Шматдзетная маці Марына Пляўга з Пятрашышак: пра дачушак, выхаванне і жаночы лёс

11:00 / 14.10.2025
Кажуць, калі Бог хоча зрабіць жанчыне камплімент, ён пасылае ёй дачушку. У гэтым сэнсе Марыну Пляўгу з вёскі Пятра­шышкі Міхалішкаўскага сельсавета Усявышні пацалаваў ажно сем разоў… Жанчына нічога звышнатуральнага ў сваёй шматдзетнасці не бачыць, хоць з’яўляецца сапраўднай гераіняй.

Шчыра і адкрыта, нічога не ўтойваючы і не намагаючыся прыхарашыць некаторыя жыццёвыя сітуацыі Марына Іосіфаўна расказала пра радасці і цяжкасці мацярынства, жаночы лёс і дачушак. 

«У бацькоў я адзінае дзіця»

– Пра такіх, як я, кажуць: дзе на­радзілася, там і прыгадзілася. Амаль усё маё жыццё звязана з Пят­ра­шышкамі. 

У бацькоў я адзінае дзіця і ніколі не думала, што некалі буду мець столькі дачок. У мамінай сям’і было двое дзетак, а вось у татавай ажно 9, але выжылі толькі шасцёра. Татава мама рана памерла – і гэта, відаць, пакінула глыбокі след у яго душы. Нездарма кажуць: мама ёсць – ты паўсірата, бацька – сірата.

…У школьныя гады хацела стаць «магазінеркай». Скон­чыла Гро­дзен­­скі гандлёвы тэх­нікум (цяпер гэта каледж). Пачынала ў Астра­вец­­кім райспа­жыўтаварыстве. Мне было 18 гадоў, як памёр тата. Мама паклікала назад: яна ж адна заста­лася, дапамогі ніякай, яшчэ жывыя былі бабулі-дзядулі. Вярнулася ў Пятрашышкі. Працавала ў калгасе «50 гадоў УЛКСМ» у Масцянах, там і спаткалася з першым мужам…

У 1994-м (мне быў 21 год) нара­дзіла першую дачушку Анечку. Пай­шла ў дэкрэт, а там – пасыпаліся дзяўчаты, лічы, адна за адной. Праз 11 месяцаў – Таню, потым – Юльку. Хацелася хлопчыка. Думалі, што больш не будзе дзяцей. Нечакана знайшлася Вікуля, але дзяўчынка пражыла толькі 5 месяцаў… (Цяжка ўздыхае. – Заўв. аўт.) У 2003-м з’явілася Іна, у 2006-м – Ангеліна, у 2008-м – Паліна. Апошняя, «наш паскробыш», Маргарыта нарадзілася ў 2011 годзе.

Адразу мама жыла з намі ў Пятрашышках, дапамагала мне з дзецьмі. Потым перайшла ў Глушыцу даглядаць дзядулю, якому было пад 90 гадоў, і перыядычна забірала да сябе каго-небудзь з дзяўчат, каб мне адпусціць рукі. Мама, дзякуй Богу, і цяпер жывая-здаровая. Ужо не мне, а ўнучкам дапамагае дзетак глядзець. Ездзіць па чарзе да маіх дзяўчатак, цяпер гасціць у Юлі. 

…Доўга я не вылазіла з дэкрэтаў, але паміж нараджэннямі дачок працавала. Спачатку ў быткамбінаце ў Клюшчанах. Калі ён закрыўся, перайшла ў спондаўскі магазін, адтуль ізноў пайшла ў адпачынак па доглядзе дзіцяці. 

Неяк прыйшла ў Спондаўскую школу пісаць заяву на падвоз дзяцей. Тагачасны дырэктар Кацярына Іванаўна Емельян прапанавала работу. Мяне ўзялі на 0,5 стаўкі біблятэкарам. Па сумяшчальніцтву была і дворнікам, і памочнікам выхавацеля. Амаль 7 гадоў адпрацавала там, пакуль наша школа не зачынілася. 

Цяпер узялі прыбіральшчыкам у Міхалішкаўскую школу. Як кажуць, калі хочаш працаваць, то будзеш працаваць. 

