Што за дзедаўская прылада шавецкая лапа
15:00 / 11.09.2025
Аўтар і вядучая конкурсу «Дзедаўская прылада» Ніна Рыбік пайшла ў адпачынак. Аднак гэта не азначае, што традыцыйную рубрыку, якая ўжо знайшла сваіх прыхільнікаў, трэба ставіць на «паўзу». Таму часова выконваць абавязкі па вядзенні конкурсу буду я. Дарэчы, забягаючы наперад, адзначу, што гэта для мяне аказалася вельмі пазнавальным і цікавым. Бо, дзякуючы разгорнутым адказам некаторых канкурсантаў, даведалася шмат новага. У гэтым, 10-м заданні найбольш парадавала не толькі тое, што ўсе адказалі правільна – на здымку сапраўды шавецкая лапа для рамонту абутку, – але і тое, што да конкурсу далучыліся новыя ўдзельнікі.
Акрамя правільнага адказу, Алена таксама ўзгадала, што, калі ў маладосці жыла ў Міхалішках, гаспадар, дзе яна кватаравала, убачыўшы падпсаваны абутак дзяўчыны, сказаў ёй: «Нясі, Алена, лапу! Зараз мы ўсё падправім».
Дэбютантамі конкурсу таксама сталі Ксенія Герасім і Ганна, якія даслалі кароткія правільныя адказы на электронную пошту. Сціслую, але дакладную форму адказу падтрымала і Рэгіна Дрэма.
Лёгкім аказалася заданне і для пастаяннай удзельніцы Леанарды Якель. Жанчына ўзгадала, што старэйшы брат быў шаўцом, таму ў дзяцінстве яна часта назірала, як ён рамантуе абутак на гэтай самай лапе. Асабліва жанчыне запомнілася, як брат рабіў драўляныя, з дуба, цвікі і заганяў у падэшву. Дарэчы, хлопец не толькі рамантаваў, але і рабіў так званыя «дзеравякі» амаль усёй вёсцы. Са старых ботаў браў больш-менш цэлыя халявы і ніжнюю частку і прыбіваў драўляную падэшву. Жанчына расказала, што яны дзецьмі вельмі любілі такі абутак – ён быў лёгкім. Адзінае, што не падабалася, – у адлігу на яго вельмі наліпаў снег.
А вось Генрых Лукашэвіч дапоўніў правільны адказ жартаўлівай гісторыяй, звязанай з лапай. Перад вяселлем ён паехаў купіць туфлі ў Вільнюс. Згаварыўся на Кальварыйскім рынку з гандлярамі неславянскай нацыянальнасці, а як прымерыў абутак дома яшчэ раз, убачыў, што ў аднаго з туфля адклейваецца падэшва. Добра, што дзядзька-каваль жыў побач, у яго была адмысловая лапа з металу – і ён хутка і якасна ўсё падмайстраваў жаніху. «Наогул, у той час лапа была амаль у кожнай хаце, толькі прасцейшая. Напрыклад, у бацькі прымацоўвалася да штыра, а пасля – да калодкі, дзе былі «бабкі» кляпаць касу. На здымку ж лапа прафесійная, яна была ў адзінак», – адзначыў Генрых Лукашэвіч.
Адметнасць па-майстэрску выкаванай лапы на фота падкрэсліў і Пётр Станевіч. Ён таксама выказаў меркаванне, што такая тонкая работа каваля адносіцца прыкладна да 30-х гадоў.
Ларыса Гаваноўская расказала, што яе муж у маладосці таксама меў справу з абуткам, толькі не рамантаваў яго, а шыў. Узгадала яна і пра драўляныя цвікі, якія рабілі з бэзу, а таксама пра «капылы» – калодачкі, што служылі своеасаблівым манекенам ступні.
Не толькі правільны адказ для чаго і якім чынам выкарыстоўвалі лапу, але і фотаздымкі прыстасавання, якое захавалася ў сям’і да гэтага часу, даслала Ірына Яновіч. Дадала жанчына і характарыстыку: «Гэта шавецкая лапа са здымнымі «ступнямі», якія выкарыстоўваліся ў залежнасці ад памеру абутку». А сярод дасланых прыказак мне асабліва спадабалася вось гэта: «Без языка не сколотишь и сапога». Дасціпна і праўдзіва!
Яшчэ адна Наталля, Шумарава, сярод іншай інфармацыі паведаміла, што існуюць розныя віды шавецкіх лап: неразборная (суцэльная) – з нязменнай геаметрыяй і разборная – з адной і больш здымнай насадкай. Асноўным матэрыялам для вырабу прылады быў чугун. Яшчэ жанчына расказала такі цікавы факт: існуе нават патэнт на вынаходства шавецкай лапы, аўтарам якога лічыцца Мікалай Палчанінаў, супрацоўнік Мінскай фабрыкі рамонту і індывідуальнага абутку. Патэнт датаваны ліпенем 1971 года.
Як заўсёды разгорнуты адказ з ілюстрацыямі, да таго ж прыгожа аформлены даслала Аляксандра Працута. Вось невялікі ўрывак: «Разнастайныя формы і выступы на лапе дазвалялі працаваць з рознымі часткамі абутку: наском, пяткай ці падэшвай. Часта прылада прадстаўляла сабой драўляную рукаятку з металічнай насадкай…» Сярод іншых звестак Аляксандра паведаміла і наступнае: у рэчавых мяшках нямецкіх салдат Другой сусветнай вайны можна было знайсці прадмет, які быў падобны на насадку для лапы.
Не менш змястоўны адказ даслала і Таццяна Бразевіч. Аказваецца, у яе, акрамя чароўнага гарышча дзедаўскай хаты, дзе захоўваецца нямала даўнейшых прылад, ёсць не менш карысная татава майстэрня, дзе, вядома ж, адшукалася і лапа. Дарэчы, яна належала дзядзьку жанчыны, які прыладу зрабіў сам. Таццяна таксама паведаміла, што назва «лапа» ці «лапка» звязана з формай прыстасавання, якое нагадвае ступню жывёлы – лапу. Не магу не прывесці і некалькі прыказак, што ўзгадала жанчына: «Хорошему сапогу и плохая лапа поможет», «И у сапожника бывает своя деревянная нога».
Словам, столькі цікавай інфармацыі даслалі ўдзельнікі конкурсу, што пераказаць яе проста немагчыма. Што тычыцца балаў: па 6 атрымалі Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч, 5 – Наталля Шумарава, 4 – Леанарда Якель, Генрых Лукашэвіч, Ірына Яновіч, 3 – Ларыса Гаваноўская, Пётр Станевіч і Наталля Блахіна, 2 – Рэгіна Дрэма і Алена Качан, 1 – Ксенія Герасім і Ганна.