Які ўзрост залаты, а які – сярэбраны?
16:00 / 15.02.2026
Я не знайшла аргументаў, каб пераканаўча адказаць на гэтае пытанне.
Так, сапраўды, людзей пажылога ўзросту, каб не крыўдзіць іх (зрэшты, якія могуць быць крыўды? Тым, каму ў душы заўжды 17, і яны лічаць, што і выглядаюць гэтак жа, і паводзіць сябе могуць адпаведна, трэба часцей глядзецца ў люстэрка і час ад часу разгортваць пашпарт) называюць так і гэтак.
А як правільна? Ці існуе аб’ектыўная ці хоць фармальная, тэрміналагічная розніца паміж гэтымі паняццямі?
Раней з усімі незразумелымі пытаннямі звярталіся да «дзядзькі Гугла», цяпер – да штучнага інтэлекту – хутчэй і больш дакладна, хоць таксама пераправяраць трэба. Пацікавілася ў аднаго і ў другога, ці ёсць розніца паміж залатым і сярэбраным узростамі і як нас цяпер называць, каб было і вобразна, і прыгожа, і правільна.
Пасля вывучэння шматлікіх крыніц і супастаўлення інфармацыі высветліла, што сярэбраны ўзрост – гэта прыгожае азначэнне для людзей ва ўзросце ад 50 гадоў і крыху старэй – тых, каму, як спяваюць у песні, «пасерабрыла скроні сівізна», хто яшчэ толькі збіраецца на пенсію ці нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак. На погляд прадстаўнікоў залатога ўзросту, які, па сведчанні таго ж штучнаінтэлектуальнага «дзеда-ўсёведа», пачынаецца з 75 гадоў, – пацанва!
Але гэта з кропкі гледжання падкіх на вобразы і метафары пісьменнікаў ды журналістаў. А Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае пажылы ўзрост дакладна: 60 гадоў. ААН, праўда, адсунула яго на пяцігодку: па класіфікацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ён пачынаецца пасля 65.
Да слова, тая ж Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае некалькі этапаў старасці. 60-75 гадоў – гэта пажылы ўзрост, так званая ранняя старасць. Залаты час, калі ўжо ўсё ведаеш і яшчэ многае можаш! 75-90 гадоў – гэта позняя старасць, кажучы па-руску, «преклонный возраст» (даслоўны пераклад на беларускую вельмі ж немілагучны і, як па мне, недакладны).
А пасля 90 пачынаецца доўгажыхарства. У нашым раёне нямала людзей, якія перайшлі ў гэтую ўзроставую катэгорыю ў адносна добрым здароўі, як кажуць у народзе, пры сваім розуме і на сваіх нагах. У многіх з іх можна павучыцца адносінам да жыцця – наша газета перыядычна расказвае пра іх вопыт, рэтрансліруе маладым іх мудрасць у спадзяванні, што знойдуцца жадаючыя хоць нешта пачуць і пераняць.
Так што вырашайце самі, залатыя вы, сярэбраныя ці «преклонные»...
Зрэшты, усё ў свеце адносна. Нядаўна мне, у адпаведнасці з вышэй прыведзенай класіфікацыяй, ужо моцна сярэбранай, але пакуль яшчэ нават не пазалочанай, 90-гадовая гераіня, да якой прыехала на інтэрв’ю, сказала са стоенай зайздрасцю:
– Якая ж вы маладзенькая! У самым росквіце сіл і гадоў!
І я не стала спрачацца. Вырашыла: раскажу каляжанкам, па ўзросту – маім дзецям і ўжо нават унукам, якія любяць уздыхаць: «Ах, якая ж я старая…»