Змянілі горад на вёску Уладзімір і Ганна Мілейшы – і тым шчаслівыя

12:00 / 22.11.2025
Ганна і Уладзімір Мілейшы – мясцовыя, ізабелінскія. У адной вёсцы раслі, тут «згле­дзелі» адзін аднаго, пажаніліся. Працаваць сталі ў Астраўцы, атрымалі кватэру, нарадзілі і вырасцілі траіх цудоўных дачок: усе – залатыя медалісткі, запатрабаваныя спецыялісты, кожная ў сваёй галіне.

У родную вёску ездзілі часта і густа: тут жылі бацькі, ім патрабаваліся клопат і дапамога, і з кожным годам – усё больш.

Час няўмольны… Памёр бацька Уладзімі­ра, а затым – і маці. Хата апусцела. Але прадаваць яе Мілейшы не хацелі: усё ж сваё, роднае… Пакуль працавалі, прыязджалі, даглядалі бацькоўскае селішча, на колькі хапала часу і сіл. 

А калі абое пайшлі на пенсію…
 
– Хата ў вёсцы пуставала. Мы ў гарадской кватэры сумавалі – дзеці выраслі, выляцелі з роднага гняз­дзечка, што тыя птушкі, – гаворыць Ганна. – На дзве хаты, каб усюды быў парадак, было не разарвацца. Вырашылі перабрацца ў вёску», – гаворыць Ганна.

І дадае:

– Але я паставіла мужу ўмову: зручнасці павінны быць, як і ў кватэры: гарачая вада, каналізацыя, неабходныя для жыцця электрапрыборы. Ад гарадскога камфорту цяжка адмаўляцца… 

Ды і навошта, калі сёння пры наяўнасці электрычнасці ўсё можна зрабіць. Тым больш што Уладзімір мае залатыя рукі: усё, што прасіла жонка, і многае ў дадатак да таго, ён выканаў адмыслова. 

Каб звычайную вясковую хату, якая шмат гадоў не бачыла рамонту, зрабіць утульнай, камфортнай, зручнай і пры тым не парушыць атмасферу, сакральны дух роднага дома, папрацаваць давялося шмат.

– Мама, пакуль жыла, не дазваляла нічога перарабляць, усе прапановы сустракала насцярожана: «Вы што, смерці маёй чакаеце?» – з усмешкай успамінае Аня.

Яны і цяпер усё робяць так, каб захаваць аўтэнтычнасць роднага дома – і пры тым зрабіць яго сучасным. На кухні гудзяць, шчоўкаюць і мігцяць усе неабходныя электрапрыборы, нават «Аліса» размаўляе з гаспадарамі, але і печка пры патрэбе пагрэе спіну кафляным бокам. У спальні зручны ложак – а над ім старыя фотаздымкі на сценах. У альтанцы – старадаўнія прылады, якія дасталі з гарышча: хай сабе ніхто імі не карыстаецца, але ж гэта напамін пра бацькоў, дзядоў-бабуль, пра дзяцінства.

Мілейшы заклалі новы сад замест збуцвелага старога.  За плотам насадзілі дубкоў ды бярозак – спадзяюцца, што хутка будуць свае грыбы мець. Хоць і да лесу – рукой падаць. 

Аня вялікая аматарка кветак, таму падвор’е з ранняй вясны да позняй восені патанае ў рознаквецці.

– Півоні светлай памяці Юзэфы Антонаўны, Валодзевай мамы, захоўваю, іх кустоў трыццаць – чырвоныя, ружовыя, белыя. І сваіх, сартавых, ужо столькі ж ці нават больш: заказваю, дзеці ў падарунак прывозяць, – усміхаецца гаспадыня.

– Ці не сумна ў вёсцы? – перапытвае Уладзімір.

І адмахваецца:

– Што вы! Гэта ў горадзе сумна! Што там рабіць? На канапе ляжаць ды зомбіскрынку глядзець? А тут ранічкай устаў, гаспадарку сваю дагледзеў – курэй, кролікаў трымаем. Па агародзе прайшоўся: што расцвіло, што зазелянела. Работы заўсёды хапае.

– Дзякаваць Богу, яшчэ жыве мая матуля, Тарэса Вацлаваўна Бразевіч.  85 гадоў мае, але яе аптымізмам і працавітасцю можна толькі захапляцца, – дапаўняе мужа Аня. – Цікаўлюся: «Як здароўе?». «У адпаведнасці з узростам», – адказвае. Прапаную дапамогу – «У цябе што, сваёй работы няма?». Дом яе непадалёк, і кожны вечар мы збіраемся на пасядзелкі. Радуюся, што яна побач, што мы – разам. Пасля выхаду на пенсію яшчэ працавала колькі гадоў. А потым вырашыла: немаладыя мы ўжо, ніхто не ведае, што будзе заўтра, дык хоць з мамай нагаварыцца, нацешыцца… 

Так і жывуць, пакінуўшы гарадскую кватэру і пераехаўшы ў вёску, Ганна і Уладзімір Мілейшы – не на паказ, самі для сябе. Радуюцца адно аднаму, сваім родным і блізкім, добрым сябрам, якія час ад часу заязджаюць да іх у Ізабеліна, каб пагрэцца іх цяплом. 
Текст: Нина Рыбик