За што ўдзячна сваёй хваробе Ніна Філіставічэне

09:00 / 15.10.2025
Такія пазітыўныя людзі, як Ніна Філіставічэне, сустракаюцца рэдка. Прычым пазітыў гэты – не на паказ, не таму, што псіхолагі так раяць… Ён – унутраны, ён свеціцца ў вачах, яго немагчыма схаваць, нават калі б хацеў. Ніна літаральна выпраменьвае святло і энергію, яе заўсёдны смех, нават калі яна расказвае пра цяжкія моманты жыцця, крыштальнымі званочкамі рассыпаецца навокал і кожнаму, хто чуе яго срэбныя пералівы, дорыць радасць. 

«Якая шчаслівая жанчына!» – напэўна, думае кожны, хто яго чуе. Сапраўды: калі не ведаеш гісторыю яе жыцця, можа падацца, што Ніна Філіставічэне – улюбёнка лёсу, у якой заўжды ўсё ОК, што яна не ведае ні болю, ні страху, ні слёз, ні адчаю, ні здрады… 

Сёння і сапраўды – так. Ці амаль так… Але да «сёння» было «ўчора» і «пазаўчора». І там усё гэта яна спазнала напоўніцу. Але нягоды, што выпалі на яе долю, пераканалі Ніну ў тым, што Бог не дае выпрабаванняў не па сілах. А калі крыж становіцца занадта цяжкім, Ён пасылае памочніка, які дапамагае яго несці.

Пра гісторыю свайго жыцця, яго «пазаўчора», «учора» і «сёння», пра тое, як яна змагалася з хваробай і за што ёй удзячна, расказвае сама Ніна Філіставічэне. Проста і шчыра, без утайкі і «пра гэта не пішыце», без пафасу, слёз і істэрык, часам – са смехам, часам – з прыхаваным болем…

Пазаўчора

– Мае бацькі, Леанід і Любоў Жакуны, пераехалі ў Гервяты, калі мне было два гады. Ёсць прыказка: «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Пра нас – другая: «Куды прыпёрся, там і прыцёрся». (Смяецца).

Я лічу сваёй радзімай Гервяты: тут прайшло маё дзяцінства, тут я закончыла школу. Бязмежна любіла Наталлю Іванаўну Мацко, па яе прыкладзе вырашыла стаць настаўнікам англійскай мовы. І стала ім, хоць да мэты ішла даволі пакручастым шляхам.

Выйшла замуж за астравецкага хлопца. Ён па «шабашках» ездзіў, я працавала на месцы.

Жылі не тое, каб добра ці дрэнна, у такіх выпадках звычайна кажуць: «як усе». Адзінае, што мяне насамрэч засмучала: у нас не было дзяцей. Год, два, тры… Сем!

Вырашыла, што трэба неш­та рабіць, шукаць прычыну. Па­ехала ў Мінск у прыватны ме­дыцынскі цэнтр. 

На першым жа ўльтрагукавым абследаванні ў мяне выявілі новаўтварэнне ў малочнай залозе. Урач сказала: «Пракансультуйцеся ў анколага, каб выключыць магчымыя праблемы. А потым будзем разбірацца далей».

Напэўна, словы «пракансультуйцеся ў анколага» ў кожнага выклікаюць паніку. Я не была выключэннем. Але жыла надзея, амаль упэўненасць: усё будзе добра! Дрэннага не можа быць таму, што гэта проста немагчыма!

Вынікі біяпсіі падмацавалі надзею: нічога дрэннага аналіз не паказаў. Але пухліна была вялікай і мне настойліва парэ­камендавалі яе выдаліць. Ну, раз трэба – выдалім, такой бяды!

Учора

– На аперацыю я ішла ўпер­шыню ў жыцці і нічога не баялася. Я чалавек пазітыўны, а тут яшчэ нешта ўкалолі. Ляжу, хіхікаю… Анестэзіёлаг – яны звычайна размаўляюць з пацыентамі, пакуль тыя не адключацца – пытае: «Колькі вам гадоў?» «Сёння, 14 кастрычніка, якраз 32 споўнілася», – адказваю. Апошняе, што помню, – яго словы: «З лёсам гуляешся, дзяўчынка». Пазней толькі даведалася, што ў хірургаў шмат прыкмет і забабонаў. Адна з іх – не аперыраваць пацыента ў дзень нараджэння. Мяне неяк пра­глядзелі… 

Прыкмета спраўдзілася: вынікі гісталагічнага даследавання пака­залі, што пухліна злаякасная. Адзіная добрая навіна, калі яе можна такой лічыць: стадыя – першая. Праз тры тыдні – яшчэ адна аперацыя, на гэты раз – радыкальная мастэктамія з адначасовай рэканструкцыяй малочнай залозы імплантам.
 
