“Маленькая, але ўдаленькая” – такімі словамі сустракала шматлікіх гасцей стогадовая юбілярша Ганна Ракоўская

15:20 / 27.01.2026

Нягледзячы на паважаны і ўнушальны ўзрост Ганна Антонаўна Ракоўская захавала прыроджаны аптымізм, цікаўнасць да жыцця і людзей. Шматлікіх гасцей з раёна, якія прыехалі яе павіншаваць са стогадовым юбілеем, жанчына сустракала з усмешкай і словамі: “Я хоць маленькая, але ўдаленькая!”

Літаральна да 98 гадоў гераіня жыла самастойна ў сваёй хаціне ў Пятрашышках. Толькі паўтара гады назад пераехала да пляменніцы ў аграгарадок Рытань.





– Забраць да сябе прапаноўвала яшчэ пры жыцці мамы – з дзясятак гадоў назад, але яны не маглі згаварыцца, хто будзе за галоўную – кожная хацела камандаваць, – расказвае Галіна Перка, пляменніца Ганны Антонаўны. – Да цёці па меры магчымасцей пастаянна прыязджалі з сястрой Марыяй, вазілі прадукты і прыгатаваную ежу, дапамагалі навесці парадак дома і ля яго. Уявіце, у 80 гадоў яна яшчэ трымала карову, вырошчвала расаду і дзялілася ёй са сваякамі і знаёмымі. А потым папрасілася да мяне, сказала, што пасля пенсіі прыедзе сама. Я ж, канешне, была не супраць. Сумленне не дазволіла б, каб наша бабуля жыла ў Міхалішках.

Ганна Антонаўна сабрала рэчы, наняла машыну і прыехала ў Рытань да пляменніцы, якую з пяшчотай у голасе цяпер называе Цётачкай.


– Не думала і не сніла, што столькі гадкоў мне наканавана. З людзьмі добра жыла, амаль усіх суседзяў схавала. Быў Косця такі, дапамагаў мне, калі што папрашу, а засталася адна, як палец, – расказала гераіня дня. – Добра, што Цётачка мяне ўзяла: глядзіць за мной, не ўсе так пра родную матку клапоцяцца. А я ўжо гультайка (жанчына ўсміхаецца. – заўв. А.Г.). А даўней такой спраўнай была, што па хатах хадзіла ядзэнні рабіць на прычыну. Дзе вяселле ці погжэб, там і я!

Хоць Ганна Антонаўна ўжо амаль нічога не чуе, затое памяць жанчыну не падводзіць. З маленства маліцца –любімы занятак, хоць Бог яе не ўратаваў ад калецтва.

– Бачыце, якая наша бабулька маленькая: гэта не ад старасці – яна ўсё жыццё такім невялікім ростам была. Не ведаю, праўда ці не, але мама расказвала пра адзін выпадак, які здарыўся ўвосень. Старэйшыя капалі бульбу, а дзеці самі па сабе былі ў хаце. Ганця, якой два гады сышло, выкулілася з падваконня на вуліцу і пашкодзіла пазваночнік. На здароўі гэта асаблівым чынам не адбілася, толькі паўплывала на рост. Вазілі яе потым па ўрачах, але без толку. Відаць, з-за гэтага яна не захацела нікому лёс замінаць, замуж так і не выйшла, – падзялілася трагічнай гісторыяй з дзяцінства цётачкі Галіна Перка.


Не адно дзесяцігоддзе Ганна Антонаўна была паляводам у мясцовым калгасе 50 гадоў УЛКСМ, не цуралася ніякай вясковай работы, у тым ліку мужчынскай.

– Хоць маленькая, але рухавая. А як касіла! Яшчэ і людзям дапамагала. У калгасе ў копкі вялікія сена складвалі, а я па вяроўцы назад злазіла. Даўней пляменнік казаў: “Цёця, ты ідзі спераду з двуручкай, а я – ззаду. За табой не ўгонішся”. Усё рабіць умела, толькі араць не давялося. Матычкай барозны рабіла, – гераіня ўсміхаецца. – Да работы была агонь, а да вучобы – не. Ды і часу за ксёнжкамі сядзець не было калі. Шкада толькі, што на старасць вочы згубіла – чытаць не магу.   

У вольны час, які збольшага ў вяскоўцаў выдаецца толькі зімой, Ганна Ракоўская вязала, вышывала і была вядомай на ўсю ваколіцу рукадзельніцай. У стасунках з людзьмі кіравалася добра вядомым хрысціянскім прынцыпам: стаўся да бліжняга так, як хочаш, каб ён адносіўся да цябе.

– Малілася ўсё жыццё і ўсім зычыла толькі дабра, – падзялілася сакрэтам даўгалецця юбілярша. – Усім людцам жадаю шчасця, здароўя і каб усё рабілі з розумам. Каб тыя, хто мацнейшы, пражылі сто і больш гадоў. Я малая і няўдалая была і то цэлы век па свеце ножкамі сваімі адхадзіла!

У тэму

На юбілейны агеньчык да Ганны Антонаўны зазірнулі намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Баяровіч, лідары ветэранскай арганізацыі Ірына Шляхтун і прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула, старшыні Рытанскага і Міхалішкаўскага сельсаветаў Рыгор Цэйка і Кацярына Емельян, прадстаўнік КСУП “Міхалішкі” Алена Гразнова, тэрытарыяльнага цэнтра – Віялета Броўка, Рытанскага дома культуры – Аляксандр Юргелянец. Шчырыя пажаданні, кветкі, падарункі, торт са свечкамі – усё было ў гэты дзень для гераіні-юбіляршы.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич