Дзедаўская прылада: ручны прас (валак, рубель, качолка, пральнік)

10:00 / 08.08.2025

Адказ на 5-е заданне конкурсу «Дзедаўская прылада» не выклікаў цяжкасцей ні ў пастаянных нашых удзельнікаў, ні ў навічкоў. Разнабой атры­маўся толькі з назвай – мы даведаліся іх з добры дзяся­так. Таму для разумення ска­жам, што гэтая прылада – ручны прас для разгладжвання бялізны – і гэта будзе праўда.

Ручны прас

Пасля  пяці тураў можна ўжо зрабіць сякія-такія высновы. Радуе, што конкурс, як кажуць, зайшоў. Некаторыя ўдзельнікі адсейваюцца, з’яўляюцца новыя. Але ас­ноўны касцяк трымаецца цвёрда!

Яго можна ўмоўна падзяліць на тры часткі. Адна – людзі старэйшага пакалення: Леанарда Якель, Генрых Лукашэвіч, Міра­слава Якіменка, Іаланта Валуевіч, Рэгіна Дрэма. Яны ведаюць прылады па ўласным ці бацькоўска-дзедаўскім вопыце (родных таксама далучаюць да разгадвання нашых фотазагадак – такая сямейнасць толькі радуе). 

Другая шукае звесткі  ў інтэрнэце – найлепш гэта ўдаецца Наталлі Шумаравай. 

А трэцяя – Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Наталля Блахіна, Ірына Яновіч – стараюцца сумяшчаць адно і другое.

І немагчыма сказаць, хто больш «матери-истории ценен». Дзякуючы «тэарэ­ты­кам» мы даведваемся шмат новых  гіста­рычных звестак пра тую ці іншую прыладу, «практыкі» ж дзеляцца спосабамі яе выкарыстання і гісторыямі з жыцця, якія не менш каштоўныя. Так што дзякуй усім!

І будзем працягваць…

Ручны прас, што на здымку, у розных мясцінах называлі па-рознаму. На Астравеччыне, як вынікае з адказаў мясцовых «практыкаў», найчасцей – валак: бялізну, якую з дапамогай яго прасавалі, трэба было «валачыць». Хоць канкурсанты прыгадалі мноства іншых назваў: рубель, кракадзіл (так звычайна называлі верхнюю, рабрыстую частку ручнога праса), качолка, каталка (гэта ўжо пра ніжнюю, круглую), рабрак, пральнік.

Працэс прасавання быў, на першы погляд, просты: ручнікі, бялізну, адзенне акуратна, без складак намотвалі на валак, зверху ўдаралі і пракручвалі рубелем ці кра­кадзілам – валкавалі. Але простая справа гэтая была зусім не лёгкая. Каб атрымаць належны эфект, трэба было добра прыціснуць і тады «валакці». Ды і працаваць належала, сагнуўшыся – як правіла, валкавалі бялізну на шырокай лаве. 

Міраслава Якіменка ўспамінае, што маці яе ўмудралася рабіць гэта на стале, так ёй было зручней – але толькі тады, як не бачыла бабуля, бо тая не дазваляла выкарыстоўваць яго для чаго-небудзь, акрамя ежы. А ў самой Міраславы, па яе прызнанні, сіл на гэтую справу не хапала. «Льяняное адзенне ды посцілкі, калі іх пасля мыцця проста высушыць, калаватыя, а пройдзешся па іх валакам, то мякенькія становяцца, прытульныя», – успамінае дзяцінства Леанарда Якель.

Не без здзіўлення даведалася з допісу Таццяны Бразевіч, што з дапамогай валака не толькі прасавалі, але і мылі бялізну. Таццяне расказвала бабуля, якая ў маладосці жыла ў Шульніках, што добра адціснутыя посцілкі ды ручнікі намотвалі на качолку і качалі рубелем – ад гэтага яны станавілася не толькі мяккімі, але і бялюткімі. 

Ручны прас выкарыстоўвалі ў нашай мясцовасці ажно да 70-х, а то і 80-х гадоў. Пётр Станкевіч успамінае: калі мянялі слупы, то вёска на некалькі дзён засталася без электрычнасці і маці, каб выправіць дзяцей у школу акуратнымі, прасавала ім адзенне менавіта так.

Але ёсць у гэтай дзедаўскай прылады і іншыя практычныя функцыі, пра якія ра­сказалі канкурсанты. Качолкай раскатвалі цеста і таўклі бульбу. А яшчэ, як жартам нагадалі Іаланта Валуевіч і Рэгіна Дрэма, валакам разгневаныя жонкі часам гналі дамоў праштрафіўшыхся мужоў. Генрых Лукашэвіч расказаў, як яго бацька рэзаў тытунь на гладкім баку рубеля. 


А яшчэ некаторыя канкурсанты – Наталля Шумарава, Наталля Бла­хіна, Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч – паведамілі, што рубель вы­ка­рыстоўваюць… у якасці музычнага інструмента: у Расіі да гэтага часу заста­ліся фальклорныя калектывы, дзе ўмельцы іграюць на ўдасканаленай мады­фікацыі гэтай дзедаўскай прылады. Міраслава Якіменка ўспомніла, што і сама ў дзяцінстве любiла даваць кан­цэрты не толькі сваім сяброўкам, але і лялькам ды авечкам – усім, хто пагаджаўся быць слу­хачом і гледачом будучай артысткі. І «акам­паніравала» сабе дзяўчынка на раб­рыстым рубелі, які выступаў у якасці то гармоніка, то гітары. Праўда, неўзабаве ба­буля «музычнае суправаджэнне» пры­пыніла, сказала: «Хочаш, дык спявай, а валак не чапай – ён для работы, а не для гуляў».

Многія канкурсанты дапоўнілі свае адказы фотаздымкамі, і не толькі «пазы­чанымі» ў інтэрнэце: Генрых Лука­шэвіч, Аляксанд­ра Працута, Ірына Яновіч знайшлі стара­даўнюю дзедаўскую прыладу ў сваіх хатніх музеях ці ў бабулі на гарышчы і зрабілі фота. 

Прыгадалі і прыказкі-прымаўкі – лепш за ўсё характарызуе сённяшнюю дзе­даўскую прыладу выказванне «Не мыццём, дык катаннем». А Аляксандра Пра­цута прывяла некалькі цытат з твораў, дзе рубель выкарыстоўваецца зусім не для жартаўлівых жончыных «паганялак», а для пабояў і нават калецтва – бр-р-р...

Словам, на гэты раз пастараліся ўсе! На 6 балаў журы ацаніла працу Таццяны Бразевіч і Аляксандры Працуты. Па 5 атрымліваюць дзве Наталлі – Блахіна і Шумарава. Па 4 балы паклалі ў сваю скарбонку Рэгіна Дрэма, Генрых Лукашэвіч, Міраслава Якіменка, Ірына Яновіч і Леанарда Якель; па 3 – Іаланта Валуевіч і Ларыса Гаваноўская; па 2 – Пётр Станкевіч, Наталля Барташ, Мацвей Сакалоўскі, Вікторыя Пляўга; па адным – Анастасія Свірка і Юлія Казляк. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Видео: Нина Рыбик