Вышываць – як жыць, ці Божы дар Галіны Мураўскай

12:00 / 18.01.2026
Менавіта з такіх слоў пачалася наша фальклорная экспедыцыя з дырэктарам Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццянай Калтан, калі мы зайшлі ў невялікую вясковую хату, упрыгожаную неверагоднымі вырабамі варнянскай майстрыхі Галіны Мураўскай, якая ў лістападзе адзначыла 80-гадовы юбілей.

Ужо на ганку можна заўважыць работы майстрыхі: фіранкі з вышыўкай гладдзю і некалькі карцін – крыжыкам. Калі прайшлі ў хату, то проста патанулі ў хвалях захаплення ад убачанага: рознакаляровыя карціны, абразы, падушкі, ручнікі і вязаныя сурвэткі. Сярод усёй гэтай прыгажосці нас вітала са шчырай прыветлівай усмешкай гаспадыня Галіна Казіміраўна. У жанчыны мы і даведаліся пра яе захапленне і не толькі. 

– Раскажыце, калі ласка, пра сваё жыццё.

– Нарадзілася ў 1945 годзе ў Германіі. Мой тата з Карлаўшчыны, а мама – з Украіны, Палтаўскай вобласці. Падчас вайны ў 1943-м маму немцы вывезлі ў Германію, а тата служыў у войску, пасля трапіў у палон. Мама працавала ў аднаго гаспадара на кухні, які дазваляў занесці прадукты палонным, – яны размяшчаліся за калючым дротам літаральна за агародам. Так мама пазнаёмілася са сваім будучым мужам, маім татам. 

У 1946 годзе мы выехалі з Германіі ў Карлаўшчыну. Дарога была доўгай. Бацька казаў маме жартам, што павязе яе жыць туды, дзе горад, за якім хвалюецца мора і стаіць іх вялікі дом. А насамрэч гэта была невялікая вёска, у якой стаяла нізенькая старэнькая хатка татавых бацькоў і за якой жытняе поле каласавала хвалямі, быццам мора… На жаль, тата хутка памёр. 

Пасля 6-га класа некаторы час я жыла ў бабулі ва Украіне. Каб зарабіць грошы, пасвіла гусей, цялят, працавала на палях, збірала вішні і вазіла іх прадаваць за 20 кіламетраў. Давалі адзін рубель за вядро, але мне, дзіцяці, плацілі паўтара. Дзякуючы віш­ням я і сустрэла свайго першага мужа: ён убачыў мяне, калі сядзела на дрэве ў прыгожай сукеначцы і збірала ягады. На той момант я вучылася ў 10-м класе.

З 18-ці гадоў афіцыйна працавала. Не­каль­кі разоў давялося змяніць месца жыхарства. Пасля з дачушкай вярнуліся ў Бабраўнікі. 

– Калі вы пачалі вышываць?

– З 13-ці гадоў, калі купіла першыя ніткі мулінэ і кавалачкі тканіны. Пасля ўрокаў часта заходзіла ў госці да аднакласніцы Галі. У яе доме ўпершыню і ўбачыла саматканыя ручнікі, вышываныя рэчы неверагоднай прыгажосці – і ў мяне загарэліся вочы. Аднакласніца пачала вучыць мяне, дзялілася прыладамі і матэрыялам.

Спачатку вышывала гладдзю, пасля – крыжыкам. Потым навучылася вязаць карункі і прадавала. І быў немалы попыт на іх, бо ў нашай мясцовасці ўмела іх рабіць толькі я.


– Узгадайце свой першы выраб. 

– Першую карціну вышыла крыжыкам у 1969 годзе на тканіне ад калгаснага мяшка. 

Вышывала шмат, калі жыла адна з дачушкай, да другога замужжа. А тады нарадзіўся сын, сям’я, вялікая гаспадарка… Часу стала менш. Пазней навучылася вязаць пруткамі. Больш часу на за­хапленні стала, калі пайшла на пенсію.


– Колькі ў вас вышываных работ?

(Жанчына дастала сшытачак у клетку з назвай «Количество вышитых картин и образов» (родзічы і блізкія сшытак Галіны Казіміраўны называюць «план»). У ім спісаны амаль усе старонкі: у кожнага вырабу свой парадкавы нумар, назва, указаны ўладальнік і колькасць крыжыкаў кожнай карціны. – Заўв. аўт.). 

«Карцін – 56, абразоў – 34. І амаль усе вялікіх памераў. Шмат сурвэтак, падушачак і ручнікоў. Многа работ перадаю дзецям, унукам, пляменнікам, сёстрам».


Да размовы далучаецца дачка:

– Яна ж у нас скарпіёнчык! Як мама сказала – так і будзе. Паабяцала вышыць некаму карціну да суботы – усё, карціна да 12-ці гадзін ночы будзе гатова. Тым больш, што нядзеля для мамы – свята, нельга працаваць. 

– Лежачы хворай, прачытала адной рукой і з дрэнным зрокам 23 кнігі, – працягвае Галіна Казіміраўна

Дарэчы, назвы кніг і колькасць старонак кожнай з іх таксама дакладна пазначаны ў «плане» жанчыны.




– А якія кнігі вы любіце?

– Дэтэктывы, жыццёвыя і духоўныя. Пра вайну не чытаю – не магу. Мне балюча.

– Давайце вернемся да творчасці. Адкуль вы бярэце ідэі і вобразы? 

– Напачатку вызначаюся з памерам карціны. Пасля прадумваю, што на ёй буду спалучаць. Аднойчы ў часопісе сваёй знаёмай, Веры Іванаўны Дарашкевіч, убачыла прыгожы малюнак лебедзя, ён мне спадабаўся. Гляджу далей: ліса, дрэвы… І ўсе гэтыя фрагменты злучаю. Пасля карціну дзялю на 100 клетак. Так прасцей знайсці памылку і выправіць. Вышываю і ноччу, калі не спіцца. 

Ёсць адна карціна, на якой я ўвасобіла Варняны. Убачыла лебедзяў, у часопісе 1964 года падглядзела схему чаплі, нешта і сама прыдумала... 


Мая самая вялікая карціна на 92 202 крыжыкі. 

– Ці вучыце кагосьці з родных гэтай справе?

– У некаторых унучак нядрэнна атрым­ліваецца вышываць. Але ўсе бачаць, якая гэта складаная і акуратная праца і як шмат часу яна займае. Але самае галоўнае – я адчуваю іх бясконцую любоў, павагу і падзяку за жыццё.

– Галіна Казіміраўна, якія парады вы дадзіце сучаснай моладзі?

– Быць добрымі – гэта самае галоўнае. Любіць людзей і паважаць старэйшых. Я сама дзетак сваіх гэтаму вучыла. Любіць жыццё – яно даецца адзін раз. І, канешне, працаваць. Нічога ў жыцці не даецца лёгка. Я люблю людзей. Люблю ўсіх…


Аксана САВІЦКАЯ, метадыст цэнтра культуры і народнай творчасці.