«Даіць карову і за­прагаць каня ўмее кожная дачка»

– І гаспадарка вялікая была, і дзяўчаткі малыя – адна пры адной. Бывала, малое на ложку пакіну (а што рабіць?!) і пайду абыходзіцца па гаспадарцы… Дзякаваць богу ніхто не скалечыўся. І хварэлі дзеці, і саплявыя былі, і з тэмпературай… Не ведаю, як тады спраўлялася. Жыццё ішло, як па накатаным… Адзінае – у мяне было хранічнае недасыпанне. Потым ужо большыя гадавалі меншых, чаго там утойваць.

Дарэчы, усе дзяўчаты з маленства прывязаны да жывёлы. Неяк нашага сабачку падбіла машына. На зламаную лапу яны наклалі лангетку, мазалі рану – і вылечылі небараку. 

Да работы прывучаны ўсе: умеюць і карову даіць, і каня запрагаць. Хоць мужчыны ў мяне няма, але трымаю двух кароў, цялят, каня, свінняў, курэй. Зяці дапамагаюць, найбольш Віця – бо, лічы, на месцы, у Міхалішках. Усё лета сянуем. Па чарзе бяром адпачынкі, каб замяняцца. Косім касілкай, трымерам… Я таксама. Ведаеце, як лёс прымусіць – усё будзеш умець, усё зробіш.

Будзільнік на тэлефоне ў мяне настаўлены на 4.35 раніцы. Меншыя дзяўчаты прачынаюцца ў шэсць. У сем ідзём на школьны аўтобус. Есці гатую вечарам, каб назаўтра было. На выхадных займаюся больш маштабнымі справамі. Бо ў будні кароткі дзень, асабліва па восені, не паспееш вярнуцца, а ўжо сцямнела.

Мне, як шматдзетнай маці, далі двухпакаёвую і двухузроўневую кватэру ў Астраўцы. Там Іна з Ангелінай цяпер. Магла б і я ўсю гас­падарку збыць, пераехаць у горад і жыць, як пані. Але, не… Думаю, раптам малодшых дзяўчат трэба будзе вучыць на платным – і не адвучу, і сумку не збяру. Зарплата – зарплатай, але, калі ёсць свае бульба, малако, яйкі, мяса – і страўніку сытней, і душы спакайней. 

«Бацькі павінны даць адукацыю дзецям»

– Дачушкі хоць і па-рознаму ву­чыліся ў школе, але цягнуліся да навукі. У гэтым жаданні іх заўсёды падтрымлівала і дапамагала, чым магла. Мая задача, як мамы, была даць ім адукацыю – неістотна: вышэйшую ці сярэднюю, платна ці на бюджэце. 

Старэйшая Аня вывучылася на ўрача-гінеколага ў Віцебску. Зараз працуе па спецыяльнасці ў раённай паліклініцы. Таня таксама вучылася ў гэтым горадзе, але ў ветакадэміі. Цяпер яна галоўны ветэрынарны ўрач у КСУП «Міхалішкі». Праўда, на сесіі – завочна займаецца ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Юля таксама ветурач, але пакуль у дэкрэце, жыве ў аграгарадку Удзяло Глыбокскага раёна.

Увогуле, старалася не ўплываць на прафесійны выбар дачок. Напрыклад, Іна і Ангеліна хацелі звя­заць сваё жыццё з сілавымі струк­турамі і паступіць у адпавед­ныя ўні­версітэты, але не склалася… Іна закончыла факультэт інава­цый­ных тэхналогій і машы­набу­да­вання Гродзенскага «купа­лаў­с­кага» ўніверсітэта. Цяпер яна пагра­нічніца. А Ангеліна пасля ме­дыцынскага каледжа сёлета размер­кавалася ў Астравецкі цэнтр гі­гіе­ны і эпідэміялогіі. Абедзьве былі платніцамі. Старэйшыя дзяўчаты дапамагалі вучыць малодшых, і ба­буля з пенсіі грошы адкладвала. На другі год Ангеліна плануе паступаць ва ўніверсітэт. 


