Конкурс “Дзедаўская прылада”: для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі мялку

14:00 / 22.08.2025
На гэты раз усе правільна адказалі на восьмае заданне конкурсу: на здымку – мялка, ці льномялка, ці церніца, ці мяльніца, ці трапалка – прылада для першаснай апрацоўкі лёну ці канопляў. 

Пётр Станевіч сказаў, што здагадацца было няцяжка, бо на заднім фоне таго ж здымка былі і іншыя прыстасаванні, якія дапамагалі нашым продкам ператвараць расліну перш у «бялюсенькі кужалёк», пра які спяваюць у песні пра Вулляніцу, а затым – у тканіну: калаўрот, ці самапрадка і ткацкі станок. А яшчэ Пётр успомніў мультфільм са свайго дзяцінства, у якім герой захацеў сабе новыя штонікі, і бусел дзюбай мяў лён, каб зрабіць з яго валакно, саткаць палатно і пашыць малому абнову – харошы, відаць, быў мульцік, пазнавальны.

У некаторых канкурсантаў ці ў іх ро­­дзі­чаў гэтая дзедаўская прылада заха­ва­лася. «Літаральна перад новым заданнем конкурсу хлопцы, якія рабілі рамонт у маім дамку ў Спондах, знялі з гарышча такую прыладу. Доўга аглядалі яе – ніяк не маглі дацяміць, для чаго яна можа згадзіцца. Давялося патлумачыць, што гэта мяльніца – так яе ў нас называлі: першая прылада ў доўгім ланцужку апрацоўкі лёну. Напачатку яго рвалі, вязалі ў снапкі, потым малацілі (з насення ціснулі алей), рассцілалі пад жнівеньскія росы для адбельвання, падымалі (і мне давялося ў гэтым удзельнічаць), сушылі пераважна ў лазнях. Бацькі расказвалі, што з-за гэтага пабудовы часта гарэлі: дастаткова было найменшай іскры, каб успыхнулі сухія сцябліны – адсюль і прымаўка: «Успыхнуў, як кастра». А ўжо потым высушаны лён мялі на гэтай прыладзе,» – піша Іаланта Валуевіч.

Да слова: не ўсе сушылі лён у лазнях, бо не ва ўсіх яны былі. Леанарда Якель успамінае, што яе маці рабіла гэта ў чэраве рускай печы – таксама асаблівая тэхналогія: печ выпаліць, жар выграбсці, пачакаць, пакуль астыне да патрэбнай тэмпературы, разаслаць у печы…

Знайшлася мялка і на гарышчы  баць­коўскай хаты мужа Аляксандры Працуты. Нашчадкі паспрабавалі яе ў справе і прыйшлі да высновы, што работа на ім патрабуе немалых фізічных намаганняў (Аляксандра нават даслала відэа з таго гарышча, і хоць яно не самай лепшай якасці, працэс работы няхітрага прыстасавання зразумелы).

А Наталля Блахіна бачыла льномялку ў музеі «Дарога лёну»  Падольскай школы.

На першы погляд, прынцып работы мялкі вельмі просты: падымаюць рукаятку – біла, у шчыліну кладуць пучок лёну, з сілай апускаюць біла. Сцябліны ламаюцца, кастрыца абсыпаецца, валакно вызваляецца ад абалонкі. Зноў падымаюць рукаятку, перасоўваюць лён, апускаюць біла… І так да бясконцасці, пакуль не застанецца мяккае шаўкавістае валакно. З якога потым яшчэ трэба выбіць і вычасаць рэшткі кастры, а затым ужо ці то прасці – на гэта ішлі доўгія валакністыя пасмы, ці выкарыстоўваць як цепла- і гідраізаляцыйны матэрыял – для гэтага падыходзіла пакля (і тое, і другое захавалася ў доме Таццяны Бразевіч, пра што сведчаць дасланыя ёй здымкі). «Мні лён дольш – валакна будзе больш», – прыгадала прыказку Таццяна. А Ірына Яновіч успомніла народную прыкмету: мяць лён павінны былі дзяўчаты з распушчанымі валасамі, каб валакно было доўгім і мяккім.


