У Астраўцы адбылося ўрачыстае святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі (абноўлена)

14:47 / 15.11.2025

У кінаканцэртнай зале «Астравец» адбылося святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК і ўшанаванне пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках 2025 года і вызначэнне лепшых у прафесіі.

Хоць гэты год неаднойчы выпрабоўваў аграрыяў, тым не менш яны зрабілі ўсё ад іх залежнае і атрымалі добры вынік у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. І для кожнага працаўніка сельскай гаспадаркі важна ведаць, а галоўнае – адчуваць, што яго працу бачаць і цэняць. 

Па традыцыі ўрачыстасць распачалася з ўручэння каравая з мукі новага ўраджаю старшыні Астравецкага райвыканкама Сяргею Мядзвецкасу.

– Гэты дзень аб’ядноўвае тысячы людзей, якія любяць, ведаюць і адчуваюць родную зямлю і ўкладваюць душу ў абраную справу. У гэтым свеце многае змяняецца, аднак нялёгкая і адказная сельская справа застаецца запатрабаванай. Больш за 30 гадоў назад Беларусь зрабіла стаўку на развіццё аграпрамысловага комплеку. Час паказаў, што выбар быў абсалютна правільным, сказаў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас і падвёў вынікі сельскагаспадарчага года.

Улічваючы няпростыя ўмовы надвор’я хлебаробы раёна сабралі добры ўраджай. Валавы намалот збожжавых і зернебабовых культур дасягнуў 67 тысяч тон пры ўраджайнасці 47 цэнтнераў з гектара. За 10 месяцаў бягучага года атрымана звыш 5-ці тысяч тон мяса, 72 тысячы тон малака. Сярэдні надой ад каровы склаў крыху больш за 8 700 кілаграмаў.

– Кожная ўборачная кампанія – гэта выпрабаванне, праверка на трываласць тых, хто прысвяціў сваё жыццё працы на зямлі. А гэты год быў асабліва складаным і няпростым. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод перадавікам АПК, «аграрыі рэспублікі паказалі цудоўныя вынікі», працягнуў старшыня райвыканкама. – Лідар краіны паставіў перад намі задачу да 2030 года сканцэнтраваць усё малочнае пагалоўе на сучасных жывёлагадоўчых аб’ектах. Важным крокам у гэтым накірунку стала адкрыццё новага МТК «Дравянікі» КСУП «Гудагай». Дарагія землякі, дзякуй за нялёгкую працу, жыццёвую мудрасць, за захаванне традыцый і аднаўленне працоўных дынастый. Моцнага здароўя, высокіх ураджаяў, спраўнай тэхнікі, прыхільнага надвор’я і дабрабыту. Са святам!

Старшыня райвыканкама ўручыў кіраўнікам гаспадарак узнагароды за дасягненне высокіх вынікаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. На гэты раз інтрыгі таксама не атрымалася. Першае месца ў двух намінацыях заняў КСУП «Гудагай» (дырэктар Эдуард Садоўскі), на 2-й прыступцы п’едэсталу размясціўся КСУП «Гервяты» (дырэктар Ігар Жданаў), на 3-й – РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» (дырэктар Дзяніс Кірпа).

Таксама Сяргей Мядзвецкас уручыў Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты Астравецкага райвыканкама лепшым спецыялістам і працаўнікам Астравеччыны: памочніку загадчыка раслінаводчага ўчастка КСУП «Гудагай» Леанарду Міклісу, механізатару гэтай гаспадаркі Генрыху Млынскаму, жывёлаводу Надзеі Сянюць, галоўнаму бухгалтару саўгаса «Падольскі» Алене Клюкоўскай, загадчыку рамонтных майстэрань гэтай гапсадаркі Андрэю Будзько, дырэктару КСУП «Варняны» Андрэю Стаповічу, аператару машыннага даення МТФ «Варона» КСУП «Варняны» Валянціне Калпак, галоўнаму эканамісту КСУП «Гервяты» Марыне Івашцы, аператару машыннага даення КСУП «Міхалішкі» Святлане Міхайлоўскай.

Раздзяліць радасць з працаўнікамі сельскай гаспадаркі з Падзякамі і падарункамі на свята прыехаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Шалудзін.

– У гэты дзень мы ўшаноўваем тых, чыя праца з’яўляецца асновай дабрабыту і росквіту нашай краіны. Ваша работа – гэта філасофія жыцця, непарыўна звязаная з любоўю да роднай зямлі і клопатам пра яе, адзначыў Ігар Шалудзін. – Наш Прэзідэнт заўсёды надае вялікую ўвагу сельскай гаспадарцы. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што зямля – наша багацце, а аграрны сектар – фундамент стабільнасці. Механізатары, аграномы, жывёлаводы, аператары машыннага даення, вашы залатыя рукі і адказныя адносіны да абранай справы дазваляюць не толькі сфарміраваць харчовую бяспеку краіны, але і нарошчваць экспартны патэнцыял. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту вашым сем’ям і новых працоўных перамог на карысць нашай роднай Беларусі!

Падзячныя лісты дэпутат уручыў галоўнаму інжынеру КСУП «Гудагай» Паўлу Гваздову, ветфельчару КСУП «Гервяты» Мар’яну Талю, вадзіцелю КСУП «Варняны» Эдуарду Дзенюшу, памочніку начальніка МТК «Маркуны» КСУП «Міхалішкі» Марыне Памецька, механізатару РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Леаніду Барану.

Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня Астравецкага раённага адзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Генадзь Бычко:

– Працаўнікі сельскай гаспадаркі – сапраўдныя беларусы, шчырыя патрыёты сваёй краіны, якія любяць родную зямлю. Дзякуючы гэтым людзям у нас на стале ёсць хлеб і смачныя мясныя і малочныя вырабы. Як сказаў наш Прэзідэнт, 2025-ты – паказальны год, на які мы ў далейшым будзем раўняцца. Шчыра ганаруся вынікамі, якія прадэманстравалі нашы аграрыі і ў намалоце, і ў надоях. Дзякуй вялікі за гэта!

Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў атрымалі галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай» Віктар Алёкса, механізатар КСУП «Гервяты» Міхаіл Гадунка, вадзіцель КСУП Міхалішкі» Генадзь Емельян, жывёлаводы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Аксана Баран і Тарэса Марцінкевіч, механізатар КСУП «Гудагай» Віталь Мілэйша, галоўны інжынер КСУП «Варняны» Віталь Апанасік, бухгалтар-касір гэтай гаспадаркі Марыя Пазлевіч, ветфельчар КСУП «Гервяты» Дзмітрый Бародка, галоўны ветурач КСУП «Міхалішкі» Таццяна Мешкель.

Першы намеснік старшыні райвыканама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла ўзнагародзіў самую шматлікую групу працаўнікоў: пераможцаў і прызёраў раённага сельскагаспадарчага спаборніцтва. Камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак, корманарыхтоўшчыкі, аператары машыннага даення, жывёлаводы, а таксама лепшыя ў прафесіі работнікі ў сваёй арганізацыі атрымалі ўзнагароды і грашовыя прэміі.

Па выніках спаборніцтва Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза па вытворчасці малака ў розных намінацыях 1 месца заняло КСУП «Міхалішкі» (дырэктар Вадзім Саковіч), 3-е – КСУП «Гервяты» (дырэктар Уладзімір Жданаў).

Цудоўнае выступленне раённых калектываў і музычнай капэлы «Санорус» стала добрым падарункам для ўсіх, хто быў на ўрачыстасці. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич