У бібліятэках Астравеччыны захоўваюць памяць пра генацыд беларускага народа
У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь перажыла небачаную да таго трагедыю. Знішчэнне цэлых вёсак разам з жыхарамі, лагеры смерці, масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва – гэта горкія старонкі нашай гісторыі, пра якія нельга забываць.
Сістэматычную працу ў захаванні памяці вядуць бібліятэкі раёна. Праз розныя мерапрыемствы яны даносяць да чытачоў, асабліва да маладога пакалення, праўду аб жудасных гадах, каб трагедыя мінулага ніколі не паўтарылася.

У Міхалішкаўскай бібліятэцы наведвальнікаў запрасілі на гістарычны дыліжанс «Імя ёсць у гэтага героя – Вялікай Арміі просты салдат». Удзельнікі гаварылі пра мужнасць і гераізм воінаў, успаміналі тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба, чыталі вершы пра вайну, адказвалі на пытанні віктарыны. А напрыканцы аддалі даніну павагі загінулым хвілінай маўчання каля мясцовых помнікаў.

«Генацыду няма апраўдання» – пад такой назвай прайшоў урок-рэквіем у СШ №1, які правяла бібліятэкар Мальскай бібліятэкі-клуба. Вучням нагадалі пра жудасныя падзеі 1941-1945 гадоў. Школьнікі ўдзельнічалі ў віктарыне, знаёміліся з кнігамі, фотаздымкамі і дакументамі, якія раскрываюць маштабы трагедыі беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай.

У раённай бібліятэцы ў рамках Дня памяці «Нельга забыць, нельга зразумець» арганізавалі выставу «Генацыд у Беларусі. Памяць не памірае». Бібліятэкар звярнула ўвагу наведвальнікаў на тое, якія кнігі і артыкулы дапамогуць паглыбіць веды пра крывавыя падзеі і дзе можна знайсці новыя факты.

Праз такія сустрэчы і мерапрыемствы бібліятэкі раёна выконваюць важную місію: захоўваюць і перадаюць гісторыю, каб кожны, асабліва маладыя людзі, разумелі цану мірнага жыцця і важнасць памяці пра мільёны ахвяр генацыду.


Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.