Незвычайныя нажніцы – адказ на заданне №12 «Дзедаўскай прылады»

18:27 / 25.09.2025

Заданне №12 «Дзедаўскай прылады» таксама не выклікала ў канкурсантаў цяжкасцей, усе даслалі правільныя адказы. Сапраўды, на здымку – нажніцы (ножны) для стрыжкі авечак. Улічваючы, што ў конкурсе ўдзельнічаюць людзі рознага ўзросту, радуе, што даўнейшымі прыладамі цікавіцца і моладзь. А яшчэ мяне ўсцешыла, што на гэтым этапе зноў з’явіліся новыя ўдзельнікі.

Нажніцы

І хай іх версіі не такія разгорнутыя, як у пастаянных канкурсантаў, галоўнае, што яны – правільныя. Таму, Тамара Букічава, Сабіна, Насця, Сяргей Змітровіч, Алена Алянцэвіч і Галіна Малашка, вітаю вас у «Дзедаўскай прыладзе» і спадзяюся, што будзеце ўдзельнічаць і надалей. 
Вярнулася ў конкурс і проста Ганна, ці 1979602anna (прабачце, не ведаем ваша прозвішча), якая таксама разгадала, што за рэч была на здымку.

Як і ў папярэднім, у гэтым заданні На­тал­ля Блахіна амаль не сумнявала­ся ў правільнасці адказу. Усё таму, што сама трымала ў руках гэтыя наж­ні­цы ў доме ба­булі і дзядулі. А яшчэ ма­ці жанчыны рас­казвала, што ў час яе дзяцінства амаль у кожнай сям’і тры­ма­лі авечак, якіх два разы ў год стрыглі вось такой пры­ладай. Затым воўну чыс­цілі, церабілі і складвалі ў роўны сто­сік – кудзель. Яе пры­мацоўвалі да ка­лаў­рота, адной рукой бабуля Наталлі вы­цяг­вала адтуль пас­мачку, а другой – кру­ціла верацяно, на якое ў выніку на­мот­валася гатовая нітка. Пасля з яе вя­залі цёплыя рэчы, якія насілі дзеці і ўну­кі. Наталля і цяпер успамінае яркія па­ла­сатыя рукавіцы, што звязала ёй бабуля. Ні ў адной з сябровак не было та­кой прыгажосці, таму яна вельмі га­на­рылася імі. Дарэчы, канкурсантка і сама любіць вязаць – напэўна, гэтае за­хап­ленне перадалося ад бабулі.

Пра падрабязны працэс апрацоўкі воўны расказала і Леанарда Якель, якая і сама ў ім удзельнічала. Калі жылі на вёсцы, яны з мужам трымалі авечак і, вядома ж, стрыглі, паклаўшы жывёлу на бок. Часаць воўну вазілі ў Гервяты – нярэдка там збіраліся цэлыя чэргі. А яшчэ жанчына з усмешкай узгадвае, што ў той час хлапчукоў, якія сваволілі, палохалі:  калі не будуць слухацца, іх таксама зловяць і пастрыгуць нагола, бы тых авечак. 

Дапамагаў у дзя­цінст­ве стрыгчы гэтую жы­вёлу і Генрых Лу­ка­шэвіч. Мужчына па­ве­даміў, што ў 1965 годзе ў брыгадзе Кас­това калгаса «Перамога» быў статак аве­чак каля 200 галоў. Яго бацька іх пас­віў. Калі ж надыходзіў час стрыгчы жывёлу, Генрых з іншымі дзецьмі лавіў і трымаў жывёлу падчас «цырульніцкай» працэдуры.

Сям’я Ларысы Гаваноўскай трымала коз, а не авечак, але жанчына таксама добра ведае, што гэта за прылада. Ды яна і сама неаднойчы назірала, як ёю карыстаюцца. Жанчына ўзгадала, што ў дзяцінстве яна заўсёды шкадавала астрыжаных голых авечак. 

Ірына Яновіч паведаміла, што такія нажніцы выраблялі са сталі. Дарэчы, стрыглі авечак не толькі для атрымання воўны, але і для таго, каб у поўсці не заводзіліся паразіты і жывёла не хварэла. Бацькі жанчыны таксама трымалі авечак, якіх стрыглі двойчы на год: вясной і восенню. А яшчэ Ірына ўзгадала папулярны ў іх мясцовасці выраз: «Хороший пастух стрижёт овец, а не сдирает с них шкуры».

Яшчэ адна заўзятая канкурсантка Таццяна Бразевіч сярод іншай карыснай інфармацыі таксама паведаміла, што першыя ў гісторыі нажніцы з’явіліся больш за 3,5 тысячы гадоў назад. І яны служылі не краўцам і цырульнікам, а менавіта жывёлаводам і прызначаліся для стрыжкі авечак. Нажніцы былі падобнымі на пінцэт і складаліся з двух лязоў. У такім выглядзе прылада праслужыла больш за 2 тысячы гадоў. Пазней у нажніцах з’явіўся рычаг, які дазволіў аблегчыць працу, аднак гэтыя змены не закранулі прыстасаванне для стрыжкі авечак.

Не толькі падрабязную характарыстыку дзедаўскай прылады і гістарычную даведку пра яе, але і звязаны з гэтым фальклор, куды ўвайшла байка Эзопа, народны каляндар, легенда і нават урывак з Бібліі даслала Аляксандра Працута. Але мяне найбольш зацікавілі сямейныя ўспаміны. Так, усе сваякі канкурсанткі ў адзін голас сцвярджаюць, што ў іх родзе стрыглі авечак толькі жанчыны, бо ў іх больш хапала цярпення і акуратнасці, каб зняць, не пашкодзіўшы, воўну адным пластом. Падчас гэтай працэдуры жывёліну стараліся супакоіць, прымаўляючы: «Не бойся, падстрыгуць цябе – і не так горача будзе!». Дарэчы, цётка Аляксандры адзначыла, што і цяпер у яе сям’і карыстаюцца такімі нажніцамі і лічаць іх лепшымі, чым спецыяльныя электрычныя машынкі. Вось такая дзедаўская прылада!

У выніку колькасць балаў у канкурсантаў наступная: 6 атрымала Аляксандра Працута, 4 – Ірына Яновіч і Наталля Блахіна, 3 – Таццяна Бразевіч, Генрых Лукашэвіч і Леанарда Якель, 2 – Ларыса Гаваноўская і Алена Алянцэвіч, 1 – Тамара Букічава, Сабіна, Насця, Сяргей Змітровіч, Галіна Малашка і Ганна. 
Текст: Марина Гавдурович
Фото: Ірына Яновіч