Радавод Марыі Леановіч: маленькая старонка вялікай гісторыі
…Марыя Паўлаўна Леановіч купіла вялікі альбом у чырвонай аксамітнай вокладцы, на першай старонцы намалявала вялікае галінастае дрэва, на другой напісала чатырохрадкоўе:
Памяць альбом вечнасці гартае.
Лета продкаў тоне ў сівой дрымоце.
Лістападам адлятае, адлятае
Здымкамі мінуўшчыны ўпотай.
І стала пісаць радавод сям’і. Не звычайны – хто з кім ажаніўся, хто ў каго нарадзіўся, хто кім працаваў, дзе жыве. А разгалінаваны, як тое дрэва: падзеі, факты, характары, гісторыі з жыцця. Вырашыла, што некалі ён спатрэбіцца – дачцэ, унукам, праўнукам. А потым зрабіла яшчэ адзін амаль такі ж – для брата і яго нашчадкаў. Каб помнілі…
Так вось гісторыя краіны адлюстравалася ў гісторыі адной сям’і, якая спрадвеку жыла на Навагрудчыне, а потым пусціла свае парасткі па ўсім свеце. У тым ліку і ў нас, на Астравеччыне.
Ад прадзедаў спакон вякоў…
Радаслоўную Марыя Паўлаўна пачала ад прапрадзедаў Антонія і Марыяны і прадзедаў Дыяніза і Ізабэлы Ругарцэвічаў. Праўда, звесткі пра іх вельмі скупыя: гады жыцця, пазначаныя 18-м стагоддзем, дзеці – у Дыяніза і Ізабэлы іх было васьмёра: чатыры сыны і столькі ж дачок… І тое, што прозвішча Ругарцэвічаў з часам змянілася на Грыгарцэвічаў, спачатку ў польскай, а потым – у беларускай і рускай транскрыпцыях.
Сям'я Паўла,1947 год
Старэйшы сын Дыяніза і Ізабэлы Ян, ці Ясь – дзядуля Марыі Паўлаўны, якому ў чырвоным альбоме прысвечана шмат старонак, цёплых слоў і вершаў. «Шчыра дзякую Богу, што хоць напрыканцы жыццёвай стужкі дзядуні пагрэлася ў промнях яго справядлівасці, мудрасці, упартасці», – піша Марыя Паўлаўна.Пустэльнікі
Ян, як і герой «Новай зямлі» Якуба Коласа, марыў пра сваю зямлю, сваю справу.
Але, як цяжка ні было, Ясь ажыццявіў сваю мару: пабудаваў і млын, які даваў хлеб, і сукнавалку, з якой «капалі» грошы. Завёў пчол. Праз чатыры гады пасля смерці Гелены ажаніўся ў другі раз са спакойнай памяркоўнай Зосяй. Каля сваёй хаты паставіў яшчэ дзве – для сыноў.
І стаў Ян Грыгарцэвіч паважаным у наваколлі чалавекам. Да касцёла прыязджаў у дыхтоўнай брычцы, пры касцюме і ў цыліндры – што той пан! Але душу пры тым захаваў добрую, спагадлівую. Бедным часта ўсыпаў лішнюю мерку мукі. Падчас медазбору і перад вялікімі святамі ўсіх шчодра частаваў мёдам. Забраў у сваю вялікую сям’ю Ганну, кволую, з псіхічнымі адхіленнямі дзяўчынку – дачку сябра.
У 1939 годзе, калі прыйшлі Саветы і Ян трапіў у спісы на раскулачванне, людзі адстаялі свайго млынара: пераканалі ўлады, што ён не карыстаўся наёмнай працай. Небывалая справа: Грыгарцэвічаў, якія ўжо сядзелі на клунках, чакаючы высылкі, пакінулі на іх хутары.
17 верасня 1941 года ва ўзросце 74 гады Ян пайшоў з жыцця.
Таптаць бацькавы сцежкі застаўся Павал, бацька Марыі Паўлаўны.
