Хто і чым корміць вучняў гімназіі
Шматлікімі навукоўцамі, урачамі, дыетолагамі даўно даказана відавочная сувязь паміж харчаваннем і навучаннем. Рацыянальнае школьнае харчаванне садзейнічае правільнаму росту і развіццю дзіцячага арганізма, умацаванню здароўя, прафілактыцы захворванняў, павышае працаздольнасць і эфектыўнасць навучання.
У гімназіі №1 Астраўца ёсць усё неабходнае для таго, каб прыгатаваць якасную ежу і смачна накарміць навучэнцаў. Аднак на ўсіх этапах прыгатавання павінен быць парадак і кантроль – прычым ён настолькі важны, што ўстановы, якія самастойна арганізоўваюць харчаванне, ужо мараць пра штатную адзінку адказанага за харчаванне!
Тэхналогія прыгатавання ежы, пастаўка прадуктаў у неабходны тэрмін, выкананне санітарна-гігіенічных патрабаванняў, захаванне ўстаноўленых грашовых і натуральных норм, адпаведнасць матэрыяльнай базы харчблока, аптымальны рэжым харчавання, гнуткі графік дзяжурства навучэнцаў па сталовай – гэта няпоўны пералік пытанняў і накірункаў, якімі выдатна валодае адказная за арганізацыю харчавання гімназістаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Казак.
Меню
Першае, што кідаецца ў вочы пры ўваходзе ў абедзеную залу гімназіі, – маляўнічы тэматычны стэнд, на якім у абавязковым парадку кожную раніцу вывешваецца меню. Яно распрацоўваецца на аснове двухтыднёвага з улікам працягласці часу знаходжання вучняў ва ўстанове, разнастайнасці спалучэння прадуктаў для кожнай узроставай групы дзяцей і інш. Інжынеры-тэхнолагі раённага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных устаноў Вольга Некарыстнава і Інна Емельянава пры складанні меню пільна сочаць за тым, каб у харчаванні навучэнцаў не выкарыстоўваліся вострыя заправы, , сокі і напоі ў выглядзе сухіх канцэнтратаў, крабавыя палачкі, якія не адпавядаюць нормам і патрабаванням.

І нарэшце, каб меню стала дзейсным, яно павінна атрымаць станоўчую санітарна-гігіенічную ацэнку. Аліцыя Яцэвіч, галоўны памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ асаблівую ўвагу надае захаванню каларыйнасці харчавання ў адпаведнасці з фізіялагічнымі ўзроставымі нормамі, размеркаванню каларыйнасці па асобных прыёмах ежы, аптымальным суадносінам бялкоў, тлушчоў, вугляводаў, адсутнасці паўтарэння страў на працягу дня і на працягу двух і больш дзён запар…
Што выбіраюць дзеці
Таццяна Казак, прынцыповы і вельмі строгі адказны за арганізацыю харчавання, праводзіць сістэматычную работу па фіксацыі смакавых пераваг дзяцей. І калі нейкія пазіцыі катэгарычна не падабаюцца вучням, то ўстанова просіць іх замяніць або выключыць. І большасці выпадкаў тэхнолагі ідуць насустрач, бо разумеюць: ад іх рашэння залежыць, накормленыя альбо галодныя будуць гімназісты.
Такі падыход дапамагае выбраць самыя папулярныя стравы і значна зменшыць колькасць харчовых адходаў. Уведзены ў меню і новыя стравы: яйкі перапёлчыны, стравы з мяса індычкі (дарэчы, астравецкай), для вучняў з групы падоўжанага дня – ватрушкі з тварагом.

Якасць прадуктаў
Адзначу, што якасную і правільную ежу можна прыгатаваць з якасных прадуктаў. Кладаўшчык Алена Лук’янчык вядзе іх улік, сочыць за якасцю і ведае дакладна, колькі грамаў мяса ці гарніру неабходна для адной порцыі. У сталовай устаноўлены дакладны рэгламент, і важна выконваць нормы прадуктаў, рэцэптуру страў.
Умелыя рукі
Рабочы дзень у сталовай гімназіі пачынаецца рана, бо неабходна падрыхтаваць кухню, запусціць абсталяванне. За харчаванне адказвае цэлая каманда: Наталля Аўгуль, загадчык сталовай, і Алена Сцефановіч, Дар’я Шкабара, Вольга Скурко – павары. Кожны дакладна і добрасумленна стараецца выконваць свае абавязкі, каб выканаць важную місію – накарміць гімназістаў.
Якаснае харчаванне непарыўна звязана з бракеражнай камісіяй, якая пільна сочыць за якасцю ежы. Дарэчы, да ўдзелу ў дадзеных мерапрыемствах запрашаюцца і бацькі. У дэгустацыі школьных страў прымалі ўдзел мамы навучэнцаў усіх узростаў. Вердыкт: смачна!

Жанна ЯНЦЭВІЧ.