Як Стаса Курылу грошы абдурылі

10:28 / 24.09.2025


Неяк сядзеў я ў сваёй вясковай хаце. Сумна было, адзінока…

І раптам да мяне прыйшлі грошы! Як я ўзрадаваўся! У момант знік сум. Захацелася нешта такое зрабіць…

І тут пачуў на вуліцы сігнал аўталаўкі. Вось, думаю, вазьму грошы – пойдзем, прагуляемся… Разам, пэўна ж, весялей будзе.

Пабавіліся мы каля аўталаўкі, прыкупіў я хлеб і сёе-тое да хлеба – і пайшоў дахаты.

А грошы не ўсе са мной вярнуліся, некаторыя здраднікі засталіся ў аўталаўцы.

Ды такой бяды! Ёсць жа яшчэ колькі верных сяброў, не дадуць сумаваць.

Вырашыў назаўтра выгуляць грошы ў Астравец: хай свет пабачаць і сябе пакажуць.

А там магазінаў! Усялякіх. Тут марожанае мяне спакусіла, там бананы, а недзе каўбасны пах знюхаў. То казыча нос водар булак, то шаўрма перабівае… Шмат усялякай усялячыны пабачыў, сёе-тое пакаштаваў, нешта ў запас прыдбаў.

Вярнуўся дахаты шчаслівы… А мяне на парозе адзінота чакае, пасміхаецца… І тут я скеміў: грошы! Яны ж не вярнуліся са мной. Пакінулі мяне гэтак жа хутка, як і прыйшлі.

Здрадзілі…

Толькі адзінота і засталася вернай маёй спадарожніцай…

Але, спадзюся, праз месяц яны зноў да мяне завітаюць? Разам з паштальёнкай, што пенсію разносіць…


Станіслаў КУРЫЛА.