Директор КСУП “Гервяты” Игорь Жданов: о хозяйстве, стоительстве, урожае… и немного о себе

12:00 / 13.09.2025

Не першы год адной з самых паспяховых гас­падарак Астравеччыны, КСУП «Гервяты», кіруе Ігар Жданаў, які за гэты час зрабіў дастаткова шмат для яе развіцця і дабрабыту людзей. З дырэктарам пагутарылі не толькі пра хлебны каравай, будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб’ектаў, але і пра яго прафесійны выбар, і пра тое, што ў рабоце прыносіць найбольшае задавальненне. 

– Пачнём размову з надзённага – са жніва... Як вы яго ацэньваеце і які ўраджай сабрала гас­падарка?

– Кліматычная сітуацыя сёлета была не на карысць аграрыям: падстройваліся пад умовы надвор’я. Яны ўнеслі пэўныя карэктывы і зацягнулі тэрміны ўборкі. З улікам гэтых нюансаў мы сабралі нядрэнны ўраджай збожжавых каласавых. Валавы намалот у бункернай вазе склаў амаль 18 тысяч тон пры ўраджайнасці 47,4 цэнтнера з гектара. Найбольш багаты год быў у 2015-м, калі я прыйшоў намеснікам дырэктара КСУП «Гервяты», – намалацілі звыш 20-ці тысяч тон.  

– Заўважыла, што жніво вельмі змяняе хлебаробаў: яны з імпэтам адсочваюць зводку лідараў, абедаюць з памочнікамі па чарзе, каб больш намалаціць… Дух саперніцтва вельмі адчуваецца. Ці ёсць нешта падобнае паміж дырэктарамі? Прызнайцеся, прыемна, што ўвесь жніўны п’едэстал занялі вашы работнікі?

– Для любога чалавека жаданне быць першым і лепшым – нармальныя, здаровыя амбіцыі. Той, хто адмаўляе існаванне саперніцтва паміж хлебаробамі, мне здаецца, ці маніць, ці не дагаворвае. 

Як і любому кіраўніку, мне хацелася, каб як мага больш нашых работнікаў трапіла ў лік пераможцаў і прызёраў прафсаюзнага спаборніцтва. І вельмі прыемна, што нашы камбайнеры, вадзіцель і аператары зернесушыльнага комплекса ва ўсіх намінацыях узялі «золата» – такога даўно не было. 

– У 2015-м вы прыехалі ў «Гервяты», у 2016-м выконвалі абавязкі дырэктара, а ў 2017-м узначалілі гаспадарку. Ус­пом­ніце, з чаго пачыналі? 

– З развіцця жывёлагадоўлі. Ухіл зрабіў на кармы. Напачатку павялічылі  плошчы люцэрны з 200 да 1 200 гектараў. Хоць гэта дастаткова дарагая і патрабавальная культура, тым не менш сябе апраўдвае. Шчыльна займаліся шматгадовымі травамі і інтэнсіўна перазалужалі ўгоддзі, штогод будавалі ёмістасці для захоўвання сенажу і сіласу. Паступова сталі абнаўляць машынна-трактарны парк, пачалі менавіта з корманарыхтоўчай тэхнікі. 

Раслінаводства развіваем, адштурхоўваючыся ад патрэб жывёлагадоўлі. Напрыклад, льві­ная доля намалочанага ў гэтым годзе збожжа (каля 11-ці тысяч тон) выкарыстаем на фуражныя мэты. 

За апошнія гады павялічылі плошчы пад рапсам да тысячы гектараў (раней было каля 600). Гэта таксама абумоўлена патрэбамі жывёлагадоўлі. У КСУП «Гервяты» вялізнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, якую трэба карміць, а азімы рапс у першую чаргу – гэта бялок. Таму пабудавалі спецыялізаваны цэх. Асноўная задача, якую ставілі перад сабой, – забеспячэнне жмыхам свайго пагалоўя, а алей выйшаў пабочным прадуктам, які прыносіць грошы.

– Як змянілася жывёлагадоўля з таго часу, як вы прыйшлі ў «Гервяты»?

– У 2014-2015 гадах дойны статак не дацягваў да 2-х тысяч галоў, цяпер – 2 910, да канца года плануем яго павялічыць да 3-х тысяч. На фермах і комплексах, у тым ліку па адкорме і дарошчванні, утрымлівалася 8 700 галоў, цяпер – 11 500. Рэалізацыя малака па гаспадарцы была каля 25-ці тон, цяпер – каля 70-ці. 

