Каким этот год был для Островецкого опытного лесхоза, рассказал его директор Григорий Долгий

10:12 / 21.09.2025

Лясная гаспадарка Астравеччыны, нягледзячы на ўзнікаючыя праблемы і цяжкасці, годна спраўляецца з выклікамі часу і працягвае развівацца.

Пра праблемы і здабыткі прадпрыемства, дынаміку работы яго асноўных накірункаў, людзей і планы па далейшым развіцці напярэдадні прафесійнага свята расказаў дырэктар Астравецкага вопытнага лясгаса Рыгор Долгі.

Гадавальнік і лесааднаўленне

– Стварэнне новых лясоў – адзін з найбольш важных накірункаў нашай дзейнасці. У мінулым годзе іх пасадзілі на плошчы 283,3 га, праведзены догляд на 1 783 га, пры гэтым механізавана з выкарыстаннем сучасных трактарных агрэгатаў – на 41,2% ад агульнай колькасці.

Летась заклалі лесанасенную плантацыю звычайнай сасны на 12,5 га, што дазволіць нам у будучыні атрымліваць насенне гэтай пароды з палепшанымі селекцыйнымі якасцямі. 

Гэтай вясной пасаджана лясных культур больш чым на 320-ці га (у тым ліку механізавана з выкарыстаннем сеялкі), праведзена іх дапаўненне, праводзяцца ў поўным аб’ёме ўсе неабходныя па доглядзе работы.

Аснова для паспяховага стварэння новых лясоў пачынаецца ў пастаянным лясным гадавальніку. Ад яго работы шмат у чым залежыць закладка лясных культур, далейшыя работы па доглядзе пасадак і перавод іх у пакрытыя лесам плошчы.

У лесагадавальніку вырошчваюцца сеянцы і саджанцы сасны, елкі, лістоўніцы, клёна, ясеня, ліпы, бярозы, вольхі і дэкаратыўны пасадачны матэрыял – звыш 100 відаў і форм, які выкарыстоўваецца для азелянення горада і прысядзібных участкаў. Аб’ём усяго пасадачнага матэрыялу дасягае звыш 4-х мільёнаў штук.

Даходы гадавальніка за 7 месяцаў бягучага года склалі 217,9 тыс. рублёў, напрыклад, летась за аналагічны перыяд – 130,6 тыс. руб. 

Мне здаецца, пэўную ролю ў гэтым адыграў і Год добраўпарадкавання: попыт на дэкаратыўны пасадачны матэрыял сярод насельніцтва (і не толькі нашага раёна, але і суседніх) значна вырас. 

Зазначу, што лесагадавальнік неаднаразова атрымліваў званне «ўзорны», якое пацвердзіў і ў гэтым годзе.

Прамысловасць

– Дрэваапрацоўчы цэх стабільна выконвае ўсе даведзеныя прагнозныя паказчыкі і задачы. За 7 месяцаў тут апрацавана 35,3 тыс. кубаметраў драўніны (102% да плану і 101% да мінулага года). Выпусцілі 13,2 тыс. кубаметраў піламатэрыялаў (104% і 106%). Іх рэалізацыя засталася на ўзроўні 2024-га і склала 12,3 тыс. кубаметраў. 

Варта прызнаць, што ў апошнія гады і з экспартам прадукцыі, і з яе рэалізацыяй на ўнутраным рынку ўзнікаюць пэўныя праблемы. Тым не менш гэта прыносіць неблагія даходы. Напрык­лад,  за 7 месяцаў за мяжу адправілі піламатэрыялаў на 1 млн 843 тыс. длр (114% да плана і 119% да ўзроўня мінулага года). Гэта адбылося за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці. 

Два гады назад пачалі асвойваць новы накірунак у дрэвааапрацоўцы – выраб драўляных дамакамплектаў (у тым ліку лазняў, альтанак і іншых аб’ектаў) па тэхналогіі двайнога бруса. Выбралі менавіта такі варыянт, таму што гэта гатовае жыллё, якое не патрабуе дадатковага часу на «ўсадку». Наш варыянт адзін з аптымальных для заказчыкаў, таму што мінімізуе час чакання. 

Лічбы для параўнання: за мінулы год рэалізавалі 21 дамакаплект і лазню, у бягучым – 12. Да слова, адзін зроблены нашымі спецыялістамі дом цяпер ва Узбекістане, паступаюць заяўкі і з іншых краін, таму задумваемся пра экспарт падобных «канструктараў». 

Аб’ёмы лесаапрацоўкі залежаць ад аб’ёмаў нарыхтоўкі. Летась нарыхтавалі 218 610 тыс. кубаметраў драўніны, за 7 месяцаў гэтага года – 132 тыс. Гэта звязана з тым, што работнікі нашага лясгаса прымалі непасрэдны ўдзел у распрацоўцы бураломаў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Цяпер дапамагаюць рабіць гэта калегам Жлобінскага лясгаса. 

Эканамічныя паказчыкі

– Мы пастаянна ўкладваем у развіццё прадпрыемства і вытворчасці. Інвестыцыі ў асноўны капітал за 7 месяцаў склалі 2 900 тыс. рублёў пры плане 1 435 тыс. (да ўзроўня мінулага года 269%). Доб­рым падспор’ем стала дапамога Мінлясгаса ў будаўніцтве дарог (грошы, якія там акумулюцца ад выпіскі лясных білетаў, накіроўваюцца менавіта на такую дапамогу). Акрамя гэтага, набылі 4 універсальныя машыны МУЛ, аўтамабіль УАЗ, 3 цялежкі з маніпулятарамі, харвэстар вытворчасці «Амкадор».

У цэлым выручка ад рэалізацыі прадукцыі за 7 месяцаў склала 15,5 млн руб. (110% да ўзроўня 2024-га). Чысты прыбытак – 347 тыс. руб.; рэнтабельнасць прадукцыі – 15%.

Добраўпарадкаванне

– Навядзенню парадка, у тым ліку тэрыторыі ля адміністрацыйных аб’ектаў надаём вялікую ўвагу – і гэта робім не толькі ў Год добраўпарадкавання, а пастаянна.
Сёлета, напрыклад, квартальныя слупкі не толькі абнавілі свежай фарбай, але і забетаніравалі.

Арганізавалі і правялі чарговы пленэр разьбяроў па дрэве. Яго плёнам стаў дзясятак драўляных скульптур на лясную тэматыку, якія ўпрыгожылі розныя аб’екты лясгаса. 

Уласнымі сіламі зрабілі дапаўненне новымі куль­ту­рамі дэндрапарку ў Гер­вяцкім лясніцтве, рас­пра­цавалі праект яго далей­шага развіцця. Зазначу, што падобныя дагледжаныя зялёныя міні-зоны ёсць у кожным лясніцтве. 

У цесным супрацоўніцтве з мясцовымі сельсаветамі наводзілі парадак, рэ­канст­руявалі і ўсталявалі но­выя архітэктурныя формы ў месцах масавага адпачынку: на Янаўскім вадасховішчы, улюбёным многімі астраўчанамі месцы для летняга баўлення часу, і на рымдзюнскім востраве кахання. На апошнім нядаўна прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі. 

У гэтым годзе для паляпшэння вядзення лесагаспадарчай дзейнасці, аховы ляснога фонду ўвялі ў эксплуатацыю лясную дарогу працягласцю 5,7 км у Міхалішскім лясніцтве. Яна звязала між сабой Радзюшы і Крываносы з выхадам на дарогу агульнага карыстання. На гэтыя мэты затрачана 1 млн 800 тыс. рублёў.  

Лесапаляўнічая гаспадарка і экатурызм

– На тэрыторыі ёсць 2 комплексы: «Панская сядзіба» і «На Віліі»; вальер плошчай 220 гектараў для развядзення высакародных і плямістых аленяў, ланяў, муфлонаў. 

На 1 студзеня ў лясных угоддзях налічвалася 77 ласёў, 236 высакародных аленяў, 299 казуль.

Наспела патрэба ў рэгуляцыі пагалоўя дзікоў – яны пашкоджвалі сельгаспасевы. За бягучы год здабыта 120 галоў.

Даходы ад паляўнічай гаспадаркі (правядзення тураў, рэалізацыі маладняка з вальера) склалі 78,6 тыс. руб. Да канца года яны будуць павялічвацца, таму што ёсць пастаянныя кліенты, заключаюцца дагаворы. 

Кадры, прафарыентацыя, калектыў

– Шмат і шчыльна займаемся прафарыентацыяй. На базе Варнянскай СШ створаны і актыўна дзейнічаюць дашкольнае і школьнае лясніцтвы «Экаляты» і «Лесавічок». На абласным злёце ў красавіку апошняе аб’яднанне прызналі лепшым школьным лясніцтвам Гро­дзеншчыны. Акрамя гэтага, падчас работы ў вытворчых брыгадах, будатрадах школьнікі знаёмяцца са спецыфікай нашай галіны, а таксама дадаткова зарабляюць грошы. Многія прыходзяць падзарабіць і на наступнае лета, а некаторыя выбіраюць лясную гаспадарку сваёй прафесіяй. 

Сёлета заключылі 5 мэтавых дагавораў з абітурыентамі на іх навучанне ў профільных установах – Полацкім лясным каледжы і БДТУ. 

«Наш калектыў – гэта 434 работнікі – з большага нязменны. Выканаць усе планы і дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў у развіцці мы змаглі дзякуючы людзям, адданым роднаму прадпрыемству, якія працягваюць працаваць тут, нягледзячы на ўзнікаючыя праблемы.

Наш лясгас ганарыцца вопытнымі і маладымі работнікамі, цэлымі дынастыямі. Акрамя тых, што на слыху – Мазыркаў з Катлоўскага лясніцтва, Германаў з Астравецкага лясгаса, фарміруюцца новыя. Так, напрыклад, абодва сыны станочніка Дзмітрыя Сініцы пайшлі па слядах бацькі. 

Варта прыгадаць майстра Уладзіміра Рагаўцова, брыгада якога з першых дзён уключылася ў стварэнне новых дамакамплектаў; будаўніка Яўгена Сенюця, майстра на ўсе рукі, які захапляецца разьбой па дрэве; начальніка лесагадавальніка Таццяну Асон, пераможцу абласных галіновых спаборніцтваў па плаванні; увесь калектыў лесапункта, які дапамагаў калегам з лясгасаў іншых абласцей распрацоўваць бураломы;  машыністаў трылёвачных лесанарыхтоўчых машын Аляксея Жусіна, Аляксандра Субаткевіча, трактарыста Міраслава Памецьку, якія летам у якасці камбайнераў убіралі ўраджай… І многіх іншых. Цесную сувязь падтрымліваем і з людзьмі, якія шмат гадоў аддалі лясгасу і пайшлі на заслужаны адпачынак. Менавіта на закладзеных імі ў свой час традыцыях і працуем, пры гэтым развіваемся, шукаем і асвойваем новыя накірункі і дбаем пра нашых людзей. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива "АП"