Бацькі
У Паўла з дзяцінства была незвычайная прага і здольнасці да навукі. Але вучыцца яму не давялося: трэба было зарабляць грошы. Ён ніводнага дня не хадзіў у школу: 9 гадоў разам з малодшым братам пасвіў кароў і чужых цялят.І пры тым мала хто мог зраўняцца з ім у адукаванасці. Сам навучыўся чытаць і пісаць, і ў яго пастушковай торбачцы, затым у сумцы лесніка заўсёды ляжала кніга. Чытаў не толькі раманы – Біблію, Настрадамуса. Асвоіў арыфметыку, і не толькі складанне-адыманне, але і працэнты, прапорцыі. Калі пасля Першай сусветнай вайны непадалёк утрымлівалі нямецкіх ваеннапалонных, днём, калі кароў прыганялі з пашы, бег да іх, каб падвучыць нямецкую мову. «Вучэнне – святло, а невуцтва – цемра», – любімае яго выказванне.
За жонку Павал узяў маладзейшую на 10 гадоў Яніну – прыгожую, адукаваную дзяўчыну, якая да таго ж мела добры голас і слых, ведала нотную грамату, спявала ў касцёльным хоры ў Налібоках. Але галоўнае – яна была добрая, пяшчотная, працавітая: прала, ткала, шыла, вязала. І ўсё з песняй!
– Памятаю, як мы рыхтаваліся да Ражаства ці Новага года, – расказвае Марыя Паўлаўна. – Пад кіраўніцтвам мамы развучвалі вершы і песні, ставілі сцэнкі. А якія танцы ладзілі ў святочныя дні! Летам – на пабудаваным дзедам Ясем мосце, у халодную пару – у хаце пад грамафон. Танцавалі ўсе, ад дзядуні да малечы. Тата з паклонам запрашаў мяне, трохгадовую, на танец – і я адчувала сябе дарослай дамай.
Навала
28 ліпеня 1943-га немцы спалілі іх хутар і мястэчка Налібокі. А праз тыдзень пасля таго ў Паўла і Яніны нарадзілася трэцяя дачушка: у Ядзі і Марысі з’явілася сястрычка Зося. Радасць засланяла трывожная невядомасць: Грыгарцэвічаў разам з іншымі павезлі ў Стоўбцы, адкуль павінны былі адправіць у Нямеччыну.Падчас начной навальніцы ім удалося ўцячы. Ішлі на роднае папялішча, хаваючыся ў добрых людзей ці ў засені лесу, спыняючыся на дзень ці тыдзень у якой-небудзь пустой хаце… Цудам можна лічыць тое, што бацькі ў тых невыносных умовах змаглі зберагчы ўсіх сваіх дзяцей.
Толькі напрыканцы снежня 1944 года вярнуліся яны на свой хутар, дакладней, на тое месца, дзе ён некалі стаяў. І пачалі адбудоўвацца…
– У ліпені 1945 года на лугі Налібоцкай пушчы прыгналі з Германіі трафейных чорна-белых кароў. Стаялі яны ў кіламетры ад нашага хутара. Даглядалі іх салдаты, – успамінае Марыя Паўлаўна. – Кароў было з паўсотні, даіліся мо дзве. І салдаты кожны вечар, адрываючы ад сябе, прыносілі нам кацялок, прыкладна літры на два, пшоннай салодкай кашы. Колькі той кашы перападала кожнаму з 14-ці чалавек? Але яна была нашым паратункам. А калі зімой 46-га года яны зняліся і пайшлі ў іншае месца, мы даведаліся, што такое голад. Хоць ты кару на дрэвах грызі! Чакалі шчаўя, грыбоў і ягад як паратунку.
І ў гэты ж час у сям’і нарадзілася яшчэ адно дзіця – Павел.
– Цяжка было? – перапытвае Марыя Паўлаўна. – Так. Але ўсё вытрывалі. Бо жылі і думалі правільна!
Бацька стаў працаваць лесніком. Яго абход – 10 кварталаў, гэта значыць – 10 квадратных кіламетраў. І, лічы, кожнае дрэва ён ведаў, з кожным штодня вітаўся.
Вучэнне – святло!
Павал, які не вучыўся ў школе ні дня, марыў, каб яго дзеці атрымалі адукацыю.Ён сам сачыў за іх вучобай. Не рабіў з імі ўрокі, але настаўляў, натхняў, хваліў, калі было за што. Не прапусціў ніводнага бацькоўскага сходу – і затым з радасцю і гонарам расказваў жонцы, як настаўнікі ставілі ў прыклад іх дзяцей. Яніна ж займалася эстэтычным выхаваннем і вучыла дачок рукадзеллю.