– Новы малочна-таварны комплекс «Сакалойці» – асаблівы ваш гонар?

– Канешне. Сёння гэта новы сучасны комплекс, аналагаў якому па маштабах не будзе ў нашым раёне. Працягваем будаўніцтва другой чаргі. Да канца года тут будзе 777 дойных кароў, а ў планах нарасціць пагалоўе малочных кароў прыблізна да 1 200.
 
Наспела патрэба ў маштабнай рэканструкцыі комплекса па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 5,5 тысяч галоў. На вёсцы людзей не большае (і гэта натуральны працэс урбанізацыі), таму робім стаўку на так званую «канцэнтрацыю вытворчасці». А гэта магчыма зрабіць толькі на мадэрнізаваных сучасных аб’ектах з механізаванымі і аўтаматызаванымі працэсамі і мінімізацыяй ручной працы. 

Вельмі хачу распачаць мадэрнізацыю цэха дарошчвання, але ў другі раз не атрымліваецца. У першы раз з-за далучэння МТК «Газа», у які ўклалі шмат грошай. Цяпер, на мой погляд, ён годна выглядае, калектыў там харошы. Калі стварылі ўмовы для людзей, жывёлы – аддача не прымусіла сябе чакаць. Для параўнання, рэалізацыя тут была толькі 2 тоны малака 1-га гатунку, на сёння яны здаюць практычна 12 тон малака гатунку экстра. Мы нічога новага не пабудавалі –  давялі капітальна да толку будынкі, загрузілі іх пад поўную магутнасць, накармілі жывёлу, сталі шчыльна займацца яе лячэннем і цалкам замянілі даільнае абсталяванне. 

– З  якімі складанасцямі за гады сваёй работы сутыкаліся?

– З рознымі, праўда, цяпер яны падаюцца не такімі крытычнымі. Помніцца, 2017 год быў такі м дажджлівым, што жніво зацягнулася. Кукурузу ўбіралі неймавернымі высілкамі. Складаным быў 2023-ці, калі травы з-за непамернай спёкі прос­та выгарэлі. 2020-ты даўся ў знакі, калі людзі хварэлі на «ковід» цэлымі калектывамі. 

– Дзякуючы чаму атрымалася ўсё пераадолець?

– Напэўна, кожны выконваў сваю работу. Калі трэба было, крыху зацягвалі паясы – я пра фінансавую сітуацыю. Неўраджаі і іншыя форс-мажорныя сітуацыі, якія ў меншай ступені ад нас залежалі, спынялі ў развіцці на некаторы час, а далей сітуацыя выпраўлялася.  

Мы ўкладаем сродкі ў вытворчасць, інвесціруем у будучыню – гэта неабходна для развіцця. Як прыклад, рапсавы цэх. Яго пабудавалі за ўласныя сродкі; з прыцягненнем крэдытаў узвялі МТК «Сакалойці». Неаднаразова кіраўнік раёна Сяргей Тадэвушавіч Мядзвецкас пад­крэсліваў, што любы новы пабудаваны аб’ект можа быць як лакаматывам эканомікі прадпрыемства, так і стрымліваючым механізмам. Крэдытныя сродкі – гэта здорава, але не варта забываць, што іх трэба аддаваць. Да гэтых працэсаў трэба падыходзіць граматна, з разлікам і прадумваннем наперад, каб мець максімальную эфектыўную аддачу. 

– Вы згодны з меркаваннем, што адзін у полі не воін?

– Безумоўна. Ад кіраўніка, канешне, шмат залежыць, але не менш – і ад калектыва.

– А які вы кіраўнік?

– Пра гэта варта пацікавіцца ў работнікаў і больш высокага начальства. У першую чаргу нас ацэньваюць за вынік. Можна быць цудоўным чалавекам, але дырэктарам сельгаспрадпрыемст­ва – пасрэдным. Мне здаецца, што кіраўнік у сённяшніх умовах павінен быць справядлівым, часам строгім і абавязкова прынцыповым, асабліва што тычыцца працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.  

– Думала, што сумоўе пры працаўладкаванні ў КСУП «Гервяты» з вамі праходзяць толькі спецыялісты. Аказваецца, і паляводы. Якія якасці вы цэніце ў людзях і каго ні ў якім выпадку не ўзялі б у каманду? 

