Прафесіяналізм бібліятэкара Мальскай бібліятэкі-клуба Анжэлы Янкоўскай адзначылі на абласным узроўні
На абласной калегіі сферы культуры Гродзеншчыны, прысвечанай вынікам работы за 2025 год, высокую адзнаку атрымала бібліятэкар Мальскай бібліятэкі-клуба Анжэла Янкоўская.
Нашай зямлячцы ўручылі Ганаровую грамату ўпраўлення культуры аблвыканкама.

– Прыемна, што маю работу так высока ацанілі. Працую ў бібліятэцы больш за 20 гадоў – і ўсё раблю старанна, адказна, з душой. І мне вельмі падабаецца гэта справа, – падзялілася Анжэла Уладзіміраўна. – Для кожнага чытача знаходжу падыход, нашы сустрэчы арганізоўваю ў розных фараматах. З дзецьмі выкарыстоўваю гульні, прапаноўваю заняткі на вулічнай пляцоўцы. Дарэчы, асабліва спадабаліся ім зборы каля вогнішча. Удалым атрымаўся патрыятычны праект «80 мірных гадоў! Беларусь памятае», які рэалізавалі сумесна з сярэдняй школай №1. Дзякуй настаўніку Ганне Дзятловіч за падтрымку маёй ідэі.
– Ладжу мерапрыемствы, каб і дарослых заахвоціць наведваць бібліятэку. Напрыклад, на размову на важную ці цікавую тэму запрашаю сабрацца за кубкам гарбаты, – дадае жанчына. – Увогуле, хачу, каб людзі прыходзілі не толькі за кнігай, але і прыемна і з карысцю правесці вольны час.