Лясная справа стала сямейнай для бацькі і сына Сяргея і Андрэя Місевічаў
14:04 / 21.09.2025
– Узгадайце першыя ўспаміны, звязаныя з лесам.
Сяргей Міхайлавіч:
– Можна сказаць, што я ў лесе вырас. Нарадзіўся ў вёсцы Пясчанка Мастоўскага раёна – хат там было няшмат, а лясоў – наадварот. З дзяцінства хадзіў у грыбы, рыбу лавіў – так і палюбіў прыроду. Да таго ж дзед быў аб’ездчыкам, дзядзька – лесніком, таму, відаць, у нашай сям’і па крыві перадаецца любоў да лесу.
Андрэй:
– Я з лясной сям’і. У лясгасе да службы ў міліцыі працаваў і родны брат Аляксандр. З маленства тата браў мяне з сабой на работу, усе летнія канікулы праводзіў з ім у лесе.
– Як вы трапілі ў лясную гаспадарку?
Сяргей Міхайлавіч:
– Хтосьці за знаёмых параіў паступіць у Полацкі лясны тэхнікум. Там вучыўся, потым служыў у арміі. У 1989 годзе размеркавалі ў Астравецкі лясгас, у Катлоўскае лясніцтва. Пачынаў пры Мікалаі Уладзіміравічы Германе, потым яго перавялі ў райцэнтр. У маёй працоўнай кніжцы толькі адзін запіс.
Андрэй:
– У школьным узросце я займаўся шматбор’ем: нават паступіў у Гродна ў школу алімпійскага рэзерву. Але праз месяц зразумеў, што гэта не маё, што дасягнуць сапраўдных спартыўных вяршынь не атрымаецца. Таму пазваніў бацьку, кажу: «Забірай, буду спрабаваць у лясное». Тата, напэўна, узрадаваўся. (Усміхаецца.) У 2012 годзе завезлі дакументы ў Полацкі лясны каледж. Паступаў без мэтавага накіравання, але вельмі хацеў вярнуцца на радзіму, тым больш што наш лясгас лічыўся адным з самых моцных не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў рэспубліцы. Размеркаванне было напружаным і праводзілася па рэйтынгу студэнтаў. На Астравецкі лясгас было 3 вакансіі: я прайшоў. Зазначу, што ў спісе быў 9-м са 180-ці чалавек.
Практыку праходзіў у Катлоўскім лясніцтве, а на работу прыйшоў майстрам лесу ў Падольскае. Праз паўгода забралі ў армію, адслужыў і вярнуўся ў лесапункт. Паралельна завочна паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Літаральна за 2 месяцы да атрымання дыплома Рыгор Мечыслававіч Долгі прапанаваў узначаліць Гервяцкае лясніцтва – згадзіўся. Родныя, асабліва бацька, былі шчаслівыя і віншавалі з такім імклівым ростам па кар’ернай лесвіцы. Удзячны дырэктару за аказаны давер.
– Раскажыце пра свой працоўны дзень.
Сяргей Міхайлавіч:
– Мой майстарскі ўчастак вялікі – каля 3-4 гектараў – знаходзіцца на самай мяжы з Літвой. У нас 2 вальшчыкі (калі пачынаў, іх было 12), 7 лесаводаў. Садзім лес, даглядаем за пасадкамі, потым пераводзім іх у пакрытую лесам плошчу, займаемся нарыхтоўкай драўніны... Словам, кожны год адны і тыя ж работы, але без іх ніяк.
Андрэй:
– Тата, лепш раскажы пра пераломны момант, калі ў нас укаранялі перадавыя тэхналогіі па ўліку драўніны. У бацькі звычайны кнопкавы тэлефон, пра інтэрнэт нават размовы не вялося. Калі ўвялі адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму для адсочвання і ўліку нарыхтоўкі драўніны, паўстала пытанне: мяняць работу ці вучыцца. Дапамагаў і «выдаваў інструкцыі», у тым ліку па тэлефоне, па карыстанні, а мама, як педагог, дома правярала. Тата дастаткова хутка асвоіў не толькі праграму, але і інтэрнэт.
Сяргей Міхайлавіч:
– Давялося, а куды ж дзявацца? (Усміхаецца.)
Андрэй:
– У штаце Гервяцкага лясніцтва 23 чалавекі, з якіх 7 лесаводаў, 4 вальшчыкі, 4 майстры, памочнік, бухгалтар. Калі ў лесапункце я займаўся адным накірункам – лесанарыхтоўкай, то тут, як ляснічаму, трэба было ахапіць увесь спектр работ. Чытаў інструкцыі, кансультаваўся з калегамі, вельмі дапамагала мая правая рука Анжаліка Яновіч (Масойць), якая цяпер у адпачынку па доглядзе дзіцяці, падтрымліваў калектыў…
Работа ў нас, можна сказаць, аднатыповая – толькі крыху розніцца ў залежнасці ад сезона.
– Працягніце фразу: лес для мяне – гэта…
Сяргей Міхайлавіч:
– Без перабольшвання, лес – гэта не толькі мая работа, але і жыццё; гэта неацэннае багацце; лес шчодра дзеліцца сваімі дарамі з чалавекам – і іх хапае ўсім.
Андрэй:
– У лясной гаспадарцы засталіся і працуюць па-сапраўднаму адданыя гэтай справе людзі. Ведаеце, у гімне лесаводаў мне найбольш падабаецца фраза: «і слова «лес», і слова «лёс» сугучны ўсё ж невыпадкова»…