работа? Бо звар’яцею дома без справы… Вярнулася дахаты – звоняць: прыязджайце. І яшчэ 10 гадоў пра­цавала там прыбіральшчыцай. Пяць участкаў прыбірала. Электра­скутар купіла, на ім і ездзіла, на яго пропуск не трэба. Толькі ў мінулым годзе работу пакінула.

І з гаспадаркі ў яе засталася толькі карова ды куры. Ды яшчэ вось нованароджаная цялушачка.

Цяпер яна адна ў вялікай хаце, дзе заўсёды было людна і шумна. У дзяцей свае сем’і: Марына жыве ў Браславе, Валя і Саша – у Варнянах. Марыя Іосіфаўна мнагадзетная не толькі маці, але і бабуля: у яе дзевяць унукаў. Дасць Бог, і праўнукаў дачакаецца: старэйшыя ўнукі ўжо жанатыя.

– А я ўжо нікога ў сваё жыццё пускаць не хачу, – прызнаецца жанчына. – Каму чужому мае дзеці ды ўнукі патрэбныя? Калі муж памёр, адна мудрая жанчына сказала: «Ты ж хоць не здурней і не выйдзі зноў замуж». Я паслухалася. 

– Дый нашто мне? – працягвае яна. – Я ўсё ўмею, дзякаваць Янчэўскаму. Мая сястра, як аўдавела, нават курыцы засячы не можа: усё муж рабіў. А я сама сабе і сантэхнік, і сталяр, і электрык. Нікога прасіць не трэба. Памяняла вокны, са старых рам зрабіла цяпліцу. Летась маладую бульбу ўжо ў маі ела, а потым і памідоры свае, і агуркі, і перцы. На вёсцы жыць і не мець свайго – гэта не па мне. 

Але ж «сваё» само па сабе не з’яўляецца, без догляду растуць толькі крапіва ды лебяда. Ды ёй трэба заўсёды быць пры справе, так яе змалку навучылі, і ў тым яе сіла. 

«Маю трактар. Адзін ужо з’ездзіла, другі купіла. Нікому не кланяюся. Кармоў цяпер ніхто не дае, самім трэба клапаціцца. Але Прэзідэнт, дзякаваць яму, даў прыказ усюды абкошваць. Усе косяць – а я збіраю, мне яшчэ і дзякуюць. Сама наважу сена, насушу. На зіму хапае».

Карміліца забяспечвае Марыю смачным малачком ды вяршкамі, дзеці ласуюцца мамінымі тварагом ды смятанкай, лішкі малака яна здае малаказборшчыку. Кожны дзень пад’язджае да яе хаты ў Газе машына – і кожныя 10 дзён яна ідзе на пошту, каб атрымаць перавод за здадзенае малако. 

– Сякая-такая прыбаўка да пен­сіі. Кароўка – што тая пчолка: і сябе корміць, і мяне…

І доўгімі зімовымі вечарамі яна не сумуе: працавіты чалавек заў­сёды занятак знойдзе. 

 – Ад мамы засталіся ваўняныя ніткі. Не марнаваць жа мне яе працу! Звязала сабе касцюм: цёпла і прыгожа. Свэтраў розных нарабіла. Дзеці не вельмі хо­чуць. Аддала  дачцэ кажушок даўнейшы, самі выраблялі аўчыны, шылі на заказ. Закінулі: кажуць, цяпер такія не носяць. Назад забрала: мне і модна, і хораша. Аўчынная латка – як родная матка. А тут жа яшчэ і памяць грэе…

Адпачываць Марыя Іосіфаўна не ўмее. І не хоча. 

Бо ў працы – яе сіла.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик