Нагрудны знак «Ганаровы лесавод» атрымаў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віктар Урбановіч

11:58 / 21.09.2025

Для многіх аматараў аднаго з галоўных мужчынскіх захапленняў паляванне – не проста здабыча жывёлы, а цэлая філасофія з адмысловымі традыцыямі і няпісаным кодэксам. А яшчэ гэта аддушына, стыль жыцця, урэшце, работа для вядучага інжынера па паляўнічай гаспадарцы Астравецкага вопытнага лясгаса Віктара Урбановіча.

Партрэт спецыяліста неаднойчы заносіўся на раённую Дошку гонару, прадпрыемства і абласнога аб’яднання. Напярэдадні Дня работнікаў лесу стала вядома, што Віктару Мечыслававічу прысвоена званне «Ганаровы лесавод» – ён стаў 5-м работнікам лясной гаспадаркі Астравеччыны, які ўдастоены такой высокай галіновай узнагароды.

– Нарадзіўся я на хутары Юзуліна, што на Астравеччыне. Да лесу было рукой падаць. Хоць пазней бацькі пераехалі ў Даўкшышкі (цяпер гэта Дайлідкі), усё лета праводзіў у бабулі з дзядулем. Менавіта дзед мне адкрыў грыбную навуку і навучыў любіць прыроду, – успамінае сваё дзяцінства Віктар Урбановіч. – І цяпер перад вачамі стаіць карціна. Густы туман заліў, бы малако, наваколле. Ляніва ўзыходзіць сонца, а на ўзлеску стаіць купка ласёў з вялізнымі рагамі. Гэта цяпер шмат аленяў развялося, у тым ліку дзякуючы і нашай егерскай службе. А ў пару майго маленства іх не было. Сустракаліся казулі, зайчыкі, лісы, лосі, дзікі.

Хоць і гадаваўся Віктар на ўлонні прыроды, але прафесію выбраў больш прыземленую, грашовую – будаўнічую (скончыў адпаведныя курсы), але да арміі давялося паспытаць і «калгаснага» хлеба.

– Напачатку 90-х у лясгасе надумалі будаваць майстэрні, менавіта тут і спатрэбіліся мае веды. Перацягнуў мяне Пётр Зянонавіч Крупеньчык, тут я пазнаёміўся з тагачасным паляўніцтвазнаўцам Аляксанд­рам Васільевічам Дзевятавым, які канчаткова ўцягнуў у паляванне, – успамінае пачатак сваёй дарогі ў лясную гаспадарку суразмоўца. – Абавязкі будаўніка паралельна сумяшчаў з пасадай начальніка пажарна-хімічнай станцыі, пазней кіраваў дрэваапрацоўчым цэхам, прамысловым аддзелам. Калі ў 2006 годзе Дзевятаў пайшоў на заслужаны адпачынак, папрасіўся на яго месца. Завочна адвучыўся ў лясным інстытуце імя Кірава, цяпер гэта Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Кажуць, калі работа вынікае са справы, якую любіш і якой адданы ўсёй душой, – ніколі не расчаруешся ў прафесіі. 

– Можна сказаць, што мая мара ажыццявілася, калі ў нашым лясгасе сталі сур’ёзна развіваць лесапаляўнічую і вальерную гаспадарку (цяпер яна займае 252 гектары). У межах праграмы Мінлясгаса пачалі будаваць вальеры, завозіць высакародных аленяў, потым – плямістых, ланяў, – успамінае вядучы інжынер. – У сувязі з афрыканскай чумой і значным змяншэннем аднаго з асноўных паляўнічых відаў – дзіка, патрэбна была пераарыен­тацыя на іншы від. Вырашылі разводзіць нетыповага для Беларусі муфлона. Дарэчы, наш лясгас першы ў краіне пачаў гэтым зай­мацца. Пазней сталі выпускаць па некалькі дзясяткаў асобін аленяў, ланяў у натуральнае ася­роддзе. І што вы думаеце, калі мя­не прызначылі па­ляў­­ніцт­ва­знаў­цам, у лясных угоддзях на­шага лясгаса налічвалася толькі 25 аленяў, цяпер іх 236. 

