“Параіў бы наведаць мястэчка Гудагай”, – астраўчане пра лепшыя месцы раёна

12:00 / 11.08.2025

Апошні месяц лета – цудоўны час для падарожжаў па родным краі. Запыталіся ў жыхароў і гасцей горада, якія месцы ў Астравецкім раёне яны наведвалі і параілі б пабываць там астатнім.

Аляксей Папоў, жыхар Астраўца (без фота):

– Летам ездзілі на Нарач. Цудоўнае месца для адпачынку ўсёй сям’ёй. Яшчэ параіў бы наведаць мястэчка Гудагай усім, хто яшчэ там не быў. Там знаходзіцца драўляны касцёл Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі, які лічыцца асабліва намоленым месцам.

У маі ўдзельнічаў у велапрабегу, прысвечанаму Дню Перамогі: наведалі брацкую магілу ў Гудагаі, спыняліся і каля захавання ў вёсцы Дайноўка. Важна памятаць нашых продкаў, якія загінулі падчас вайны.

Чуў, што будзе вядомае на ўсю Астравеччыну свята шансона ў аграгарадку Міхалішкі, думаем над тым, каб паехаць разам з сям’ёй.

Анастасія Байбакова, жыхарка Мінска:


– У Астравец завітала ў кампаніі сябровак. Гэта наша першае сумеснае падарожжа. Ноччу, як толькі прыехалі, пайшлі гуляць па горадзе. Адразу прыкмецілі любоў жыхароў да роднага краю – усё дагледжана, роўныя сцяжынкі, прыгожыя кветкі, шмат дрэў і лавачак для адпачынку. Асабліва спадабаўся востраў кахання – рамантычнае месца. Трохі сапвала настрой, што рэдка ходзяць аўтобусы, складана трапіць у цэнтр горада, бо сяброўка жыве бліжэй да яго ўскраіны.

З’ездзілі ў гервяцкі касцёл – неверагодны храм, адчуванняў праз край. Правялі там некалькі гадзін, надвор’е парадавала сонцам, паспелі ўсё разгледзець, пафатаграфавацца і зрабіць сумеснае відэа на памяць.

Чула ад сяброўкі і пра іншыя цікавыя месцы раёна, куды хацелася б трапіць, таму ёсць нагода яшчэ не адзін раз сюды вярнуцца.

Алёна Валуевіч з дачкой Евай, жыхарка Астраўца:


– Праездам былі ў Гервятах, але ў касцёл не патрапілі, абавязкова вернемся, як будзе час. А пакуль паціху знаёмімся з Астраўцом, бо мы тут нядаўна.

Горад вельмі прыгожы, вялікі плюс – шмат дзіцячых пляцовак, ёсць дзе з дачкой пагуляць. Паглядзелі гандлёвы цэнтр “Замі”, былі ў кінатэатры і боўлінгу. Нават паспелі з’ездзіць на Янаўскае вадасховішча, цудоўна правялі час.

Текст: Елена Войтехович
Фото: Елена Войтехович, из архива героини