Дзедаўская прылада: машынка для стрыжкі валасоў – гісторыя і гісторыі

15:00 / 30.10.2025

Як мы і меркавалі, апошняе заданне конкурсу не выклікала цяжкасцей у чытачоў: усе беспамылкова пазналі на здымку механічную машынку для стрыжкі валасоў. Святлана Карпіевіч, Ірына Яновіч, Генрых Лукашэвіч, Аляксандра Працута яшчэ даслалі здымкі гэтай дзедаўскай прылады.

Многія – Ларыса Гаваноўская, Генрых Лукашэвіч, Ірына Яновіч, Сабіна Шч. – паведамілі, што ў іх да гэтага часу захоў­ваецца гэтая прылада, хоць ёй ужо ніхто не карыстаецца: усе стрыгуцца калі не ў цырульнях, то электрычнымі машынкамі.

«У нас да гэтага часу ёсць такая машынка, – расказала Ларыса Гава­ноўская. – Раней дачка стрыгла ёй свайго бацьку, майго мужа. Даўно ўжо, на жаль, няма каго стрыгчы, а машынка засталася як памяць».


«Машынку для стрыжкi валасоў я захоўваю, каб паказаць дзецям, сяброўкам. Гэта ўжо рарытэт», – піша Сабіна Шч

Аляксандра Працута расказала гісто­рыю станаўлення цырульніцкай справы ажно ад таго часу, калі занадта доўгія валасы, якія перашкаджалі ўладальніку, абпальвалі на вогнішчы ці адразалі нажом. 

Аляксандра Працута, Наталля Блахіна, Таццяна Бразевіч, Генрых Лукашэвіч паве­дамілі, што такую машынку прыдумаў італьянскі цырульнік Альберта Гомес яшчэ ў ХІХ стагоддзі і іншыя гістарычныя падрабязнасці яе эвалюцыі.

Большасць канкурсантаў падрабязна апісалі прынцып дзеяння: ніжняе лязо нерухомае, верхняе, калі сціскаюцца і расціскаюцца ручкі, рухаецца, і валасы, якія трапілі ў зазор між імі, зразаюцца. Стрыгчы трэба супраць росту валасоў, сціскаючы рычажкі як мага часцей. Калі выконваць гэтыя ўмовы ды гаспадар сочыць за спраўнасцю прыбора, то стрыжка будзе ў задавальненне. А калі не, што здаралася нярэдка, то магло быць і такое: 

«Праводзілі ў армію старэйшага брата. Я яго вельмі любіла, ён мне быў за бацьку. Памятаю, стрыгуць – а ён плача. І я, сха­ваў­шыся за печчу, – таксама. Мама сварыцца: «Чаго ты? Ён тут, у калгасе, працуе цяжка і амаль задарма. А там будзе накормлены, пры справе». А мне ўсё роўна шкада, што брат ад’язджае, ды яшчэ так надоўга. А галоўнае – ён жа сам плача! А потым, калі брата пастрыглі нагала і ён падняўся з зэдліка, пытаюся: «Чаму ты плакаў?» «Машынка валасы рвала, лічы, па-жывому» – растлумачыў ён прычыну сваіх мужчынскіх слёз, якія зусім не былі звязаны з хуткім расстаннем», – успамінае Леанарда Якель.

А ўяўляеце, як такой машынкай стрыглі малых дзяцей? Раней жа свята верылі, што немаўляці абавязкова  патрэбна ў годзік састрыгчы валасы «пад нуль», каб потым яны раслі доўгія і густыя. Часам гэтая працэдура ператваралася ў экзекуцыю.

Генрых Лукашэвіч паведаміў яшчэ пра ад­ну прыкмету: маці захоўвала валасы сы­­на, якога пастрыглі перад арміяй, да таго часу, пакуль ён не вернецца са службы.

Догляд за машынкай таксама патра­ба­ваў асаблівага ўмення: яе трэба было ра­забраць, змазаць машынным маслам. Лязо, як сцвярджае Генрых Лукашэвіч, вастрылі аб люстра – не кожны ведаў, як зрабіць гэта правільна.
Рэч гэта была не танная і мелася далёка не ў кожнай хаце.

«У бацькі была такая машынка, – успамінае Ілья Сымановіч. – І да нас дахаты часта прыходзілі мужчыны-аднавяскоўцы, чалавек па 3-4, а то і 5, каб стрыгчыся. Як правіла, у суботу. І, вядома ж, з бутэлькай, ці нават не адной.
Пакуль бацька ўсіх пастрыжэ – накураць, хоць ты сякеру вешай. Маці не любіла гэтыя цырульніцкія дні».

