Яе прафесійны лёс – дзіцячы садок. Пра сваю работу расказала Тамара Сатыга
Тамара Сатыга
Лічба
У 70-х у Астраўцы былі толькі 2 дзіцячыя садкі з групамі па 30-35 чалавек.Працаваць было складана, але і цікава. Дзіцячая непасрэднасць, шчырасць і залівісты смех малышоў – усё гэта згладжвала ўзнікаючыя часам вострыя моманты. І нават калі вечарам вельмі стомленая дзяўчына марыла толькі пра адпачынак, уранку яна з новымі сіламі і ў бадзёрым настроі ішла ў садок да сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак – яны ж яе чакаюць.
Першыя маленькія выпускнікі Тамары Аляксандраўны, 1980 год
– Канешне, да дзяцей прывыкаеш і прывязваешся, асабліва калі працуеш у адной групе, – прызналася Тамара Аляксандраўна. – За гэты час вывучаеш не толькі іх, але ведаеш, якая атмасфера пануе ў кожнай сям’і: малышы капіруюць дарослых і ў іх няма сакрэтаў. З часам я навучылася адпускаць сваіх выпускнікоў са спакойнай душой – дашкольны перыяд скончыўся і наперадзе ў іх цэлае жыццё.
Калектыў дзіцячага садка №2, 80-я гады
Верхні рад злева направа: выхавальніца Тамара Сатыга, старшая медыцынская сястра Соф’я Пешка, музычны работнік Альфрэда Дэкостэр, загадчык Любоў Іванчыкава (Падалянчык), выхавальніца Любоў Калюта (Кагарка), загадчык гаспадарчай часткай Галіна Раўдановіч.
Ніжні рад злева направа: работнік кухні Соф'я Гічкун, няня Марыя Сячынская, няня Зінаіда Раткевіч, метадыст Алена Грудзінская.
Дарэчы, прафесійны шлях жанчыны мог пайсці зусім у іншым напрамку. У дзяцінстве яна вельмі любіла чытаць кнігі брытанскага натураліста Джэральда Дарэла. Асабліва падабаўся «Заапарк у маім багажы», дзе расказвалася, як герой паехаў у паўночна-заходні край Камеруна, каб набраць экзатычных жывёл у свой заапарк. З таго часу дзяўчынка бачыла сябе ветэрынарным урачом або работнікам заапарка. Праўда, з гадамі ружовыя акуляры спалі з вачэй. Тамара не была кватэрным дзіцём – сям’я жыла ў Астраўцы ў прыватным доме і, як большасць людзей у той час, трымала хатнюю гаспадарку. Але адно – даглядаць парачку сваіх козачак, свінак, курачак і зусім іншае – лячыць сотні кароў, цялят, быкоў і іншую жывёліну на ферме. Дзяўчына зразумела, што не «пацягне» ветурача і выбрала педагогіку. Спачатку яна паступала на настаўніка рускай мовы і літаратуры, але не прайшла па конкурсе. А ў наступным годзе, здаўшы іспыты ў вну, але пабаяўшыся, што зноў не хопіць балаў, падала дакументы ў Магілёўскае педвучылішча.– У перыяд паміж паступленнямі, каб не сядзець дома, пайшла працаваць у Астравецкае сельпо вучаніцай бухгалтара, – падзялілася Тамара Аляксандраўна. – Там мне раілі ісці ў Маладзечненскі гандлёвы каледж. Аднак я схітрыла і зноў паехала штурмаваць педінстытут. Проста мне вельмі не падабалася працаваць з лічбамі – гэта так нудна. (Усміхаецца.) Не тое што з дзецьмі – з імі заўсёды весела.
Заняткі, гульні, адпачынак і галоўная задача – вярнуць увечары бацькам здаровае дзіця. Сапраўды, з такімі абавязкамі дакладна не засумуеш. Але трэба бачыць, з якой цеплынёй і пяшчотай выхавацель расказвала пра шматлікія ранішнікі і мерапрыемствы, якія яны ладзілі ў садку. Як радаваліся падчас гэтага дзеці і іх бацькі і якімі шчаслівымі былі яны – работнікі, што ўсё атрымалася як трэба. Дарэчы, на навагоднім ранішніку Тамара Аляксандраўна каля 20-ці гадоў нязменна была Дзедам Марозам. Жанчына прызналася, што кожны раз ёй хацелася сыграць гэтага казачнага персанажа больш праўдзіва і цікава. За прыклад брала чараўніка з вядомага фільма «Марозка» – з гумарам, гарэзлівага і мудрага.
Навагодні ранішнік, 1987 год
Апошні выпуск Тамары Аляксандраўны ў дзіцячым садку №2, 2008 год
– За столькі гадоў хапала рознага – прыемнага і не вельмі, – узгадвае мая субяседніца. – Тым не менш, у памяці застаецца больш пазітыўнага: шчырыя ўсмешкі і радасныя вочы дзяцей. Напэўна, дзеля гэта і варта працаваць.
Коратка пра галоўнае
– Прафесійнае і жыццёвае крэда?– У абодвух выпадках аднолькавае – не губляць аптымізму і верыць у лепшае.
– Якім павінен быць выхавальнік?
– Спагадлівым, добрым, уважлівым, смелым.
– Калі было лягчэй працаваць: раней ці цяпер?
– Складана было заўсёды, бо дзеці – вялікая адказнасць. Але зараз больш магчымасцей. Ёсць асобны спецыяліст па фізічным выхаванні, у музычнага кіраўніка, дзякуючы сучасным тэхналогіям, больш шырокі спектр для творчасці – усё гэта безумоўныя плюсы.
– Ці моцна адрозніваюцца дзеці 70-80-х і 2010-20-х гадоў?
– Не. Дзеці былі і застаюцца дзецьмі – цікаўнымі, непасрэднымі, кожны са сваім характарам і захапленннямі. Канешне, цяпер яны больш «прасунутыя» ў тэхналогіях, бо растуць у адпаведным асяроддзі. У астатнім – звычайныя дзеці.
– А іх бацькі?
– Адрозніваюцца – і часам вельмі. І не толькі патрабаваннямі да нас, работнікаў садка, але і стаўленнем да сваіх дзяцей. Выхаванне а-ля прынцэса або цар, калі ўсё дазволена і не існуе слова «нельга», на мой погляд, не зусім правільнае. Не кажу пра ўсіх, але сустракаюцца і такія бацькі.
– За што вы любіце сваю прафесію?
– За стасункі з дзецьмі, якія кожны дзень расказваюць штосьці новае, дзеляцца сваёй энергіяй і простым поглядам на, здавалася б, складаную сітуацыю. За адносіны з калегамі, з якімі мы знаходзім узаемаразуменне і робім адну справу. За непаўторную своеасаблівую атмасферу, якая пануе ў дзетсадзе. Тут я адчуваю сябе на сваім месцы.
Фота з архіву гераіні.