Справа жыцця Дануты Субаткевіч
12:00 / 28.02.2026

«Ты будзеш лекаркай»
Данута Раманаўна родам з вёскі Муравана Бераставіцкага раёна. У калгасных каваля і даяркі нарадзілася чацвёра дзяцей, Дана была другой. Малодшы сын, на жаль, трагічна загінуў у 7-гадовым узросце: суседскія дзеці вырашылі пагуляць у вайнушку з бацькавым ружжом. Раздаўся стрэл. У дзіцячай гульні ахвяра аказалася сапраўднай…Бацькі, простыя калгаснікі, траім дзецям дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Старэйшы сын закончыў педагагічны інстытут імя Максіма Танка, малодшая дачка – інстытут замежных моў.
Дане ў дзяцінстве бабуля, слынная ў наваколлі траўніца і павітуха, сказала:
– Ты, унучка, будзеш лекаркай. Да цябе ўсе коцікі і сабачкі лашчацца, дзеці з рук не злазяць… А іх не падманеш, яны душой адчуваюць добрае сэрца…
Спраўдзілася прароцтва бабулі: Данута паступіла ў медыцынскі.
Там і каханне сваё сустрэла. Тадэвуш Субаткевіч, такі ж вясковец, як і яна, толькі з астравецкіх Чэхаў, быў яе аднакурснікам. На пятым курсе яны пажаніліся, на шостым нарадзілася Марына.
«З’язджайце, у вас жа дзеці»
Інтэрнатуру Субаткевічы праходзілі ў Гомельскай абласной бальніцы. Там і працаваць іх пакідалі. Ды Тадэвушу, які аднойчы пабываў у настоеных на памяці прашчураў, водары сасновых бароў і разнатраўі прыпяцкіх лугоў Юравічах, падалося, што лепшага месца ў свеце няма. Яны паехалі працаваць ва ўчастковую бальніцу. Было гэта ў 1985 годзе.А ў 1986 выбухнуў Чарнобыль.
– Тры гады мы там не тое што працавалі – укалвалі, без выхадных і бальнічных. Я нават у дэкрэтным водпуску, нарадзіўшы Андрэя, амаль што не была: трэба было дапамагаць мужу, – успамінае Данута Раманаўна. – Бальніца на 50 ложкаў плюс амбулаторны прыём. Тры ўрачы: мы і яшчэ адзін мужчына.
Прыязныя палешукі адразу прынялі маладых урачоў і паверылі ім. Да Субаткевічаў ехалі не толькі з навакольных вёсак, але і з Калінкавіч, з Хойнікаў.
– Працаваць было цяжка, але нам там вельмі падабалася: цудоўная прырода, добрыя людзі, – гаворыць Данута Раманаўна. – Засталіся б на ўсё жыццё, калі б не Чарнобыль… Неяк прыехалі дактары з Ленінграда, кажуць: «З’язджайце адсюль! У вас дзеці…» І мы рашыліся. Калі пакідалі Юравічы, людзі дарогу перакрылі: паставілі стол, накрылі яго рознымі прысмакамі. Плакалі – і яны, і мы…
37 гадоў на адным месцы
У 1989 годзе Субаткевічы прыехалі ў Астравец. Тагачасны галоўны ўрач Валянцін Тачоны з радасцю прыняў у калектыў дваіх маладых тэрапеўтаў. Нават жыллё ім выдзелілі – кватэру ў доме без зручнасцяў на Набярэжнай.Добраўпарадкаваную кватэру давялося чакаць 10 гадоў, ды яшчэ і рамантаваць самастойна. Затое цяпер яна – уласнасць.
– Жывём практычна на тэрыторыі бальніцы. Так зручна! Цяпер, калі Астравец разросся, нават не верыцца, што так магчыма, – гаворыць Данута Раманаўна.
37 гадоў працуе яна ў раённай паліклініцы, 31 з іх – участковым тэрапеўтам.
Тадэвуша Зыгмундавіча, калі адкрылася аддзяленне рэабілітацыі (тое, колішняе, якое месцілася ў падвальным памяшканні паліклінікі, – памятаеце?) прызначылі яго загадчыкам. А яшчэ выбралі старшынёй прафсаюзнага камітэта, і ён на грамадскіх пачатках выконваў гэтыя няпростыя абавязкі два дзесяцігоддзі. Творчыя калектывы раённай бальніцы тады свяціліся і перамагалі паўсюль: на турыстычных злётах, у КВЗ, інтэлектуальных гульнях, вакальных конкурсах…
І заўсёды разам з ім ці хоць бы побач была яго калега, сяброўка, паплечніца, трывалае плячо і надзейны тыл – Данута Раманаўна.
Ляцець з адным крылом…
Дэлегацыя Астравецкай раённай бальніцы, у склад якой уваходзіў старшыня прафкама, на абласной выніковай калегіі паднялася на сцэну за ўзнагародай. І раптам Тадэвуш Субаткевіч упаў. У зале было поўна ўрачоў, але ўратаваць яго не змаглі. Раптоўная смерць…«Восем гадоў як я адна. Дзеці выраслі, стварылі сем’і. Праведваюць, вядома, але ў іх сваё жыццё. А са мной – котка, сабака, курачкі, – расказвае жанчына. – З коткай увогуле гісторыя атрымалася. Яна сама прыйшла ў хату ў дзень, калі споўнілася 30 дзён з дня смерці мужа. Абышла дом, агледзелася… У мяне на той час была ўжо кошачка, але мама сказала: «Не праганяй гэтую, яна невыпадкова тут з’явілася». Вечарам котка заскочыла на ложак і легла побач са мной на месца Тадэвуша».
На турыстычныя злёты Данута Раманаўна, нягледзячы на ўзрост, ездзіць да гэтага часу. Гэта – даніна памяці мужу.
Ды і не адпускае яе бальнічная каманда, кажуць: «Ну як мы без вас, мамачка вы наша!» Канешне, яна не гуляе ў валейбол і не праходзіць паласу перашкод, але нязменны конкурс «Быт турыста» не абыходзіцца без яе ўдзелу і смачных страў.
Па працы і пашана
У 2010 годзе ў жыцці Дануты Субаткевіч адбылася адметная падзея: яе ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».
Душой прыкіпелі
Данута Субаткевіч ужо 10 гадоў як пенсіянерка. Але працягвае працаваць, толькі апошнія 5 гадоў – не на ўчастку, а на прафаглядах.Кожны раз, калі заканчваецца кантракт, яна прыходзіць да Уладзіміра Мажэйкі з пытаннем:
– Напэўна, ужо час развітвацца, Уладзімір Часлававіч?
– З элітай не развітваемся! – адказвае галоўны ўрач – і падпісвае кантракт на новы тэрмін.
Сапраўды, яе прафесіяналізму, мудрасці і пры тым энергіі, жаданню асвойваць новае можна пазайздросціць і павучыцца. І многія робяць гэта з удзячнасцю.
«Мне прыемна, што інтэрны, якія працавалі пад маім кіраўніцтвам, не проста сталі добрымі ўрачамі, а пайшлі далей і вышэй. Да прыкладу, Насця Крывец цяпер загадчык паліклінікі, Таня Сухажэўская – намеснік галоўнага ўрача. Лічу, што навучыла іх асноўнаму: думаць. Я імі ганаруся».
Аб тым, які ты спецыяліст, лепш за ўсё сведчаць поспехі тваіх вучняў. А пра прафесіяналізм мужа і жонкі Тадэвуша і Дануты Субаткевічаў сведчыць яшчэ і тое, што іх справу прадоўжылі дзеці. Андрэй працуе ў Астравецкай паліклініцы неўролагам, Марына – старшай медсястрой кардыялагічнага аддзялення райбальніцы.
«Мы не выбіралі дзецям справу жыцця, не камандавалі, кім быць. Але яны з маленства побач з намі, у бальніцы, нічога іншага, лічы, і не бачылі, – гаворыць Данута Субаткевіч. – Нам з мужам было прыемна, што дачка і сын прадоўжылі нашу справу. Марына атрымала вышэйшую адукацыю, яна біёлаг-эколаг, але не пакінула бальніцу. Гэта наша, сямейнае, мы ўсе да медыцыны душой прыкіпелі».