Генрых Лукашэвіч успамінае, як з Ленін­града, куды ён ездзіў на экскурсію ад Карвэльскай школы, прывёз бацьку ў падарунак такую вось машынку. Кошт яе не памятае, затое добра запомніў выбіты на каробачцы год выпуску – 1957, бо гэта год яго нараджэння.

Некаторыя чытачы, як мы і прасілі, па­дзяліліся сваімі ўспамінамі, звязанымі з гэтай дзедаўскай прыладай, – хто настальгічнымі, хто анекдатычнымі. 

Вось што расказала Алена Качан:

«Паглядзела на конкурсны здымак – і ўспомніла свайго бацьку-настаўніка. Звычайна ў нядзелю пасля абеду да нас прыходзіў яго вучань. Тата даставаў са спецыяльнай каробачкі такую вось машынку, садзіўся на зэдлік, захінаў плечы мамінай белай баваўнянай хусцінкай. «Цырульнік» дзеля прыліку цікавіўся: «Міхайлавіч, пад «бокс»? Тата ківаў галавой – і стрыжка пачыналася. 

Калі працэс заканчваўся, бацька пытаўся ў мамы: «Ну як, Сяргееўна?» І яна нязменна адказвала: «Хоць у сваты!»

Калі мамы не стала, я забрала тату да сябе. Прапанавала яму ўзяць са сваёй хаты дарагія сэрцу рэчы. Тата забраў дзве машынкі – падольскую швейную і для стрыжкі валасоў. 

Аднойчы ён дастаў машынку з запаветнай каробачкі, разгарнуў фланэлевую анучку, у якую яна была загорнута, працёр і паглядзеў мне ў вочы з надзеяй і просьбай: «Можа, пастрыжэш?» Я ніколі ў жыцці нікога не стрыгла! Але як тут адмовіш… Узялася. Было страшна, рукі дрыжэлі, але старалася. Калі закончыла, падала тату люстэрка. Ён паглядзеўся і задаволена рэзюміраваў: «Хоць у сваты!».

Няма ўжо ні мамы, ні таты… Машынку я аддала брату. А ў мяне засталіся цёплыя ўспаміны пра бацькоў, з ёй звязаныя».

А ў Генрыха Лукашэвіча іншыя ўспаміны – думаю, што мно­гія ўс­міхнуцца, пачытаўшы іх:

«У Варнянах перад лазняй мужчыны часта прыходзілі да мяне пастрыгчыся. А неяк жанчына папрасіла: пастрыжы і мяне. Узяўся. Хацеў, як лепей… Папраўлю з аднаго боку – гляджу, што няроўна з другога. Дараўняўся да таго, што на галаве ў кабеты амаль нічога не засталося. Мясцовыя вастрасловы тут жа прыдумалі назву для яе новай прычоскі – «Два тыдні ў шапцы». Я, вядома, засмуціўся… Але цешча супакоіла, расказала, як цесць пастрыг свайго суседа, якому назаўтра трэба было ехаць на вяселле першым сватам. Перад тым мужыкі замачылі гэтую справу, ды так, што ледзь на нагах стаялі. «Кліенту» што – ён на табурэтцы сядзіць ды носам клюе. А цырульніку паспрабуй раўнавагу ўтрымаць! Сяк-так пастрыг. Назаўтра сват ранкам прачнуўся, памыўся, апрануў святочны касцюм, стаў перад люстэркам гальштук завязваць. Глядзіць – а ў яго абскубана толькі палова галавы, а другая некранутая. А пад парогам ужо машына пад парамі стаіць: на вяселле ехаць трэба! Ды куды там! Пабег будзіць цырульніка, каб дарабіў пачатае. Нездарма кажуць: нішто так не радуе, як гора суседа. Супакоіла мяне цешча гэтай гісторыяй. Тым больш што валасы – не зубы: адрастуць!»

На такой вясёлай ноце і завяршаем расповед пра машынку для стрыжкі валасоў і ўсё, што з ёй звязана. І падводзім вынікі гэтага этапу конкурсу.

Найбольшую колькасць балаў – 5 – атрымлівае Генрых Лукашэвіч, 4 – Аляксандра Працута, па 3 – Анастасія Пяткевіч, Сабіна Шч., Ірына Яновіч, Наталля Блахіна, Леанарда Якель, Алена Качан, Таццяна Бразевіч, па 2 – Святлана Карпіевіч, Ларыса Нарэйка, Рэгіна Дрэма, Ларыса Гаваноўская, Ілья Сымановіч.

Фота даслаў Генрых Лукашэвіч

Текст: Нина Рыбик