Першай пайшла вучыцца Ядзя – паступіла ў настаўніцкі інстытут: у пасляваенны час адкрывалі двухгадовыя паскораныя вучэльні, якія павінны былі задаволіць кадравы голад у школах.
Марыся ў той час якраз скончыла сямігодку. Што далей? Заставацца ў калгасе? Паступаць у педвучылішча? Ці ісці ў Нягневічы за 25 кіламетраў у восьмы клас? Дзяўчыне хацелася працягваць вучобу – і бацька падтрымаў яе жаданне, хоць за вучобу і Ядзі, і Марысі трэба было плаціць. А яшчэ ж Зоська ў Налібоках вучылася ў чацвёртым класе, а Паўлік – у першым: ім трэба было здымаць кватэру. Зарплата лесніка да рэформы 1960 года складала 180 рублёў (пасля рэформы яна ў 10 разоў паменшылася). І ўсё роўна бацькі вучылі дачок. Як выкручваліся? Выручала вялікая гаспадарка.
Студэнцкае каханне
– Я пасля школы паступала ў медыцынскі інстытут – не паступіла. І ўсё жыццё дзякавала Богу, што так атрымалася! У педагога работа непараўнальна лепшая, чым ва ўрача. Настаўнік жа з дзеткамі працуе, а гэта такая чыстая энергія, такая любасць, шчырасць! Паводзь сябе правільна і любі дзяцей – і ўсё будзе добра! Калі б пачаць усё спачатку, пайшла б толькі ў школу! – гаворыць Марыя Паўлаўна.– Ды і чаму было не вучыцца, калі дзяржава давала магчымасць? – працягвае ветэран педагагічнай працы, успамінаючы былое. – У таты зарплата 18 рублёў, а ў мяне стыпендыя – 22. І інтэрнат, лічы, бясплатны.
На экзамене па матэматыцы сустрэла Марыся і свой лёс – Зянона Леановіча. Толькі напачатку лёс на яе ўвагі не звярнуў…
– Я не ведала, як рашыць апошняе заданне на экзамене па матэматыцы – мы такога не праходзілі. А Леановіч сядзіць перада мной. Прашу: дапамажы! Ніякай рэакцыі…
Паступілі абое, вучыліся ў адной групе, жылі ў адным інтэрнаце – усе, як адна сям’я. Але тую задачку Марыся Зянону доўга ўспамінала…
Жартам, вядома ж: разумела, што яму было шмат цяжэй, чым ёй. У яе сям’я – а яго бацька загінуў на вайне. Зянон перш закончыў педагагічнае вучылішча, год працаваў, каб апрануцца – і толькі потым паступіў у педагагічны інстытут. Экзамены здаў на «выдатна». Усе гады вучобы яго партрэт змяшчалі на інстытуцкую Дошку гонару, ён быў старастам групы. Ёй дапамагалі з вёскі, а ён жыў на адну стыпендыю – павышаную! – і час ад часу хадзіў разгружаць вагоны, каб мець дадатковую капейчыну. Падзарабляў рэпетытарствам. На пятым курсе выкладаў матэматыку ў адной з мінскіх школ. Яму прапаноўвалі там застацца. Але ж Марысю, з якой яны сустракаліся з трэцяга курса, накіравалі ў Астравец…
Марыя Паўлаўна з мужам
Школа, сквер і дуб
– На размеркаванні я папрасілася бліжэй да Вільні, – расказвае Марыя Паўлаўна. – Выбрала Ашмяны (у 1963 годзе Астравецкага раёна не было, ліквідавалі). Герт, загадчык Ашмянскага райАНА, прапаноўваў застацца ў аддзеле, ды мне хацелася ў школу. Ведала, што ў астравецкай ёсць месца матэматыка – туды і папрасілася. На першым часе пасялілася ў Ніны Якаўлеўны Смаляк, настаўніцы пачатковых класаў. Капаем з ёй бульбу – і тут прыходзіць Леановіч: прыехаў, распытаўся, дзе я жыву. Была субота. А муж Ніны Якаўлеўны працаваў старшынёй пасялковага Савета. У нядзелю Дзмітрый Харытонавіч адчыніў сваю «кантору» і распісаў нас. На ганку дзяўчынкі Смалякоў, Тома і Люда, сустрэлі з букецікамі, павіншавалі… Так мы пажаніліся.З 1963 года Леановічы працавалі спачатку ў адзінай на той час астравецкай школе – старой двухпавярховай прыбудове да сённяшняй СШ №2. Яна выкладала матэматыку, ён – фізіку, і на працягу 36-ці гадоў быў намеснікам дырэктара.
