Рассказываем о молодых специалистах Островетчины: помощнике врача-гигиениста, журналисте и спасателе

12:00 / 17.08.2025
Хтосьці з вялікіх сказаў, што самы складаны крок – першы… І маладыя спецыялісты, для большасці з якіх пачатак жніўня стаў пачаткам працоўнай дзейнасці, адчуваюць гэта як ніхто іншы. Без перабольшвання ўпэўнена, што новаспечаных калег прыязна сустрэлі ў калектывах, увялі ў курс спраў і ўсяляк стараюцца дапамагчы на месцы парадамі і справай старэйшыя калегі. Мы пазнаёміліся з некаторымі з маладых спецыялістаў, даведаліся пра іх выбар прафесіі, планы, мары, а таксама пацікавіліся, што б яны параілі сённяшнім старшакласнікам. 

Арцём Шасцялінскі, начальнік дзяжурнай змены ПАВЧ-1 Астравецкага РАНС: 

– Падчас вучобы ў СШ №2 г. Астраўца наведваў гурток «Юны выратавальнік», заняткі ў якім праводзілі Аляксандр Сачак і Дзмітрый Скопінаў. Па чацвяргах мы вывучалі тэорыю на базе школы, а па суботах прыходзілі ў пажарную часць №2. Там знаёміліся з тэхнікай і нават рабілі баявыя разгортванні. Дзякуючы гэтаму я вырашыў стаць выратавальнікам. 

Пасля 11 класа дакументы падаваў ў Мінск ва Універсітэт грамадзянскай абароны. Першы год мы вучыліся ў гомельскім філіяле, а потым у сталіцы. У Барысаве на палігоне цалкам адпрацоўвалі тактыку тушэння розных аб’ектаў, правядзенне аварыйна-выратавальных работ…  
Падчас вучобы праходзіў практыку ў Астравецкім РАНС, таму ведаў, што вярнуся сюды. 

Кіраўніцтва і калектыў сустрэлі мяне добра і сказалі, што магу звяртацца з любымі пытаннямі. На дзяжурныя суткі заступіў 28 ліпеня. Прыняў змену, азнаёміўся са спецыфікай падраздзялення, асабовым складам.

Пра прафесію

  • Выратавальнік – чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу незалежна ад жыццёвых абставін.
  • Мне здаецца, наша прафесія, як ніякая іншая, адкладвае адбітак на чалавеку: мы і ў жыцці застаёмся выратавальнікамі. 

Парады старшакласнікам

  • Не бойцеся цяжкасцей і рухайцеся толькі наперад. 
  • Перавагі вучобы ва ўстановах ваенізаванага накірунку, у прыватнасці ва Універсітэце грамадзянскай абароны, у навейшай базе для правядзення практычных заняткаў, высока­кваліфікаваным прафесарска-выкладчыцкім складзе. Акрамя гэтага, вас забяспечаць інтэрнатам, бясплатным трохразовым харчаваннем і штомесячным грашовым забеспячэннем. 
  • Прафесія выратавальніка заўсёды будзе прэстыжнай і запатра­баванай. Таму ўсім, хто хоча і плануе папоўніць нашы рады: міласці просім! 
Алена Вайцяховіч, фотакарэспандэнт газеты «Астравецкая праўда»:

– У старэйшых класах у школе актыўна пісала апавяданні і эсэ для розных творчых конкурсаў. Першай сваёй значнай перамогай лічу прызёрства ў «БрамеМар», які для старшакласнікаў і студэнтаў праводзіць БДУ. Гэта дало мне ўпэўненасць у тым, што пісаць у мяне атрымліваецца добра. 

Заўсёды любіла чытаць – і шмат. Напэўна, і гэта аказала пэўны ўплыў на прафесійны выбар. 

Памятаю, настаўнік рускай мовы неяк паціка­вілася, куды збіраюся паступаць. Я адказала, што не ведаю. Сапраўды, у той момант была на раздарожжы. У мяне добра «ішлі» хімія і матэматыка, але толькі ў якасці школьных прадметаў. А для здачы цэнтралізаванага тэсціравання трэба было мэтанакіравана рыхтавацца – яны не падыходзілі… Аксана Паўлаўна Лазарава параіла паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Даслалі нарыс пра выратавальніка ў «раёнку», яго неўзабаве надрукавалі. Пісала ў газету і пра праект маёй аднакласніцы па гісторыі роднага краю. Бралі з сяброўкай інтэрв’ю ў Ніны Аляксееўны…

Прызнацца, баялася, што не змагу паступіць на бюджэт сама, таму ўзяла мэтавае накіраванне ад «Астравецкай праўды» на факультэт журналістыкі БДУ. Пры паступленні ў маёй папцы было 4 матэрыялы – няшмат, але хапіла. Рада, што ўзяла мэтавае накіраванне. Я вярнулася ў родны горад, больш-менш ведаю людзей, арганізацыі. 

Першыя дні работы ў газеце прайшлі проста цудоўна. Мне падабаецца ўзаемадзейнічаць з людзьмі, хоць і не магу сказаць, што лёгка даюцца жывыя стасункі. Імпануе, калі іду на мерапрыемства і не ведаю, што ад яго чакаць, а яно прыносіць у выніку столькі эмоцый! Калі ты ў моманце адчуваеш атмасферу – гэта проста кайф ад таго, што робіш. 

У першы рабочы дзень мне даручылі асвятляць пачатак акцыі ў Астраўцы «У школу – з добрым сэрцам», якую традыцыйна праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Спадабалася!

Злавіла сябе на тым, што мне больш падабаецца фатаграфаваць. Занатоўваць важныя моманты з дапамогай камеры – гэта здорава. 

Хоць за плячамі 4 гады вучобы ва ўніверсітэце, усё адно я вучуся. (Усміхаецца.) Пра ўласны праект на старонках «раёнкі» пакуль нават і не задумваюся. Спадзяюся, што некалі ў мяне абавязкова з’явіцца ідэя, якую можна будзе рэалізаваць як серыю матэрыялаў. А тэмы… Я да канца яшчэ не ўсвядоміла, пра што мне падабаецца пісаць. 

Пра прафесію

  • Журналіст – гэта пастаяная творчасць, памножаная на шматзадачнасць. Мы па­вінны быць дасведчанымі ў многіх галінах, мабільнымі і аб’ектыўнымі. 

Парады старшакласнікам

  • Прыслухайцеся да сябе: што вам падабаецца рабіць, якая справа ці прадмет пры­носіць асаблівае захапленне – і ад гэтага адштурхоўвайцеся ў выбары прафесіі. Удзель­нічайце ў конкурсах, акцыях – шукайце сваё. 
  • У школе настаўнік фізікі Уладзімір Іосі­фавіч Барысевіч (цяпер ён старшыня Гуда­гайскага сельсавета) даў параду, якая за­помнілася: незалежна ад таго, куды мы паступаем і кім станем у будучыні, галоўнае, каб заўсёды заставаліся людзьмі. 
  • Тым, хто марыць працаваць у сродках масавай інфармацыі, скажу, што ў першую чаргу журфак – гэта пра людзей і стасункі… 
Ангеліна Пляўга, памочнік урача- гігіеніста Астравецкага райЦГЭ:

– Я бачыла сябе ў праваахоўнай галіне. На жаданы факультэт у абраны вуз не паступіла – не хапіла аднаго бала. Мама, як і шматлікія блізкія, падтрымлівала, і, каб не губляць год, прапанавала паступіць у Гродзенскі медыцынскі каледж. Тым больш старэйшая сястра Ганна працуе акушэрам-гінеколагам у нашай паліклініцы. 

Тэрміны прыёму на бюджэт мінулі, таму мяне залічылі на платнай аснове на факультэт «медыка-прафілактычная справа» па бале атэстата – ён 8,5.

Родам я з Пятрашышак, з вялікай сям’і, дзе сямёра дзяцей і ўсе дзяўчынкі. (Усміхаецца.) Фінансава вучыцца дапамагала мама і старэйшыя сёстры (я 5-я па ліку) – з дзяўчатамі мы вельмі дружныя. 

Год і 10 месяцаў праляцелі хутка. Дарэчы, каледж я скончыла з чырвоным дыпломам. Пашчас­ціла, што была заяўка ад Астравецкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тут, да слова, я пра­ходзіла пераддып­ломную практыку, таму яшчэ да размеркавання ведала, што вярнуся на радзіму. 

Кіраўніцтва і калектыў цэнтра цудоўна мяне сустрэлі і прынялі, расказалі пра спецыфіку работы. Я з’яўляюся памочнікам урача гігіеніста аддзела харчавання. Дакументацыя, пратаколы, дакладныя запіскі, рэкамендацыі па выпраўленні парушэнняў – работы хапае і яна цікавая. 

Хоць я і «платніца», але мне трэба адпрацаваць 2 гады. Кантракт падпісала на 5. Работа падабаецца, калектыў цудоўны, радуе, што я на радзіме. Чаму б і не? У Астраўцы і раёне жывуць і працуюць мае блізкія, хутка мне павінны даць арэнднае жыллё… …Пра што мару і з якімі думкамі пачынаю рабіць першыя крокі ў прафесію? Настрой цудоўны, баявы і аптымістычны! Планую завочна атрымаць вышэйшую адукацыю.

Пра прафесію

  • Памочнік урача-гігіеніста – гэта важны член каманды, які дапамагае ажыццяўляць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне здароўя насельніцтва і стварэнне спрыяльнага навакольнага асяроддзя. Гэта спецыяльнасць для людзей, якія валодаюць здольнасцямі да аналітычнай і даследчай работы. 
Парады старшакласнікам

  • Пазнавайце сябе і свае інтарэсы, вывучайце свет прафесій, праходзьце прафарыентацыйныя тэсты.
  • Не бойцеся змяніць накірунак: калі вы зразумелі, што абраная спецыяльнасць вам не падыходзіць, гэта ні ў якім выпадку не азначае, што вы памыліліся. У першую чаргу – гэта вопыт, які дапаможа ў будучыні. 
  • Будзьце гатовы да таго, што вам давя­дзецца вучыцца і развівацца на працягу ўсяго жыцця. 
  • Памятайце: ваш выбар – толькі ваш. Не дазваляйце ціску з боку бацькоў, знаёмых, атачэння паўплываць на вас. Прыслухоўвайцеся да сябе і рабіце тое, што лічыце правільным. 
  • У выбары прафесіі не раю арыентавацца на зарплату. Хоць фінансавая стабільнасць – важны складнік, але работа павінна прыносіць задавальненне і адпавядаць вашым інтарэсам. 
  • Не зацыклівайцеся на «модных» спецыяльнасцях: тэндэнцыі змяняюцца, і тое, што папулярна сёння, можа страціць пазіцыі і актуальнасць ужо заўтра. 
  • Развівайце ўніверсальныя навыкі: камунікабельнасць, уменне працаваць у камандзе, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, адаптыўнасць – яны запатрабаваны ў любой прафесіі. 
Хочацца верыць, што ў маладога папаўнення Астравеччыны абавязкова ўсё атрымаецца. І першае працоўнае месца стане для іх стартавай прыступкай у будаўніцтве кар’еры, дзеля асабістага дабрабыту і на карысць Радзімы. І ўсе здадаткі для гэтага ў іх ёсць: справа – за маладымі!

*Праект выдадзены за кошт сродкаў мэтавага збору па стварэнні нацыянальнага кантэнту
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива АП