На Астравеччыне вызначыліся ўсе пераможцы жніўнага спаборніцтва
На Астравеччыне вызначыліся ўсе пераможцы і прызёры жніўнага спаборніцтва. Нагадаю, што “золата” ва ўсіх трох намінацыях узялі хлебаробы КСУП “Гервяты”, а вось “серабро” і “бронзу” – аграрыі КСУП “Гудагай”.
Віншаванні, дыпломы, грашовыя прэміі і кветкі перадавікі ўборачнай кампаніі прымалі ад старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Юрыя Адулы і прафсаюзнага лідара КСУП “Гудагай” Ганны Налівайкі. Зазначу, прызёры працоўнага спаборніцтва неўпершыню дэманструюць такі ўдалы вынік – у мінулыя сезоны яны ўваходзілі ў топ-3 першых “тысячнікаў” раёна.
Валерый Змітровіч сярод вадзіцеляў на адвозе збожжа сёлета фінішаваў другім. Крыху саступіў калегу Іван Печкур.
Другую прыступку сярод аператараў зернесушыльных комплексаў занялі Вадзім Адамковіч і Віталь Андрушкевіч, якія ў пары працуюць на зернесушыльным комплексе ў Германішках. Тройку замкнулі Віктар Янкойць і Міхаіл Грымбоўскі (Малі).
Падчас ушавання апошніх герояў жніва прафсаюзныя лідары пабывалі і на нівах, дзе працавала адно з уборачных звёнаў, каб павіншаваць з днём нараджэння камбайнера Яўгена Грабоўскага. Для мужчыны ўжо стала традыцыяй, што сваё свята ён сустракае за штурвалам камбайна на ўборцы ўраджаю.