– У той год у школе з’явілася пяцёра новых настаўнікаў – мы з Зянонам, Марыя Васільеўна Драздовіч, Ганна Мацвееўна Новікава, Раіса Міхайлаўна Кацікава. А з новага навучальнага года звольніўся з пасады загадчыка Ашмянскага аддзела народнай асветы і стаў працаваць у нас дырэктарам Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Харошы быў калектыў, дружны, творчы, – успамінае Марыя Паўлаўна.
Асобная старонка тых успамінаў – сквер каля школы
– Калі мы прыехалі, правы ад цэнтральнай алеі бок пусткі за помнікам Леніну ўжо быў засаджаны. Мы з восьмым класам, у якім я была класным кіраўніком, восенню 1964 года садзілі левы бок.
А ведаеце, адкуль на цэнтральнай алеі сквера, адразу за помнікам Леніну, з’явіўся дуб?
– У 1970 годзе заканчваў школу мой 10 «А» клас, – расказвае Марыя Паўлаўна. – У той год адзначалася 100-годзе з дня нараджэння Леніна – і, так супала, у трох дзясятых класах, якія заканчвалі астравецкую школу, было якраз 100 вучняў. У адным з класаў вучыўся Алег Драбышэўскі, у другім – Леанард Пакульніцкі. Мастакі, скульптары! Я выпадкова даведалася, што яны збіраюцца зрабіць бюсты Леніна і Карла Маркса ў падарунак школе. «А мы што падорым?» – спытала сваіх вучняў. «Дуб пасадзім!» – прапанавалі хлопцы. Ранняй вясной схадзілі ў лес, выкапалі дубок… Вырашылі напісаць пасланне нашчадкам, каб адкапалі яго ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мой Зянон Пятровіч тушшу яго вывеў. Паклалі ў бутэльку з-пад шампанскага. Схадзілі на пошту, залілі сургучом, закапалі пад каменем каля дуба… А неяк, годзе ў 2006-м, Зянона Пятровіча ўжо не было, прылятае да мяне былы вучань Жэня Зарэцкі: «Марыя Паўлаўна, нашу бутэльку выкопваюць! Гэта няправільна! Яшчэ не час, трэба ў 2017-м!». Правільна ці не, але бутэльку дасталі, калі рабілі добраўпарадкаванне сквера. Пасланне, праўда, прачытаць так і не змаглі: рассыпалася яно ад часу…
Шкадуе Марыя Паўлаўна не аб гэтым. Хочацца ёй, каб у скверы з’явіўся памятны знак, магчыма, вялікі камень, магчыма, пад тым жа дубам, на якім быў бы пазначаны час яго закладкі. Гэта ж таксама адна са старонак гісторыі нашага горада! І ўжо не так шмат засталося людзей, якія пісалі яе… Для большасці астраўчан гэта проста цэнтральны гарадскі сквер, любімае месца адпачынку.
Прыстань жыцця – Астравец
Кожную вясну 1 красавіка, у дзень нараджэння Марысі, муж прыносіў ёй букецік пралесак, назбіраных каля Астравецкага лясніцтва – гэта была іх сямейная традыцыя.Сорак гадоў прайшлі яны поруч, разам: у школе і дома, у святы і ў будні, у вандроўках па роднай краіне і замежжы, дома і ў гасцях.
…Ужо больш за 20 гадоў яна жыве адна ў доме, што пабудаваў для сваёй сям’і яе муж.
Але ідуць па жыцці іх дачка Вікторыя, унукі Антон і Альгерд. Яны пішуць свае старонкі агульнай гісторыі – сям’і, народа, краіны.
І жыццё працягваецца!
Фота з архіва М.П. Леановіч.