Паліна, адзінаццацікласніца Міха­лішкаўскай школы, хоча ісці ў лясную гаспадарку, а малодшая пакуль не вызначылася. Маргарыта неяк казала, што падумвае стаць бухгалтарам. А я ёй – «у цябе ж матэматыка храмае». Не пакрыўдзілася, але задумалася. Але на адным мы сышліся з дачкой, што ветурачоў у нашай сям’і хапае. 

«Быць маці – нялёгкая праца»

Быць шматдзетнай маці – цяжкая штодзённая праца. Тут самае галоўнае – цярпенне. Памперсаў не было, пральных машын таксама – дзедаўскімі метадамі гадавалі дзяцей. І злавалася, і крычала, і моманты роспачы здараліся. Здавалася, што ўсё, больш не маю сіл, не магу, не хачу… Паплачу дзе-небудзь схаваўшыся, каб дочкі не бачылі, і за работу – гэтым і ратавалася... Мне здаецца, што мы з таго савецкага пакалення – больш загартаваныя і прыстасаваныя да жыцця і працы за маладых. А ім цяпер трэба ўсё і адразу. 

Кажуць: малыя дзеткі спаць не даюць, вялікія – жыць… Ня­праўда гэта! Калі немаўлятка зда­ровае, накормленае, сухое, яму нічога не замінае, не муляе і не дакучае, будзе спакойным. А з дарослымі мне здаецца, яшчэ прасцей. Паміж бацькамі і дзецьмі на любым перыядзе жыцця павінна быць узаемапавага.

Дзяўчат сваіх з маленства вучыла казаць толькі праўду і ў любой жыццёвай сітуацыі звяртацца да мяне. Горш, калі ці добрае, ці дрэннае я даведаюся ад людзей. 

Я, напэўна, патрабавальная мама. Калі сказала штосьці зрабіць – гэта не абмяркоўваецца. Ніякага пасля, заўтра ці праз гадзіну. 

…На сямейнай урачыстасці, калі ў кафэ адзначалі 30-годдзе Таццяны, да мяне падышоў былы муж, глянуў і толькі сказаў: «Дзякуй табе, што дзяўчат выгадавала». Я ні­чога не адказала. Нараджала дзяцей у першую чаргу для сябе, і ведала, што гадуючы іх, варта разлічваць толькі на сябе. 

«Шчаслівая, калі мы збіраемся разам»

– З выгляду мае дзяўчаты хоць і падобныя, але ў кожнай – сваё «Я», хоць і нарадзіла ўсіх і гадавала аднолькава. У мяне ўжо ёсць тры ўнучкі і ўнук. Растуць пакрысе!

Калі збіраемся разам, тады я самая шчаслівая ў свеце. На жаль, гэта рэдка бывае. Усе жывыя, здаровыя, вясёлыя, ва ўсіх усё добра – і мама шчаслівая. Усіх дачушак аднолькава люблю – нікога не выдзяляю. Гэта, як і пальцы на руках: які ні парэж – балець будзе аднолькава.

…У жыцці ўсяго было: аперацыі пера­носіла, здароўе падводзіла, але Бог сцярог. Каб можна было б вярнуць час назад, нічога не мяняла б. Адзінае, хацелася б, каб была  паўнавартасная сям’я, сапраўдны мужчына побач. А наконт дзяцей… Кожнай дачушкай ганаруся і ўпотайкі плачу ад радасці і гордасці за іх… 

Дочкі пра маму

Таццяна:

«Удзячна маме за тое, што яна ёсць у маім жыцці, што падарыла яго мне і маім сёстрам. Мама – самы цярплівы чалавек, які вытрымлівае мой характар і прымае мяне такой, якая я ёсць.» 

Ангеліна:

«Матуля, я хачу падзякаваць табе за кожную ахвяру, за бясконцую цярплівасць і за тую безумоўную любоў, якую ты нам аддаеш. Ты на сваім прыкладзе навучыла мяне дабрыні, шчырасці і стойкасці. Дзякуй табе, што верыш у мяне часцей, чым я сама, і за тое, што заўсёды знаходзіш словы падтрымкі ў патрэбны момант. Я вельмі даражу табой і ўсім, чаму ты мяне навучыла.» 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героини