Вальерная і па­ляў­ні­чая гас­па­дар­кі развіваліся і пра­цяг­ваюць гэта ра­біць сямі­міль­нымі кро­ка­мі. Значна ўзрос попыт на па­ля­ванне сярод айчынных і асаб­ліва замежных аматараў. У лясгасе доб­ра разумелі: каб з-за мяжы за некалькі соцень, а то і тысяч кіламетраў на Астравеччыну прыехаў за трафеем здабытчык, трэба стварыць і забяспечыць яму ўмовы «ўсё ўключана». Таму былі створаны два паляўнічыя комплексы: у Задворніках на базе былой панскай сядзібы і на беразе Віліі непадалёк ад Быстрыцы. 

– Праводзім паляўнічыя туры для гасцей ледзь не з усёй Расіі, Казахстана і іншых краін. Ім падабаюцца ўмовы пражывання, арганізацыя палявання і садзейнічанне ў падрыхтоўцы дакументаў для правозу трафеяў праз граніцу, – працягвае Віктар Мечыслававіч. – Па маіх назіраннях за апошнія два дзесяцігоддзі паляванне стала больш дысцыплінаваным, амаль зжыло сябе браканьерства – у першую чаргу, думаю, дзякуючы ўзмацненню адказнасці за незаконна здабытага звера. Тэхнічнае аснашчэнне таксама змянілася, з’явіліся «навароты»: цяплавізары, карабіны… Дзякуючы ім  паляванне стала больш выніковым, мінімізуецца фактар, што звер будзе падранены. Даўней гэта здаралася часта і густа, калі хадзілі з гладкаствольным ружжом і ручнымі ліхтарамі, якія называлі «кабанамі». Цяпер ты бачыш, якога звера здабываеш, маеш магчымасць ацаніць яго трафейныя якасці.

– За апошнія гады змянілася і егерская служба. Калі раней усімі пытаннямі займаўся адзін паляўніцтвазнаўца, то цяпер ёсць цэлая каманда, – дзеліцца Віктар Мечыслававіч. – У нас ёсць трактар і ўсё неабходнае абсталяванне – сеялка, акучнікі, дыскі, плугі, а таксама прэс для сена. Частку травяністых кармоў набываем у гаспадарках. Акрамя гэтага, маем 14 стацыянарных вышак і 10 перасоўных, 4 УАЗіка з электралябёдкамі. Словам, ідзём з часам у нагу. 

Пытанні аб галоўным

– Калі для першабытнага чалавека галоўная мэта палявання была здабыча мяса, то цяпер…?
– Гэта трафей. Для паляўнічых на першае месца выходзяць якасці здабытага звера: чэрап, рогі, шкура.

– Які трафей для вас самы памятны і значны?
– Трафей здабытага мной ваўка прызналі лепшым на веснавой выставе «Паляванне і рыбалка 2014».

– Паляванне на якога звера любіце найбольш і чаму?
– Напэўна, на воўка – гэта самы няпросты і разумны звер. Трэба добра ведаць яго звычкі, дзе ён ходзіць. За сваю службу ў лясгасе здабыў іх з дзясятак. Дарэчы, наш егер Станіслаў Пашкевіч – добры ваўчатнік. Яго трафей у 2015 годзе на спецыялізаванай выставе атрымаў залаты медаль. 

– Ці кожны можа стаць паляўнічым?
– Можна хадзіць на паляванне з ружжом, але не быць паляўнічым. Павінна быць развіта асаблівае пачуццё працэсу, веданне звера. Я б сказаў, што паляванне – гэта цэлае мастацтва. 

– Што адчулі, калі даведаліся, што станеце ганаровым лесаводам?
– Безумоўна, было прыемна. Я ўдзячны і кіраўніцтву нашага лясгаса ў асобе Рыгора Мечыслававіча Долгага, і сваёй егерскай службе. Без іх не было б гэтай узнагароды. 

Текст: Алёна Ганулич