На нейкі час жыццё спынілася. Я нікога не хацела бачыць і чуць, акрамя самых блізкіх. Бацькам сказала: калі хто бу­дзе цікавіцца, можаце гаварыць, што са мной, але папрасіце не тэлефанаваць, нават са словамі падтрымкі. Мне трэба было ўсвядоміць, што адбылося, падумаць, як жыць далей, што рабіць. 

Я даволі хутка прыйшла ў сябе. І прыйшла да высновы: рак – гэта ўсяго толькі асаблівы лад жыцця. Я любіла, калі суседкамі па палаце былі жанчыны ва ўзросце – яны мудрыя! Ці можа, мне шанцавала? Адна смяялася: «Падумаеш, бяда – цыцку адрэзалі! Другой больш пяшчоты дастанецца!» А другая, у якой сын-алкаголік, хавала ад яго гарэлку і казала: «Калі не памру, то адзначу 80-годдзе. А як памру, то на пахаванне застанецца». 

Калі прыехала на другую аперацыю, то ўрач да мяне маладых пацыентак адпраўляў на «сеансы псіхатэрапіі», казаў, што ім карысна падчапіць ад мяне бацылу аптымізму. 

Хоць усё было не так прос­та. Калі сказалі, што напера­дзе 6 сеансаў хіміятэрапіі, гэта было страшней, чым аперацыя. Застацца без валасоў? Але ж я ў школе працую! Як да дзяцей прыйсці? Парык? Вясной і летам хадзіць у шапцы? Нічога, навучылася прыгожа завязваць шалікі і хустачкі…

Наступны шок: у мяне гармо­на­залежны рак. Урачы настой­ліва раяць выдаляць яечнікі. Але ж я яшчэ не стра­ціла на­дзею стаць маці! Вельмі ўдзяч­на свайму доктару, які зразумеў мяне і падтрымаў: кансіліум пры­значыў іншую схему лячэння. 

Мне многія дапамагалі ў той складаны перыяд. Найперш, вядома ж, бацькі: яны былі са мной усюды і заўсёды, не шкадавалі ні часу, ні сіл, ні грошай на лячэнне. Мой урач – гэта не толькі залатыя рукі, але і залатое сэрца. Калегі, многія з якіх у свой час вучылі мяне, дырэктар Наталля Іванаўна Мацко, якая была маім НАСТАЎНІКАМ: яны замянялі мяне не толькі падчас бальнічных – заўсёды, калі я не магла працаваць, дапамагалі, падтрымлівалі, давалі мудрыя парады. І калі я вырашыла звольніцца са школы, таксама зразумелі.

Хто застаўся ў боку, дык гэта муж. Хворая жонка аказалася яму непатрэбнай – навошта, калі ёсць іншыя жанчыны, маладыя і здаровыя? Мы разышліся. Я часам думаю: добра, што Бог не даў нам дзяцей, інакш гэта была б сувязь назаўжды. А так у яго сваё жыццё, у мяне – сваё. Не паверыце: я ўжо дрэнна яго памятаю. Як і ўвогуле многія цяжкія моманты з мінулага: напэўна, падсвядомасць спецыяль­на выцясняе іх з памяці, каб не траў­міраваць. 


Сёння

– У мяне ёсць былое жыццё – і цяперашняе.

Сённяшні муж – гэта маё першае каханне. Ён прыязджаў з Вільнюса на лета да бабулі ў Мацкі. Я была ў дзясятым класе, калі паміж намі ўпершыню праскочыла іскарка. Патусаваліся – і разбегліся. Дзеці! 

Сур’ёзна сталі сустракацца, калі я ўжо студэнткай была. Справа ішла да вяселля, ён ужо нават пярсцёнак купіў, але не паспеў падарыць: пасварыліся. Спытайце, з-за чаго – не адкажу, не помню. Сёння Саша часам гаворыць: «Калі б ты тады не выпендрывалася, мы б ужо дзяцей маглі жаніць!» А я думаю: невядома, як было б… Напэўна, трэба было прайсці праз усе выпрабаванні, каб зразумець, што мы значым адзін для аднаго.

