С павагай да якасці працуе Ашмянскі мясакамбінат

12:00 / 14.09.2025


Ашмянскі мясакамбінат, адзін са старэйшых у Беларусі, адзначае 125-гадовы юбілей.

Давайце разам узгадаем гісторыю прадпрыемства, якое даўно і назаўсёды даказала, у тым ліку астраўчанам, што яго прадукцыя вартая самых лепшых водгукаў.

З гісторыі

Першыя звесткі пра мяса­пе­ра­пра­цоўчае прадпрыемства з’явіліся ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя ў гістарычным архіве Вільнюса. Так, у 1900 годзе Віленскае губернскае ўпраўленне па просьбе ветэрынарнай службы вырашыла будаваць гарадскую бойню замест прыватнай. Пра тое, што будаўніцтва завяршылася ўжо ў пачатку 1903 года, сведчаць архіўныя здымкі і дакументы. З 1915 года прадпрыемства паспяхова развівалася.

Кароткі запіс пра ашмянскую бойню можна таксама знайсці ў даведніку 1926-1927 года: «Гарадская бойня. Дырэктар – ветэрынарны ўрач К. Руткоўскі».

У 1936 годзе прадпрыемства было рэканструявана. Вільнюская газета пісала: «Узорная бойня ў Ашмянах колькасцю 9 000 злотых здадзена ў эксплуатацыю. Пры бойні ёсць бактэрыялагічная лабараторыя, вагавая і артэзіянскі калодзеж».


Да 1939 года гэта ўжо механізаваная бойня апра­цоў­вала 50-60 галоў у дзень. А ўжо праз год паказчыкі выраслі амаль удвая.

У пачатку 1940 года на прадпрыемстве працавала 22 чалавекі.

За многія гады работы мяса­кам­бінат не раз мяняў наз­ву і нават віды дзейнасці. Так, тут вырошчвалі водаплаваю­чую птушку, кур, свіней, пера­пра­цоўвалі трусоў. Камбінат таксама меў 200 гектараў зямлі, дзе сея­лі сельгаскультуры.

У 1990 годзе пасля распаду Саюза прадпрыемства ад­пра­ві­лася ў свабоднае плаванне. У 1995-м усяго за 3 месяцы тут арганізавалі вытворчасць каў­бас. Да 100-гадовага юбі­лею ў 2000 годзе падышлі з аб­ноў­леннымі цэхамі, аналагаў якім у Беларусі яшчэ не было. Пачалі выпускаць новую прадукцыю, у тым ліку катлеты і пельмені.

У 2010-м, да 110-годдзя арганізацыі, тут адкрылі новы сучасны, абсталяваны па апошнім слове цэх па вытворчасці сыравэнджаных каўбас.

Сучаснасць

Ашмянскі мясакамбінат доб­ра ведаюць далёка за межамі раёна. Прызнаннем карыстаецца яго прадукцыя і ў жыхароў Астравеччыны.

Да слова, да нас ашмянскія «Пачастункі» прыйшлі больш за 20 гадоў назад. І першым быў магазін на вуліцы Валадарскага каля аўтапарка, другі размясціўся ў Доме быта. Сёння ў горадзе энергетыкаў працуюць дзве гандлёвыя кропкі – у добра вядомым астраўчанам Доме быта і на завулку Кастрычніцкім каля паліклінікі. Мае сваіх пастаянных кліентаў і мясны рэстаран «Жара».


Акрамя смачнай прадукцыі, Ашмянскі мясакамбінат забяспечвае жыхароў нашага раёна і рабочымі месцамі: а гэта каля 30-ці чалавек. Асноўная іх колькасць не змяняе прадпрыемству ўжо не адно дзесяцігоддзе. Гэта старанны, актыўны, працавіты і творчы калектыў.

Смачнае і любімае

Сярод вялікай колькасці пра­дук­цыі Ашмянскага мяса­кам­бі­ната ў астраўчан ёсць і найбольш любімыя. Так, шмат гадоў не трацяць актуальнасці каўбасы «Пасольская», «Браўншвейгская» і «Астанкінская», сасіскі і калабкі з сырам.

Шашлыкі і паўфабрыкаты таксама займаюць першыя радкі ў спісе любімых астраўчанамі страў.

А пра тое, што няма нічога больш смачнага і карыснага за ашмянскую мясную прадукцыю, пакупнікам падкажа ўпакоўка, бо, хоць асноўны дэвіз мясакамбіната – з павагай да якасці, не менш уважліва, клапатліва і адказна работнікі прадпрыемства адносяцца да знешняга выгляду таго, што прапануюць на паліцах сваіх магазінаў.

Усе пяць прадуктаў, якія Ашмянскі мясакамбінат адправіў на конкурс «Чэмпіён густа – 2025», – навінкі з вялікім патэнцыялам, якія ўжо атрымалі прызнанне: медальён «Ашмянскі», каўбаса «Хатняя пячоначная», халадзец «Сэрца ялавічнае ў жэле», каўбаскі «Салямі Балтыйскія» і «Фінскія з сырам». Склад, смак, форма падачы і ўпакоўка – усё тут адпавядае запытам самых пераборлівых пакупнікоў. 

Лічба

  • 25 магазінаў налічвае Ашмянскі мясакамбінат па ўсёй Беларусі і 3 аб’екты грамадскага харчавання.
  • 200 відаў прадукцыі сёння выпускае мясакамбінат, у тым ліку 24 навінкі – у 2024 годзе, ужо 12 – у бягучым 2025-м.
Ашмянскі мясакамбінат 125 гадоў стабільна ўтрымлівае статус аднаго з лепшых вытворцаў мясной прадукцыі не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў краіне. Бо ў аснову работы тут даўно і назаўсёды пастаўлены бездакорная рэпутацыя і давер сваіх спажыўцоў. 

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович, Алёна Ганулич