Хоць наўрад ці карысталіся гэтай парадай: усе, хто калі-небудзь мяў лён, ці бачыў, як гэта робяць, ці чуў ад старэйшых (Генрых Лукашэвіч, Леанарда Якель, Іаланта Валуевіч, Аляксандра Працута і іншыя) адзначаюць, што праца гэтая вельмі цяжкая і брудная. І пры тым пераважна жаночая, хоць і патрабавала яна немалой фізічнай сілы. Паспрабуй цэлы дзень паляпаць гэтым білам… Бабуля і цётка Аляксандры Працуты ўспамінаюць: «Да вечара рук не чуеш, спіна баліць, у вушах да ночы  стаіць гэты грукат. Лён звычайна мялі дзе-небудзь у гумне ці ў адрыне, бывала, што збіралася талака – уся жаночая частка радні ці калгасная брыгада. Пыл, грукат… Кастрыца ляціць…»

Дарэчы, лён мялі найчасцей у каст­рыч­ніку, калі ўжо заканчваліся асноўныя палявыя работы, адсюль і пайшла назва другога асенняга месяца. Леанарда Якель успамінае, што кастрыца тая была вельмі калючая і непаслухмяным дзецям пагражалі: «Будзеш сваволіць – кастры за шыварат насыплем». О, гэта было страшней, чым дубцом па мяккім месцы.

Валакно трэба было падрыхтаваць да Піліпаўкі, калі яго пачыналі прасці. А пасля Каляд ставілі кросны і ткалі палотны, ручнікі, дываны – усё, што патрэбна было ў гаспадарцы. Работу гэтую трэба было закончыць да Вялікадня, да пачатку новага сельскагаспадарчага года. Усё прадумвалі нашы продкі! 
Лён быў стратэгічнай сыравінай у паў­ночна-заходніх рэгіёнах. Наталля Шу­­­ма­рава піша, што англічане, пабы­ваў­шы ў Расіі, асабліва ацанілі запасы ка­­ра­­бель­нага лесу і льняных канатаў – у мно­гім з іх дапамогай і быў пабудаваны знака­міты англійскі флот.

У Беларусі лён быў і застаецца не толькі стратэгічнай сыравінай, але і сімвалам краіны. Самыя папулярныя беларускія сувеніры – разнастайныя льняныя вырабы. У дамах многіх беларусаў, у тым ліку і ў сям’і Наталлі Блахіной, да гэтага часу беражліва захоўваюцца вытканыя бабуляй і вышытыя матуляй ручнікі і дываны.

У гэтым этапе конкурсу найбольшую колькасць балаў – 8 – атрымлівае Аляксандра Працута. Спытаеце, за што так шмат? Патлумачу. Два балы – за тое, што пазнала прыладу і расказала, як яна працуе. Дадала схему прыстасавання – яшчэ бал. Даслала два фотаздымкі льномялкі і работы на ёй, адзін – з інтэрнэту, другі – з дзедаўскага гарышча: плюс адзін. Яшчэ бал – за відэа: не паленавалася залезці на тое гарышча і праверыць, як працуе прылада. Успаміны бабулі і цёткі, якія памятаюць цяжкую работу на мялках. Некалькі (пяць, калі быць дакладным) цытат з літаратурных твораў Горкага, Булгакава, Яршова і навукова-папулярных прац; 9 прыказак і столькі ж загадак (дарэчы, а вы ведалі, што «Рот да вушэй, хоць завязкі прышый» – гэта не пра шырокую усмешку, а пра тую ж мялку?) Аляксандры Працуце дапамагае шукаць адказы на заданні конкурсу ўся яе шматлікая і дружная сям’я – і гэта радуе больш за ўсё. 


Пяць балаў запісала на свой рахунак Таццяна Бразевіч, па 4 – Наталля Блахіна, Ірына Яновіч, Леанарда Якель, па 3 – Іаланта Валуевіч, Наталля Шумарава, Пётр Станевіч, Рэгіна Дрэма, Генрых Лукашэвіч. Адзін бал – у Аляксанд­ра Лаўрыновіча.  
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, из архива героев