Калі я захварэла, Саша, хоць і працаваў на той час у Германіі, тэ­лефанаваў, падбадзёрваў, пра­­паноўваў дапамогу. Калі мы з мужам разышліся, стаў прыязджаць. У 2016 годзе пажаніліся. А праз год у нас нарадзіўся сын, Ілья! 

Ён быў такі актыўны, так бры­каўся ў жы­ваце, што ў мяне здарылася спайка кішак. Давялося ра­біць аперацыю – заадно і яго, васьмімесячнага, дасталі. Не­­­маўля адправілі ў адну рэані­мацыю, мяне – у другую. А муж паміж намі разрываўся. Толь­­кі праз тыдзень я ўпершыню сына ўбачыла. Яго прынеслі – і я ўсю ноч не звяла вачэй: ляжала і гля­дзела на яго, верыла і не ве­рыла, што гэта маё дзіцятка. А ранкам Саша прыйшоў, адразу зразумеў, што не спала. «Адпачні, – кажа, – цяпер я пасяджу.»

 Не паверыце – я яго грудзямі карміла! Спачатку толькі кропельку малака сцадзіла, потым – 5 грамаў, 20… А потым ужо нармальна карміла. Нядоўга, два з паловай месяцы – але ж тым не менш! Калі прыехала на чарговую праверку ў Бараўляны, доктар не паверыў, казаў, што мяне ў кнігу рэкордаў трэба заносіць. Я першынца свайго ў 36 гадоў нарадзіла.

А праз 11 месяцаў у нас на­радзіўся яшчэ адзін сын, Мацвей. Таксама рабілі кесарава ся­чэнне. У мяне ўсе аперацыі пар­ныя. (Смяецца). Нават калі жоўцевы пухір выдалялі ў Літ­ве, умудрыліся да перытаніту справу давесці. Так што насам­рэч спраў­дзіліся тыя словы анестэ­зіёлага: нажартавалася я з лёсам…  

Хоць, па вялікім рахунку, я ўдзяч­на сваёй хваробе. Яна пада­рыла мне новае жыццё. Паказала, хто сябар, а хто толькі прыкідваецца ім. У кім можна быць упэўненым, як у самім сабе, а на чыю падтрымку разлічваць не варта. 

Я ні на каго не трымаю зла: калі чалавек нешта сказаў ці зрабіў – значыць, так думаў ці хацеў. Гэта яго выбар і яго адказнасць. Мой – як адносіцца да гэтага. Змяніць мы нікога не можам, толькі сябе і свае адносіны да таго, што адбываецца. Калі ж я каго пакрыўдзіла, прашу прабачыць. Дальбог, не са зла!

З мужам мы на адной хвалі. З ім я зразумела сэнс слоў: каханне – гэта калі глядзіш не адзін на аднаго, а ў адным накірунку. Мы падобныя да дробязяў, думаем аднолькава, нам падабаюцца адны і тыя ж рэчы. Мы не надакучаем адзін аднаму, наадварот – не хапае часу, каб пабыць ра­зам.

Хлопчыкі нашы амаль дарослыя, ім 7 і 8. Выхоўваюць нас, калі пачынаем гаварыць гучней, чым звычайна, пагражаюць: бу­дзеце сварыцца – пазбавім тэлефонаў! (Смяецца.)

Ніколі не думала: за што мне гэтая хвароба? Чаму менавіта я? Заўсёды ведала: Бог не дае тых выпрабаванняў, якія ты не можаш вытрымаць. Так выхоўвалі бацькі. Яны, што б ні здарылася, паўтараюць: усё, што ні робіцца – да лепшага. Нават калі ў гэты момант табе здаецца, што горш не бывае і гэта ўсё, канец свету!

Цяпер я ў рэмісіі. Жыву ў Літве, працую ў польска-рускай школе, выкладаю англійскую мову. Вядома, можна было б уладкавацца і на больш прыбытковую і менш нервовую работу, але я не ўяўляю сябе нікім, акрамя як настаўнікам. 

Кожны год абследуюся, каб спаць спакойна. Разумею, што рак – хвароба каварная. 

І пры тым жыву – і жыццю радуюся!

Фото из архива героини

Текст: Нина Рыбик