– Не памыляецца той, хто не працуе, таму чалавеку заўсёды даю некалькі шанцаў. Цаню ў людзях імкненне самаразвівацца, вучыцца, пазнаваць новае. Калі ён штосьці не разумее – навучым, дапаможам, падкажам, паўшчуваем, калі бу­дзе парушаць, галоўнае – яго жаданне працаваць. Не пераношу безадказнасці, неабавязковасці, хлусні, раўнадушша да справы. І прагульшчыкаў. 

– Вы з «чырвоным» дыпломам закончылі Ваўкавыскі тэхнікум і як удзельнік рэспубліканскай алімпіяды без экзаменаў былі залічаны ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, былі на прэзідэнцкім балі. Не ўзнікала жадання пайсці ў навуку? І чаму менавіта заатэхнія?
 
– Каб займацца навуковай дзейнасцю, трэба шмат пісаць – гэта не пра мяне. Выбіраў паміж міліцэйскай справай і сувяззю (бацькі ў гэтай галіне працавалі). Але склалася зусім інакш, аб чым не шкадую. У Ваўкавыск паступіў за кампанію з малодшым братам: ён – на ветфельчара, я – на заатэхніка. Так трапіў у прафесію, не ведаючы па вялікім рахунку, што яна сабой уяўляе. Вучыцца было нескладана, лёгка даваліся прадметы. Цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што спецыяліста фарміруе менавіта каледж, а вну дае толькі вышэйшую адукацыю. З самага пачатку ў нас былі заняткі па спецыяльнасці, якія пераклікаліся з атрыманым у дзяцінстве вопытам: з братам штолета праводзілі канікулы ў бабулі, якая трымала карову, курэй, свіней. 

Дзякуючы добрай вучобе ў тэхнікуме, мяне залічылі на скарочаны курс ва ўніверсітэт. Прычым мог выбіраць адну з сельс­кагаспадарчых вну Беларусі ў Віцебску, Гродне ці Горках, дзе ёсць зааінжынерны факультэт. Сам з Дзятлава, таму кіраваўся геаграфічнымі меркаваннямі. (Усміхаецца.) Кажуць, што ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела. Мне і падчас залікаў і экзаменаў сумна не было, таму што большасць здаваў «аўтаматам». У нас была дастаткова моцная група, з якой 5 чалавек, у тым ліку я, трапілі на рэспубліканскі баль выпускнікоў. 

– Вы сказалі, што кожнае лета праводзілі на Віцебшчыне ў бабулі. А якую вясковую мужчынскую работу вы ўмеце выконваць?

– Любую. Вельмі падабаецца сеч дровы. Умею касіць, сушыць сена – мы яго складвалі ў «капешкі» (так у нас называлі стагі), карыстацца стамескамі, піламі, рубанкамі. Адзінае, не давялося пахадзіць з плугам за канём. 

– Як вы лічыце, каб паспяхова працаваць у сельскай гаспадарцы, абавязкова мець сельскія карані?

– Адназначна, не. Мяркую з уласнага вопыту. Я гарадскі, але знайшоў сябе і працую ў сельскай гаспадарцы. Магчыма, скажу банальныя словы, але справу, якой займаешся, трэба любіць. Чым асабіста мяне прываблівае работа ў сельскай гаспадарцы? Па-першае, тут не засумуеш. Па-другое, дзень на дзень ніколі не падобны, хоць і здаецца, што работы адны і тыя ж: вясной сеем, летам убіраем, восенню ізноў сеем... Тут пастаянна трэба думаць, прымаць нестандартныя рашэнні, часам падыходзіць з крэатывам. Адзіная складанасць работы ў сельскай гаспадарцы ў яе спецыфіцы: ненармаваны працоўны дзень, выхадных бывае мала… Але калі бачыш плён сваёй работы (галіна дае непераўзыдзенную магчымасць зрабіць гэта), атрымліваеш ні з чым не параўнальнае задавальненне. 

– Ігар Уладзіміравіч, якім вы бачыце КСУП «Гервяты» і сябе праз гадоў 10-20?

– Праз 20 гадоў мне споўніцца  65, таму буду на заслужаным адпачынку. (Усміхаецца.) Калі сур’ёзна, то разлічваю, што наш калектыў захаваецца. Хоць змена пакаленняў заўсёды была, ёсць і будзе. Веру, што мы і надалей будзем развівацца. Мне здаецца, што для гэтага ёсць вялізны патэнцыял. Зорак з неба не хапаем (ёсць больш паспяховыя за нас у раёне і вобласці), тым не менш будуем новыя аб’екты, рухаемся наперад і развіваемся. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич