У Варнянах з’явіліся інфармацыйныя стэнды з гістарычнымі звесткамі пра аграгарадок

16:00 / 25.10.2025

Гэты населены пункт адзін з самых старажытных на Астравеччыне. 

Асноўныя вехі з яго багатай гісторыі з нядаўняга часу можна даведацца з 19-ці інфармацыйных стэндаў, якія ўсталяваны ў цэнтры аграгарадка. 



Рэалізацыя гэтай цудоўнай ініцыятывы стала магчыма, дзякуючы плённаму і цеснаму супрацоўніцтву Варнянскага сельвыканкама і мясцовай сярэдняй школы. Сімвалічна, што пілотны праект пад назвай «Ад мінулага да будучыні» ажыццяўляецца ў Год добраўпарадкавання. 

– Даведаўся, што з праектам нашы настаўнікі, якія яго і стварылі, з вучнямі ўдзельнічалі ў раённым этапе конкурса «100 ідэй для Беларусі». Матэрыял у іх быў назапашаны, распрацаваны эскізы і макеты, справа заставалася за малым – заказаць іх і ўстанавіць. Гэта і зра­білі, – расказаў старшыня Варнянскага сельсавета Аляксандр Вярбовіч. – Акрамя гэтага, набылі некалькі лавачак, якія размесцяцца ў парку. Не хочацца раскрываць усіх сакрэтаў, але ініцыятыву па добраўпа­радка­­ванні гістарычнага сэрца нашага аграгарадка будзем рэалізоўваць і далей не толькі нама­ганнямі сельсавета і школы, але і нераў­надушных да роднага краю вяскоўцаў.

…А пакуль тым, хто праязджае праз Варняны, раю спыніцца на некалькі хвілін у цэнтры, каб узнавіць у памяці іх гісторыю ці, наадварот, адкрыць яе для сябе. 

Стэнды «раскажуць» пра паходжанне назвы вёскі, яе ўладальнікаў у розныя часы, унікальны архітэктурны комплекс, які з торцаў замыкаюць два манументальныя будынкі – касцёл і вежа-альтанка, развіццё калгаса і многае іншае. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич