Якія падзеі 2010-2019 гадоў на Астравеччыне набылі статус гістарычных
11:00 / 23.08.2025
Раённыя СМІ
Пачнём з таго, што гэтых старонак у раённай газеце стала нашмат больш: суботнія нумары выходзілі на 16-ці, час ад часу – на 24-х, а ў сераду – на 8-мі палосах. З 2013 года «Астравецкая праўда» ў суботу стала выходзіць у колеры. Нягледзячы на змяншэнне колькасці жыхароў раёна, штогод павялічваўся тыраж газеты: у 2013-м годзе ён дасягнуў рэкорднага паказчыка ў 6 тысяч экзэмпляраў.Але не газетай адзінай… «Астравецкая праўда» актыўна заяўляла пра сябе ў інтэрнэце і несла чытачам навіны ўсімі магчымымі сродкамі. Больш сучасным, зручным для чытачоў і мабільным стаў сайт, які перарос у паўнавартаснае СМІ. Газета актыўна развівала свае суполкі ў сацыяльных сетках – да слова сказаць, адну з сямі «Залатых Літар» Астравецкая праўда» атрымала менавіта за работу ў сацыяльных сетках.
Такім чынам, раённая газета ператварылася ў канвергентнае СМІ, якое спалучала ў сабе некалькі розных напрамкаў, дапаўняючы адно другім.
Справядлівасці дзеля трэба сказаць, што ў такім накірунку рухаліся ўсе раённыя газеты краіны. І ўсё ж «Астравецкая праўда» ў гэтым паступальным руху істотна абганяла сваіх калег. Тое дзесяцігоддзе было найбольш плённым у нашай дзейнасці: штогод калектыў рэдакцыі і яе журналісты станавіліся пераможцамі і прызёрамі прэстыжных абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў, а рэдакцыйная скарбонка папаўнялася важкімі ўзнагародамі.
Гістарычныя падзеі
Трэба сказаць, што нашым прафесійным поспехам у многім садзейнічалі абставіны: інфармацыйных нагод, каб праявіць свой талент, у журналістаў было больш чым дастаткова.31 сакавіка 2012 года пад рубрыкай «Галоўная навіна» ў «АП» з’явілася доўгачаканая інфармацыя: «Астравец стане горадам». Паведамлялася, што Савет Міністраў даў згоду Гродзенскаму абласному Савету дэпутатаў на аднясенне гарадскога пасёлка Астравец да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання.
Пачалася новая старонка ў жыцці старажытнага паселішча, якое ніколі раней на гэты статус не прэтэндавала. А ў красавіку 2013 года гараджанамі сталі і жыхары некаторых прыгарадных вёсак: Кавалі, Бабанішкі, Бялькішкі, Слабодка, Груздоўшчызна, Каменка ўвайшлі ў склад райцэнтра.
Прычына набыцця Астраўцом новага статусу агульнавядомая: будаўніцтва на яго тэрыторыі атамнай станцыі. 15 верасня 2011 года выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб размяшчэнні і праектаванні атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь», які вызначыў месцам будаўніцтва АЭС Астравецкі раён.
У красавіку 2012 года прайшло першае пасяджэнне аператыўнага штаба па будаўніцтве Беларускай АЭС. «Ключ на старт!» – паведамляла «АП» у нумары за 28 красавіка. А 30 мая выйшаў першы выпуск сумеснага праекта «Астравецкай праўды» і Ніжагародскай інжынірынгавай кампаніі «Атамбудэкспарт» «Белорусская атомная». У ім быў змешчаны рэпартаж аб старце распрацоўкі катлавана першага энергаблока Беларускай АЭС – фактычна гэта азначала пачатак будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
За пяць гадоў, з 2013-га па 2018-мы, на тэрыторыі раёна ўзвялі некалькі аб’ектаў, прызначаных для аховы Дзяржаўнай мяжы і атамнай станцыі. У лютым 2015 года створана пагранічная застава «Астравецкая», у снежні 2016 года – застава «Маладзечанская», у сакавіку 2017-га раённая газета расказвала пра адкрыццё вайсковай часці ўнутраных войск №7434, а ў снежні 2018 года заступіў на баявое дзяжурства па ахове АЭС і паветраных рубяжоў краіны 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк.
У 2012 годзе ў Астраўца з’явіўся яшчэ адзін пабрацім: да польскага Лідзбарка Вармінскага далучыўся горад Сасновы Бор Ленінградскай вобласці.
Гістарычныя падзеі
1 жніўня 2013 года ў Астраўцы распачаўся рух гарадскіх аўтобусаў. Не ўсё гладка з гэтым пілотным праектам, застаюцца пытанні і сёння, але першы, самы важны, крок зрабілі менавіта тады.У 2014-м у мікрараёне №1 адкрыліся першыя аб’екты сацыяльнай сферы: магазін «Пачастунак» і кафэ «Вясна» (сёння ў гэтым будынку знаходзіцца кафэ «Жара»). А ў студзені 2015-га ў новым мікрараёне ўрачыста адчынілі дзверы гімназія і дзіцячы садок, абедзве пад сімвалічным нумарам 1.
У 2017 годзе шмат наваселляў адбылося ў другім мікрараёне горада. У сакавіку там з’явілася паштовае аддзяленне «Астравец 2»; у красавіку ў новы прыгожы будынак па вуліцы Караткевіча пераехала дзіцячая бібліятэка; у жніўні там урачыста адкрылі яслі-сад №3.
У ліпені 2018 года прыняў выхаванцаў яслі-сад №4 – «раёнка» паведамляла, што гэта трэці садок, пабудаваны ў Астраўцы за мінулыя чатыры гады.
Шмат падарункаў атрымаў горад да свайго 550-годдзя ў жніўні 2018-га. На цэнтральнай плошчы з’явіўся ўказальнік адлегласцей да гарадоў-пабрацімаў; на адным з дамоў па вуліцы Валадарскага – мурал з выявай герба Астраўца работы Дзяніса Ходаса; на востраве кахання – скульптура кумжы работы Аляксандра Шомава. А галоўнае – да юбілею горада адкрыўся першы ў яго гісторыі фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам.
Сапраўдным падарункам для аматараў спорту і здаровага ладу жыцця стала адкрыццё напрыканцы 2018 года ў Астраўцы лёгкаатлетычнага стадыёна. А для ўсіх гараджан, якія наракалі на недахопы гандлёвага абслугоўвання, – першага ў Гродзенскай вобласці магазіна гандлёвай сеткі «Санта».
У 2019-м у горадзе былі адкрыты сярэдняя школа №3, дзіцячы садок №5. Усе гэтыя і многія іншыя буйныя сацыяльныя аб’екты былі пабудаваны ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмы.
Не «атамкай» адзінай...
Хоць справядлівасці дзеля трэба сказаць, што не ўсе пазітыўныя змены адбываліся толькі дзякуючы будаўніцтву атамнай станцыі. У гэтае дзесяцігоддзе ў Астравецкім раёне адбываліся і іншыя значныя падзеі, не звязаныя з «атамкай».Так, у 2010 годзе быў створаны раённы краязнаўчы музей, а ў вёсцы Барані ў роднай хаце святара і паэта Казіміра Сваяка ўрачыста адкрылі яго філіял з экспазіцыяй, прысвечанай слыннаму земляку. У тым жа годзе выйшла кніга выбраных твораў Казіміра Сваяка.
У 2012 годзе адбылася рэарганізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. У выніку засталося чатыры СВК, якія пазней былі пераўтвораны ў КСУПы, і адзін саўгас.
А ў 2013 годзе ў раёне прайшла аптымізацыя сельскіх Саветаў, межы якіх супалі з сельгаспрадпрыемствамі.
У апошнія дні 2015 года ў Астраўцы адкрыўся першы і пакуль што адзіны дзіцячы дом сямейнага тыпу.
У снежні 2014-га да 200-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча ў Астраўцы на вуліцы, названай у яго гонар, адкрылі памятны знак работы Аляксандра Шомава, прысвечаны знакамітаму земляку. А ў наступным годзе ў Астраўцы з’явілася яшчэ адна работа гэтага скульптара: помнік воінам-інтэрнацыяналістам.
Адбываліся знакавыя падзеі і ў культурным жыцці раёна. У студзені 2013-га прайшоў прэм’ерны паказ спектакля «Калядны вечар», які ўпершыню ў гісторыі астравецкага народнага тэатра быў пастаўлены па п’есе мясцовага аўтара. Адметнымі з’явамі стаў выхад у лютым 2014 года зборніка аповесцяў і апавяданняў Ніны Рыбік «Скрыжаванні», рукапіс якой перамог у першым абласным літаратурным конкурсе імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі), а ў 2018-м – кнігі ветэрана педагагічнай працы Ларысы Мартынавай «История Островецкой средней школы №1».
Перамогі і пераможцы
Той час быў багатым на перамогі і ўзнагароды – як калектыўныя, так і асабістыя.Лепшыя людзі раёна атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. Медалём «За працоўныя заслугі» адзначылі працу паштальёна Варнянскага аддзялення сувязі Тарэсы Керны і галоўнага ўрача Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Валянціна Тачонага (2014 год), дырэктара КСУП «Гудагай» Эдуарда Садоўскага (2017 год).
Урач Аляксандр Шоўкун у 2013 годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па тэрапеўтычнай стаматалогіі.
Выкладчыкі англійскай мовы гімназіі №1 Алена Севасцьян і беларускай мовы і літаратуры Падольскай СШ Тамара Качкан сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года».
Супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Свіла ў 2015 годзе стаў чэмпіёнам свету па пажарна-выратавальным спорце.
Аляксандр Ляховіч у 2016 годзе прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Ён не стаў пераможцам ці прызёрам, але назаўсёды застанецца ў гісторыі спорту першым з ураджэнцаў Астравеччыны, які ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях.
Абляпіха свежазамарожаная вытворчасці фермерскай гаспадаркі «Світанак-Л» перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Прадукт года» – «Астравецкая праўда» паведамляла аб гэтым 25 чэрвеня 2019 года.
У тым жа 2019 годзе гісторыка-краязнаўчы музей Гудагайскай сярэдняй школы «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае» атрымаў званне народнага.
Сёння мы ўзгадалі толькі найбольш значныя даты, падзеі, перамогі, якія адбыліся ў перыяд з 2010 па 2019 год, якія прэтэндуюць на званне гістарычных – іх было нашмат больш.
І насамрэч – нам ёсць чым ганарыцца!