На магіле ветэрана Аляксея Кораня ў Міхалішках заззяла Чырвоная зорка Героя

12:00 / 27.10.2025

Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі на Гродзеншчыне стартаваў праект абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” “Чырвоная зорка Героя”, накіраваны на захаванне памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. І вось адна з 80-ці зорак, спецыяльна зробленых для праекта, “зазіхацела” на могілках у Міхалішках. Менавіта тут пахаваны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Корань.

Перад тым, як прымацаваць сімвалічны знак на помнік, удзельнікі праекта, а імі сталі пошукавы атрад Міхалішкаўскай СШ і іх кіраўнік Людміла Лаздоўская, правялі ля магілы вэтерана ўрачысты мітынг. Тут прысутнічалі адміністрацыя і кіраўнік школьнага музея, прадстаўнік раённай арганізацыі РГА, а таксама вучні рознага ўзросту – як падрастаючае пакаленне, якое далей павінна захоўваць гэтую гістарычную памяць.



Аляксей Корань нарадзіўся ў Судзілавічах Ушацкага раёна. Пасля заканчэння Лепельскага педагагічнага тэхнікума працаваў настаўнікам пачатковых класаў. У 1939-м быў прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у фінскай вайне, быў паранены, а пасля папраўкі дэмабілізаваны. Але мірнае жыццё маладога настаўніка не было доўгім: ў 1942-м ён пайшоў у партызаны. У 1943-м Аляксей становіцца камандзірам атрада, а пасля ўтварэння лепельскай брыгады імя Сталіна, – палітруком. Удзельнічаў у 30-ці баявых аперацыях, дзе праявіў смеласць, мужнасць і кемлівасць. Камандаваннем атрада яму было аб’яўлена 4 падзякі. У пасляваенны час Аляксей Аляксанд равіч трапіў у Міхалішкі, дзе працаваў настаўнікам пачатковых класаў у мясцовай школе.


Біяграфію ветэрана прысутным расказала кіраўнік школьнага музея Святлана Мацкевіч. А найлепшым пацвярджэннем яе слоў аб гераічным мінулым сталі ўзнагароды, якія дзеці дэманстравалі, трымаючы ў руках.





Хвіліна маўчання, падзяка вучням і іх ідэйнаму натхняльніку за добраўпарадкаванне магіл удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і кульмінацыйны момант мітынгу – прымацаванне да помніка Аляксею Кораню чырвонай зоркі. Цяпер кожны, хто будзе праходзіць міма, убачыць – тут пахаваны Герой.





З выступленняў

Аксана Савіцкая, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:


– Асноўная місія праекта “Чырвоная зорка Героя” – захаванне гістарычнай памяці і перадача яе падрастаючаму пакаленню. Таму прыемна, што да яго далучылася Міхалішкаўская школа і сёння, падчас такой значнай падзеі, прысутнічалі як старэйшыя, так і малодшыя вучні. Дзякуй ім за гэта, а таксама за тое, што не пакідаюць без увагі і прыбіраюць месцы пахавання ветэранаў, за якімі няма каму прыглядваць. Грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” з вялікім задавальненнем падтрымлівае такія ініцыятывы, як гэты праект, бо гэта патрэбна і нам, і нашым нашчадкам.

Людміла Лаздоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Міхалішкаўскай СШ:


– Штогод мы з вучнямі ўдзельнічаем у розных акцыях па добраўпарадкаванні помнікаў і магіл удзельнікаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Таму з радасцю паўдзельнічалі ў праекце “Чырвоная зорка Героя”. Лічу, гэта важна і неабходна, каб дзеці ведалі і помнілі пра тых, хто змагаўся за наша мірнае неба і магчымасць спакойна жыць. Родныя ветэрана Аляксея Аляксандравіча Кораня знаходзяцца далёка, таму мы з дзецьмі лічым сваёй місіяй і святым абавязкам даглядаць за ёй. Да гэтай справы заахвочваю не толькі старэйшых, але і нашых акцябрат, каб яны пасля таксама гэтую справу працягвалі. Бо памяць пра герояў жыве столькі, колькі яна жыве ў сэрцах людзей.

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович, Дмитрий Соколовский