Старыя дамы набываюць адметныя твары

11:00 / 22.08.2025
Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня смерці нашага слыннага земляка Іосіфа Гашкевіча, які «расчыніў акно» ў Краіну ўзыходзячага сонца, першага дыпламатычнага прадстаўніка Расійскай імперыі ў Японіі, чалавека ўнікальнага і шматгранна таленавітага, жыццё і лёс якога, спадзяюся, некалі дачакаюцца яркага літаратурнага ці кінематаграфічнага ўвасаблення. Да гэтага юбілею і да Дня горада Астравец атрымаў цудоўны падарунак: новы мурал работы вядомага астравецкага мастака Дзяніса Ходаса, прысвечаны памяці дыпламата, падарожніка, вучонага, мовазнаўцы, з’явіўся на месцы ранейшага.


…Парадаваўшыся за Іосіфа Гашкевіча, а яшчэ больш – за нас, землякоў, бо «гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым», я, прагульваючыся па старым горадзе, адзначыла, што гістарычная частка Астраўца становіцца ўсё больш прыгожай. 

З новымі мікрараёнамі ўсё зразумела: будынкі ў ім першапачаткова, у адпаведнасці з праектам, узводзяцца адметнымі, яркімі, запамінальнымі. А вось стары горад, пабудаваны напрыканцы мінулага стагоддзя, ціснуў на вочы і душы шэрасцю аднолькавых трох- і пяціпавярховых «скрынак».

Ды і тут узводзяцца новыя дамы, якія радуюць не толькі навасёлаў, але і ўсіх гараджан непадобнасцю на сваіх шмат­павярховых братоў. Да таго ж капітальна рамантуюцца старыя будынкі – і кожны раз (ці амаль кожны) яны пры гэтым мяняюцца не толькі ўнутрана, становячыся больш зручнымі і камфортнымі (гэта, вядома, галоўнае), але і знешне, набываючы новае непаўторнае аблічча. 


І вось ужо астраўчане, расказваючы, як знайсці іх дом, тлумачаць: «Наша цырульня – пад буслікам», «Я жыву ў доме з гербам», «Дзе дубочак – там і мой сыночак»… А калі нават на фасадзе дома няма пэўнага малюнка, то прыемна ўсведамляць, што жывеш у ружовым (блакітным, салатавым ці крэмавым) доме. У некалі аднолькава шэрых і бясколерных дамоў з’яўляюцца свае адметныя твары – і гэта радуе.


Пачалася добрая традыцыя задоўга да Года добраўпарадкавання. Хочацца спадзявацца, што яна прадоўжыцца і з кожным новым капітальным рамонтам і з кожнай новабудоўляй наш Астравец будзе станавіцца ўсё больш яркім, рознакаляровым і прыгожым.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик